www.spadchina.by
Карта сайта Контакты
БУДЫНАК ЦАРКВЫ СВЯТОГА ДУХА

БУДЫНАК ЦАРКВЫ СВЯТОГА ДУХА

CHURCH OF THE HOLY SPIRT

              

 

Архітэктар Густаў Валерт.  Фасад царквы Святога Духа.

Графічная фіксацыя .1843 год.

 

        Мінскі Святадухаўскі манастыр базыльян быў заснаваны ў 1616 годзе на галоўнай плошчы горада ігуменам Менскага Ўзнясенскага манастыра Афанасіем Пакостам пры ўніяцкай царкве Святога Духа. Першая драўляная царква Святога Духа была пабудавана ў 1598 годзе побач з гарадской ратушай.  Манастырскі комплекс займаў вялікую тэрыторыю паміж сучаснымі плошчай Свабоды, вуліцамі Інтэрнацыянальнай і Энгельса.

Комплекс уключаў будынак царквы, жылы манастырскі корпус, а таксама шэраг гаспадарчых пабудоў. Тэрыторыя манастыра была абнесена мураванай сцяной.

 

 

Рэканструкцыя базільянскіх манастыроў на XVIII  ст.

Архітэктар Людміла Іванова  1970-я гады

 

         У XVII стагоддзі Менскі Святадухаўскі манастыр базыльян выкарыстоўваўся ў абарончых мэтах. Новая мураваная царква Святога Духа была закладзена каля 1636 года. Гэта быў бязвежавы ў адну наву храм у стылі рэнесансу з элементамі позняй готыкі,  накрыты высокім двухсхільным дахам. Сцены бакавых фасадаў царквы мелі вялікія стральчатыя вокны. Унутры нава была перакрыта крыжовымі скляпеннямі, якія апіраліся на масіўныя унутраныя контрфорсы. Царква і манастыр моцна пацярпелі і часткова былі разбураны падчас вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай 1654-1667 гадоў. Пасля вайны манастырскі комплекс быў адноўлены. У гэты час царква Святога Духа ўражвала сучаснікаў сваёй прыгажосцю. Напрыклад, расійскі дыпламат стольнік Пётр Талстой у 1697 годзе ў сваім дзённіку занатаваў: «У тым манастыры царква мураваная вялікая, у якой скляпенні вельмі прыгожыя, такіх прыгожых скляпенняў сустракаецца вельмі мала...».

         У XVIII стагоддзі комплекс базыльянскага манастыра быў значна рэканструяваны ў стылі барока. У першую чаргу быў перароблены галоўны фасад царквы. Менавіта тады інтэр'еры царквы былі ўпрыгожаны 5 драўлянымі і мураванымі разнымі алтарамі з жывапіснымі кампазіцыямі.

                             

Мінскі абраз Маці Божай, Мінская Адзігітрыя

Хрысціянскіх святыня  Беларусі.

Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа. Мінск

 

         У   галоўным алтары царквы Святога Духа знаходзіўся   цудатворны абраз Маці Божай Мінскай. З 1500 года абраз захоўваўся ў мінскай замкавай царкве Нараджэння Багародзіцы.  У 1616 годзе па распараджэнню ўніяцкага мітрапаліта І. Руцкага абраз пераносіцца ў храм Свята-Духаўскага  манастыра,  дзе больш за два стагоддзі ён знаходзіўся пад апекай базыльян. Пасля далучэння  Мінска да Расійскай імперыі (1793) і скасавання уніі (1839)  Свята-Духаўская царква пераўтворана  ў Петра-Паўлаўскі кафедральны сабор. У  1852 абраз быў аздоблены новай сярэбранай пазалочанай  рызай  з  каштоўнымі камянямі і кароткім гістарычным надпісам унізе,   над галовамі - каронай з брыльянтамі.   У скарбонку  каля  абраза людзі апускалі  ахвяраванні і пісьмы-падзякі за вылячэнне. У 1920-я г. каштоўная рыза з абраза канфіскавана, у 1936 сабор узарваны,  а сам  абраз перададзены ў музей.   На пачатку  Вялікай  Айчыннай  вайны абраз уратаваны вернікамі і ў 1941годзе быў унесены ў Кацярынінскую царкву на Нямізе. Пасля закрыцця царквы ў 1945 годзе  святыню перанеслі ў Свята-Духаўскі сабор, дзе ён і знаходзіцца ў ківоце ў паўночнай наве; карыстаецца вялікім шанаваннем.

        

         У 1779 годзе на хорах царквы былі ўсталяваны арганы, які выканаў майстар Людвіг Клімовіч. У другой палове XVIII  стагоддзя інтэр'еры царквы Святога Духа былі багата аздоблены. У працах прымалі ўдзел майстар Рыгор Сніджэцкі, а таксама Ян Будрэвіч, які перабудаваў галоўны алтар святыні на ўзор алтара ў царкве Барунскага базыльянскага манастыра.

 

                 

    Галоўны алтар Петра-Паўлаўскага касцёла ў Барунах.Сучасны выгляд

 

         Мураваны 3-павярховы прамавугольны ў плане манастырскі корпус быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі. Яго асноўныя памяшканні былі перакрыты крыжовымі скляпеннямі, а калідоры - цыліндрычнымі.

                                             

  Гіпатэтычная рэканструкцыя скляпенняў царквы. (2010 г.)

                          

 Абмеры галоўнага фасада царквы Св. Духа. (1843г)

                                                  

 

 

 

                                           

 

           Комплекс будынкаў былога Менскага манастыра базыльян моцна пацярпеў у час вялікага пажару  ў 1835 годзе, пасля якога былі цалкам перабудаваны ўсе былыя манастырскія будынкі, а таксама былая царква Святога Духа.

       Праект перабудовы былой царквы Святога Духа XVII стагоддзя ў праваслаўны Петрапаўлаўскі кафедральны сабор распрацаваў архітэктар Густаў Валерт. Не гледзячы на тое, што асноўныя канструктыўныя элементы першапачатковага будынка былі захаваны, новы сабор атрымаў характэрныя рысы псеўдарускай архітэктуры сярэдзіны XIX стагоддзя. Пры рэканструкцыі да галоўнага фасада была прыбудавана званіца, завершаная ўверсе дзвюма невялікімі вежамі. Частка скляпенняў была разабрана, а на гэтым месцы дабудаваны купал на чатырохгранным барабане. Цалкам былі зменены і інтэр'еры храма.

        

 

Архітэктар Густаў Валерт. Абмерная фіксацыя фасада будынка царквы. 1843 год.

 

         У  1895-1897 гадах Петрапаўлаўскі сабор быў перабудаваны яшчэ раз паводле праекта архітэктараў Я. Марозава і В. Струева.

        

 

 Петрапаўлаўскі кафедральны сабор  Фота канца ХІХ ст

 

        

 

Менск. Высокі Рынак . Фота 1915г

     

 

Фота 1970-х гадоў.

 
       

 

 Археалагічныя даследванні муроў старажытнай царквы.

 

         У 1936 годзе Мінскі Петрапаўлаўскі кафедральны праваслаўны сабор быў узарваны.

          У  2009-2011гадах былая царква Святога Духа адноўлена ў архітэктурных формах XVII-XVIII стагоддзяў.  Аўтар праекта архітэктар  С. Багласаў. Пры рэканструкцыі будынка царквы былі захаваны і  закансерваваны  аўтэнтычныя   фрагменты храма XVII стагоддзя,  выяўленыя  падчас  археалагічных даследаванняў.

        

 

 Сучасны выгляд адноўленага будынка царквы.