ДОМ МАСОНАЎ

ДОМ МАСОНАЎ

HOUSE OF MASONS

 

 

Паўднёва-усходні фасад дома (Галоўны фасад з вуліцы)

Графіка «Басталія» 2015 год

     

         Сучасны Музычны завулак, у якім змешчаны дом № 5, з'яўляецца адным з самых старажытных у Мінску. Трасіроўка яго пачала фарміравацца яшчэ ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях і канчаткова аформілася ў другой палове XVI-XVII стагоддзя. У XVIII - пачатку ХІХ стагоддзя ён меў назву Бернардзінскі завулак, а ў першай палове ХІХ стагоддзя ў гістарычных дакументах акрамя старой назвы сустракаюцца і іншыя - спачатку Семінарыйскі, а пазней - Петрапаўлаўскі завулак. У 80-х гадах ХІХ стагоддзя  завулак атрымаў назву Музыканскі.

        Да канца XVIII стагоддзя ўся забудова Бернардзінскага завулка была драўлянай. Першым мураваным будынкам тут стала афіцына доктара Ліаншона, пабудаваная ў канцы XVIII - пачатку ХІХ стагоддзя паводле праекта менскага губернскага архітэктара Фёдара (Тэадора) Крамера.         

        У пачатку ХІХ стагоддзя на супрацьлеглым баку завулка знаходзіўся зямельны пляц, які належаў двараніну Траяну Ключынскаму. Паводле яго заказу і быў распрацаваны праект на будаўніцтва новага мураванага дома на яго пляцы, які па некаторых звестках быў зацверджаны 15 чэрвеня 1810 года мінскімі гарадскімі і губернскімі ўладамі. Найбольш верагодным аўтарам праекта гэтага будынка з'яўляўся мінскі губернскі архітэктар Міхаіл Чахоўскі. Упершыню гэты будынак быў пазначаны на плане Мінска, датаваным 1817 годам. Ён меў арыгінальнае архітэктурнае рашэнне. Гэта быў мураваны прамавугольны ў плане трохпавярховы дом, накрыты вальмавым дахам. Яго першы, альбо высокі цокальны паверх быў перакрыты мураванымі скляпеннямі.

 

                        

        Размяшчэнне дома №5 па Музычнаму завулку на генплане. Фрагмент.

 

         Будынак меў сіметрычную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю. Амаль аднолькавыя па архітэктурнаму вырашэнню тры яго фасады - паўднёва-ўсходні, паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні -  былі вылучаны неглыбокімі рызалітамі, два з якіх былі завершаны трохвугольнымі франтонамі.

 

         У пачатку ХІХ стагоддзя дом Ключынскага, узведзены на ўзгорку, вылучаўся сярод невысокай жылой забудовы гэтага раёна і добра праглядаўся з розных кропак горада, адыгрываючы своеасаблівую ролю ў сілуэце гістарычнага цэнтра Мінска.

         

 

Чэслаў Манюшка. Відок Мінска ў бок Верхняга Рынку.

За плябанскімі млынамі падымаецца вуліца Валоцкая і ўвышыне Дамініканскі

кляштар. Правей бачна «Дом масонаў»

 

      На некаторых планах горада першай паловы ХІХ стагоддзя  камяніца Ключынскага была пазначана ў выглядзе крыжа, што дало падставу некаторым аўтарам сцвярджаць, быццам яе план нагадваў форму масонскага крыжа. Акрамя таго, сцвярджалася, што першапачаткова будынак будаваўся без вокнаў, а на іх месцы была зроблена зашклёная імітацыя. Існуе паданне, што гэты будынак першапачаткова належаў мінскай масонскай ложы «Чырвоная паходня», якая была заснавана ў Мінску ў 1816 і была забаронена ў 1822 годзе.

          Першыя звесткі пра гэта сустракаюцца ў краязнаўчай літаратуры па гісторыі Мінску пачатку ХХ стагоддзя, але дакладных дакументальных пацверджанняў гэтай гіпотэзы ў архіўных дакументах не выяўлена. Адзінае што вядома, дык тое, што зяць уладальніка будынка Траяна Ключынскага быў членам гэтай масонскай ложы. Акрамя таго, на супрацьлеглым баку Бернардзінскага завулка знаходзілася сядзіба Друцкіх-Любецкіх, якая з 1811 па 1818 гады належала вядомаму мінскаму грамадскаму і культурнаму дзеячу Яну Ходзьку, які таксама быў масонам і адыгрываў значную ролю ў дзейнасці мінскай масонскай ложы.

         У першай палове ХІХ стагоддзя ўладальнікі будынка значную частку яго памяшканняў здавалі пад жылыя кватэры.

         У гэтым будынку на другім паверсе некаторы час жыла сям'я Чэслава Манюшкі, бацькі будучага знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі. Чэслаў Манюшка ў сваіх успамінах адзначаў, што ў гэтым доме ён разам з сям'ёй пражыў 5 гадоў.

         

 

Чэслаў Манюшка. У менскай кватэры.1840 год

Эльжбэта Манюшка чытае ноты, якія атрымала з Вільні

            

 Выгляд на Плябанскія млыны з боку Дома масонаў.

Малюнак Чэслава Манюшкі.

 

         Пасля смерці Траяна Ключынскага дом разам з зямельным пляцам і гаспадарчымі пабудовамі перайшоў у спадчыну да яго дачкі Анастасіі з Ключынскіх па мужу Якубоўскай, якой у спадчыну дастаўся «мураваны трохпавярховы дом, са скляпамі, стайняй, вазоўняй, лядоўняй і пляцам, а таксама з агароджай... па Семінарыйскім завулку пад № 398 у першай частцы і квартале ў горадзе Менску».

         У 1835 годзе Анастасія Якубоўская прадала свой дом разам з пляцам Францу і яго жонцы Элеаноры Зімніцкім. Дом Зімніцкіх,  тады ўжо на Петрапаўлаўскім завулку, ў дакументах сярэдзіны ХІХ стагоддзя быў пазначаны як мураваны трохпавярховы жылы дом, альбо двухпавярховы на сутарэннях. Пасля смерці Франца Зімніцкага ў 70-х гадах ХІХ стагоддзя гэты будынак перайшоў у спадчыну да яго сына Канстанціна Зімніцкага, які валодаў ім да канца ХІХ стагоддзя.

           

Куток Верхняга горада. Выгляд на Дом масонаў. Фота сярэдзіны ХХ ст.

         У канцы ХІХ стагоддзя ўладальнікам будынка разам з зямельным пляцам стаў дваранін Вікенцій Нядведзкі, а ў пачатку ХХ  стагоддзя пасля яго смерці ўся маёмасць перайшла да яго ўдавы Марцелі Нядведзкай, якая валодала гэтым будынкам да 1920 года.

         У другой палове ХІХ -  пачатку ХХ стагоддзя вялікіх змен у архітэктуры былога дома Ключынскіх не адбылося. Як і раней усе памяшканні ў гэтым мураваным доме здаваліся пад жылыя кватэры.

     

Менск, Лавы (1913год)

 

             

 

 

           

 

Здымкі розных гадоў ХХ стагоддзя