www.spadchina.by
Карта сайта Контакты
ГАСЦІНЫ ДВОР (Паўночна-усходні фасад)

ГАСЦІНЫ ДВОР

GUEST HOUSE

 

 

Паўночна-усходні фасад Гасцінага двара.

Архітэктар Ф. Крамер. З "Атласа Минской губернии 1800 г."

Рэканструкцыя графікі "Басталія" 2016 г.

 

Комплекс  будынкаў Гасцінага  двара  ў Мінску  знаходзіўся ў  цэнтры галоўнай  рыначнай плошчы горада побач з ратушай. Упершыню аб неабходнасці  будаўніцтва   Гасцінага двара ў Мінску згадваецца ў пацвярджэнні прывілея на магдэбургскае права, датаваным 1569 годам.  У  гэтым дакуменце  быў дадзены  дазвол  «...мещаном Менским в  месте  тамошнем  Менском двор гостиный на местцу слушном для стоянья купцов збудовати».

Цяжка  меркаваць, якім  першапачаткова быў комплекс    Гасцінага двара: драўляным  альбо мураваным.  Падчас  археалагічных даследаванняў гэтага помніка  былі  выяўлены фрагменты мураваных  канструкцый  XVII стагоддзя.  Расійскі  дыпламат Пётр Талстой,  які пабываў у  Мінску ў 1697 годзе, у сваіх нататках адзначыў, што  «...в рядах, где торгуют, лавки каменные, и товаров есть немало».

                     

 

План галоўнай рыначнай плошчы Верхняга горада

(за №20 - план Гасцінага двара)З плана Менска 1797 года.

 

      

 

                   Фота 1915г. Выгляд плошчы перад Гасціным дваром

 

Cучасны  комплекс  Гасцінага  двара на   пачаў фарміравацца ў  XVIII стагоддзі і,  верагодна, уключыў у сябе частку больш ранніх пабудоў. Мяркуючы па планах горада канца XVIII ст, ён меў С-падобную канфігурацыю і ў яго  ўваходзілі 3 вялікія мураваныя будынкі. Паводле даследаванняў  помніка  найбольш раннім з'яўляўся  цэнтральны будынак - 2-х павярховая камяніца з  высокім  цокалем, якая  мела паўвальмавы дах, накрыты дахоўкай. Пазней да яе з абодвух бакоў былі   прыбудаваны  яшчэ  дзве  Г-падобныя ў плане камяніцы.

      

У   канцы XVIII стагоддзя  мінскім губернскім архітэктарам Фёдарам Крамерам быў распрацаваны праект   рэканструкцыі  комплексу  Гасцінага  двара, паводле  якога  планавалася  пабудаваць  новы вялікі П-падобны ў плане 2-павярховы корпус у стылі  класіцызму з боку бернардзінскіх кляштараў.  Праект гэтага  будынка быў змешчаны ў «Атласе Менскай губерні 1800 года».

 

    

 

Паўночна-усходні фасад Гасцінага двара.

Архітэктар Ф. Крамер. З "Атласа Минской губернии 1800 г."

 

Пляц пад новую будоўлю, які належаў гораду, быў падзелены на кавалкі, якія прадалі  розным уладальнікам. Умовы будаўніцтва былі даволі жорсткія: усе  працы  павінны былі  выконвацца  згодна з распрацаваным і зацверджаным праектам.

 

       

 

Сітуацыйны план кутка Верхняга рынку

На 1798 год быў запланаваны пачатак  будаўніцтва і  да  1801 года яно  павінна  быць скончана. Калі  хтосьці  з  новых уладальнікаў  не выканае  падпісаныя ў  кантракце ўмовы  «усе будаўнічыя матэрыялы альбо не скончаныя пабудовы  павінны былі цалкам перайсці ва ўласнасць гарадской думы альбо магістрата». У  выніку  гэтых прац  паводле праекта архітэктара  Крамера ў  цэнтры  плошчы  сфарміраваўся  цэлы квартал  гасцінага двара, які меў дзве праязныя  брамы з паўднёвага  і паўночнага  бакоў.

 

Канчаткова комплекс гасцінага двара ў Мінску  сфарміраваўся  ў першай  палове  ХІХ стагоддзя, калі з трох бакоў да яго была прыбудавана гандлёвая галерэя, а  таксама  пабудаваны шэраг камяніц у двары.  На  ніжніх паверхах будынкаў, што выходзілі на плошчу,  знаходзіліся розныя крамы,  а  на  верхніх - жылыя пакоі.

          

 

Фота пачатка ХХ ст. Выгляд плошчы перад Гасціным дваром

 

         Беларускі этнограф Павел Шпілеўскі так апісвае  Мінскі  Гасціны   двор ў  сярэдзіне ХІХ стагоддзя:  «Гостиный двор наполнен лучшими магазинами, лавками и погребами  христианских и еврейских купцов. В подвальном этаже устроены галантерейные, москотильные и особенно  фруктовые  лавки; перед фруктовыми в прямой линии  расставлены  квадратные зеленые столы, на которых во всякое время года, особенно летом и осенью, найдете лимоны, апельсины,  сливы и разных  сортов яблоки и груши. Во втором  этаже  помещаются  довольно  богатые магазины чайные, шелковые, суконные  и  вообще  с красным товаром; особенно замечательны: чайный  русского купца Ракова, шелковые и суконные евреев Гурвича, Лурия и Шайкевича и галантерейный Дельпеша. В третьем эта     же помещаются жилые комнаты».  Дарэчы, паводле архіўных крыніц ў гэты час мінскі гарадскі галава Леапольд Дельпеш утрымліваў у Менску знакаміты магазін адзення парыжскай моды.

                             

 

П.М.Шпілеўскі (1823-1861)беларускі этнограф, публіцыст,

літаратурна-мастацкі крытык

 

 

У   сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў  сучасным доме №2 насупраць ратушы   знаходзілася кнігарня братоў Бейліных.  У гэтыя  часы ў Мінску  была толькі  адна  вялікая кнігарня. Увесь першы паверх камяніцы займалі кнігарня і кніжны склад. У 1855 годзе яе ўладальнікі выдалі кнігу  Вінцэнта  Дуніна-Марцінкевіча  «Гапон».

 

                      

 

Вокладка кніжкі «Гапон».

выдадзенай у кнігарні братоў Бейліных.Мінск 1855 год

 

Побач з кнігарняй у гэтым будынку,  праз уваходную арку, месцілася  кавярня  - у  Марцінкевічаву пару яе называлі «цукерня». Тут  збіраліся  паэты,  мастакі, акцёры, музыкі. Як сведчаць дакументы, у «цукерні»  заўсёды  было весела і  шумна, вяліся сяброўскія гаворкі, нязмушана гучаў смех...  Менавіта тут збіраліся будучыя ўдзельнікі паўстання 1863 года. На другім  паверсе  знаходзілася заля, дзе ладзіліся розныя вечарыны і балі.

 

          

 

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай

у групе менскай інтэллігенцыі.

Фота А.Прушынскага 1860 год.

 

Пасля 1920 года ў будынках Гасцінага двара размяшчаліся  розныя   адміністратыўныя  ўстановы, у тым ліку Мінскі гарадскі выканкам Савета рабочых і сялянскіх дэпутатаў (1923-1933), у 1930-х гадах - Дом селяніна.        

Новае  выкарыстанне  будынкаў прывяло да таго, што у1920-х гадах была  разабрана гандлёвая галерэя, а ў 1930-я гады значна рэканструявана  частка  Гасцінага  двара, пабудаваная паводле праекта Крамера ў канцы XVIII-пачатку XIX стагоддзя.

 

 

 

 

Фота ўсходняй часткі Гасцінага двара. Сярэдзіна ХХ ст.

 

У1940-1980-х гадах у будынках Гасцінага двара размяшчаліся розныя дзяржаўныя і грамадскія ўстановы.