www.spadchina.by
Карта сайта Контакты
ГАСЦІНЫ ДВОР (Заходні фасад)

ГАСЦІНЫ  ДВОР

GUEST HOUSE 

Заходні фасад Гасціннага двара.

Сучасны  комплекс  Гасцінага  двара на   пачаўфарміравацца ў  XVIII стагоддзі і,  верагодна, уключыў у сябе частку больш ранніх пабудоў. Мяркуючы па планах горада канца XVIII ст, ён меў С-падобную канфігурацыю і ў яго  ўваходзілі 3 вялікія мураваныя будынкі. Паводле даследаванняў  помніка  найбольш раннім з'яўляўся  цэнтральны будынак - 2-х павярховая камяніца з  высокім  цокалем, якая  мела паўвальмавы дах, накрыты дахоўкай. Пазней да яе з абодвух бакоў былі   прыбудаваны  яшчэ  дзве  Г-падобныя ў плане камяніцы.

 

У  канцы XVIII стагоддзя  мінскім губернскім архітэктарам Фёдарам Крамерам быў распрацаваны праект   рэканструкцыі  комплексу  Гасцінага  двара, паводле  якога  планавалася  пабудаваць  новы вялікі П-падобны ў плане 2-павярховы корпус у стылі  класіцызму з боку бернардзінскіх кляштараў.  Праект гэтага  будынка быў змешчаны ў «Атласе Менскай губерні 1800 года».

          

 

План галоўнай рыначнай плошчы Верхняга горада

(за №20 - план Гасцінага двара) З плана Менска 1797 года.

 

 

Канчаткова комплекс Гасцінага двара ў Мінску сфарміраваўся ў першай палове ХІХ ст, калі з трох бакоў да яго  была  прыбудавана гандлёвая галерэя, а таксама  пабудаваны шэраг камяніц у двары.  На ніжніх паверхах будынкаў, што выходзілі на плошчу, знаходзіліся розныя крамы, а на верхніх - жылыя пакоі.

 

Заходняя частка Саборнай плошчы ў ХІХ ст.

Справа бачны будынак Гасцінага двара да перабудовы

 

 У другой палове ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя, не гледзячы на шматлікія  рамонтныя  работы, комплекс Гасцінага двара амаль цалкам захаваў архітэктурнае рашэнне XVIII - першай  паловы XIX стагоддзя. 

 

 

Самая буйная рэканструкцыя адбылася ў пачатку ХХ стагоддзя, калі Максім Айзенштадт - ўладальнік дзвюх самых вялікіх камяніц XVII стагоддзя і  часткі  будынка,  ўзведзенага паводле праекта архітэктара  Крамера,  выканаў  грунтоўную перабудову, якая  цалкам змяніла архітэктурны стыль комплексу былога   Гасцінага двара.  У  выніку  гэтых  прац на плошчы  з’явілася фактычна новае збудаванне ў стылі мадэрн. Усе працы па яго рэканструкцыі былі скончаны ў 1909 годзе.

 

1865 год  Выгляд да перабудовы пад мадэрн.

 

 

Менск, Высокі Рынак (1910)

У сярэдзіне XIX стагоддзя ў адным з будынкаў  Гасцінага двара з'явілася адна з самых прыкметных  устаноў  тагачаснага   Мінска - кавярня пад назвай  «Цукерня пана Эйсьнера»,  якая  лічылася  адной з лепшых гарадскіх  більярдных і  буйной  бібліятэкай  мясцовых і  замежных  газет. Тут, як правіла, збіраліся  прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі - паэты, пісьменнікі, музыканты,  мастакі і  акцёры. Менавіта тут збіраліся будучыя ўдзельнікі паўстання 1863года. На  другім  паверсе  знаходзілася  заля, дзе ладзіліся розныя вечарыны і балі.  Сама ж «Цукерня пана Эйсьнера»  была  любімым месцам  адпачынку драматурга  Вінцэнта  Дуніна-Марцінкевіча. У суседнім доме знаходзілася кнігарня братоў Бейлиных,  былых адначасова і выдаўцамі яго твораў.

 

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай у групе інтэлігенцыі Менска. 1860год. Фота  А.Прушынскага

 

 

Пасля  рэканструкцыі  ў  будынку  Айзенштадта  на  першым  паверсе знаходзіліся адны з самых лепшых мінскіх крам, а верхнія паверхі займала мінскае  аддзяленне  Азова-Данскога  камерцыйнага банка. У паўночна-заходняй  частцы будынка  знаходзіўся мінскі купецкі клуб з вялікай двухсвятловай заляй.

           

 

Менск, Высокі Рынак (1911)

 

У  1914 годзе ў зале купецкага клуба выступаў Уладзімір Маякоўскі.

       

         У   гады Першай сусветнай вайны памяшканні клуба былі прыстасаваны пад вайсковы шпіталь, а ў зале адбываліся спектаклі  камернага Інтымнага тэатра Еўсцігнея Міровіча

          

 

Еўсцігней Міровіч  (1878-1952)  - беларускі рэжысер, педагог, адзін з

заснавальнікаў  беларускага  тэатральнага  мастацтва. У  1919  годзе  з

трупай петраградскага Камернага інтымнага тэатра прыехаў  ў Мінск. 

"Інтымны" - азначае асабіста патаемны, шчыры.

 

Газета з аб’явай аб пастаноўках рэжысёра Міровіча

 

Будынак былога Гасцінага двара ў Мінску звязаны з рэвалюцыйнымі падзеямі 1917 года. Лічыцца, што менавіта тут 25 кастрычніка 1917 года было абвешчана аб усталяванні савецкай улады ў Мінску.

 

 

1917 год у Менску.

 

Пасля 1920 года ў будынках былога Гасцінага двара размяшчаліся розныя адміністрацыйныя ўстановы, у тым ліку  Мінскі  гарадскі  выканкам Савета рабочых і сялянскіх дэпутатаў (1923-1933), у 1930-х гадах - Дом селяніна.  Новае функцыянальнае выкарыстанне будынкаў прывяло да таго,  што ў 1920-х гадах была разабрана  гандлёвая галерэя, а  ў 1930-е гады  была  значна рэканструявана частка Гасцінага двара, пабудаваная паводле праекта архітэктара Крамера ў канцы XVIII - пачатку XIX  стагоддзяў.

                         

 

Мемарыяльная дошка ўсталяваная ў памяць аб Фрыцу Шменкелю

 

 

У гады Другой сусветнай вайны тут знаходзіліся розныя карныя органы  нямецкіх акупацыйных улад. 15 лютага 1944 года ў засценках гітлераўскай контрразведкі, якая была размешчана ў гэтым будынку, быў пакараны смерцю антыфашыст Фрыц Шменкель.

 

 

 

Пасля вызвалення Мінска ў гэтым будынку размяшчаўся Народны камісарыят дзяржаўнай бяспекі БССР і клуб імя Ф. Дзяржынскага. 3 студзеня 1946 года ў клубе імя Дзяржынскага здарылася адна з  самых страшэнных трагедый  у гісторыі пасляваеннага  Мінска: падчас  навагодняга балю ўзнік пажар, ахвярамі якога сталі сабраныя тут лепшыя прадстаўнікі гарадской моладзі (усяго было запрошана болей  500 чалавек, дакладная  колькасць загінуўшых невядома).

       

Пасля аднаўлення ў будынках былога Гасцінага двара знаходзіліся розныя дзяржаўныя і грамадскія ўстановы.

          

     

 

Фота 1919 года

       

 

Фота 1932 года