ЗАБУДОВА КВАРТАЛА ВУЛІЦЫ ГЕРЦЭНА І МУЗЫЧНАГА ЗАВУЛКА

ЗАБУДОВА КВАРТАЛА

ВУЛІЦЫ ГЕРЦЭНА І МУЗЫЧНАГА ЗАВУЛКА

VULICA HIERCENA AND MUZYČNY ZAVULAK HISTORIKAL BUILDINGS

 


Фасад дома №2 па вуліцы Герцэна (Мала-Манастырская)

 і фасад Дома масонаў у Музычным завулку.

Графіка "Басталія" 2015 год    

       

         Трасіроўка сучаснай вуліцы Герцэна канчаткова  сфарміравалася ў  XVI  стагоддзі.  У  канцы XVI- пачатку XVIІ стагоддзяў яна пачыналася ад плошчы Новага Рынку (плошча Свабоды), потым  перасякала вуліцу Зыбіцкую і даходзіла да Лаўскага маста, які  злучаў Верхні горад з Траецкай гарой.

 

Фрагмент карты горада Мінска 1790 г.


Мастацкае пано "Карта горада Мінска 1797 год". Зграфіта.

 Мастак Ул. Ракіцкі 2013 год


Фрагмент

 

Фрагмент карты Мінска ХІХ ст

 

У  XVIІ стагоддзі яна атрымала назву Бернардзінскай, таму што праходзіла побач з кляштарам бернардзінцаў, заснаваным ў 1624 годзе. Комплекс кляштара бернардзінцаў сфарміраваўся ў XVII-XVIII стагоддзях.  

 

План кляштара бернардзінцаў

 

Першапачаткова з боку Бернардзінскай вуліцы тэрыторыя кляштара  была  абмежавана  высокай  мураванай сцяной, якая праходзіла ад Рыначнай плошчы да перакрыжавання з  Зыбіцкай  вуліцай. Толькі ў тым  месцы, дзе сцяна падыходзіла да гандлёвых радоў, існавала вялікая мураваная брама з драўлянымі варотамі. У канцы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя, калі большая частка тэрыторыі былога кляштара выкарыстоўвалася пад пажарнае дэпо,  частка старажытнай мураванай сцяны кляштара была разабрана,  а на яе месцы  ўзведзены мураваны аднапавярховы жылы дом і некалькі гаспадарчых пабудоў.

 

 

 

 

 

 

Манастырскія муры на вуліцы Герцэна. Фота другая палова ХХ ст

 

Захаваная ўсходняя частка Гандлёвых радоў. Фота сярэдзіны ХХ ст.

        

У  пісьмовых крыніцах захаваліся звесткі аб тым, што ў  XVIІ-XVIІІ стагоддзях вуліца Бернардзінская была забрукавана, і яе старажытны брук  захаваўся да 2-й паловы   ХХ стагоддзя.  Пасля 1865 года  гэта вуліца  атрымала назву  Малая Манастырская, а ў дакументах канца ХІХ- пачатку ХХ ст.  яна згадваецца як Мала-Манастырскі завулак.

 

 Вуліца Герцэна (Мала-Манастырскі завулак). Фота другой паловы ХХ ст.

        

          Першыя звесткі аб існаванні мураванай забудовы на паўднёва-ўсходнім баку вуліцы Бернардзінскай сустракаюцца ў архіўных дакументах, пачынаючы з XVIII стагоддзя.

          Cучасны дом № 2 па вуліцы Герцэна быў пабудаваны ў другой  палове XVIІІ - пачатку ХІХ ст.  Ён быў пазначаны на найбольш ранніх вядомых планах Мінска, пачынаючы   з 1800 года.  Магчыма, пры яго будаўніцтве былі выкарыстаны канструкцыі больш старажытнага мураванага будынка. Галоўны мураваны 2-х павярховы Г-падобны ў плане будынак знаходзіўся  на рагу  Бернардзінскай вуліцы і Бернардзінскага завулка (сучасная назва Музычны завулак).

 

 Фрагмент гарадскога плана. ХІХ ст.

 

 
Фасад і планы паверхаў дома 2. Архіўны матэрыял

 

У цэнтры  галоўнага фасада з боку Бернардзінскай вуліцы знаходзілася праязная брама, перакрытая крыжовымі скляпеннямі. Першапачаткова на другім паверсе была вялікая парадная зала, упрыгожаная манументальнымі роспісамі.  

      З боку Бернардзінскага завулка да будынка прылягалі драўляныя гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку стайні і хлявы.

 

 

 Дом Шадхана. Фота пачатка 1960 гадоў

 

 

Фрагменты роспісу выяўленыя рэстаўратарамі "Басталія" ў 1997 годзе ў інтэр'еры будынка

 

У   сярэдзіне  ХІХ ст  ўладальнікам  сучаснага дома № 2  быў  тытулярны саветнік Уладзіслаў Арцімовіч.  У 1864 годзе  Арцімовічы  прадалі  ўсю сваю нерухомую маёмасць разам з зямельным пляцам купцу Зельману Лур'е, які валодаў гэтым пляцам з забудовай да канца ХІХ стагоддзя.

 

З  1922 па 1935 гады ў доме №2 жыў сцэнограф, народны мастак Беларусі Аскар Пятровіч Марыкс.

 

 

 

 

Групавы партрэт дзеячоў беларускага тэатра Г.П.Глебава, А.П. Марыкса і Ул. І. Уладамірскага.1959г. Мастак В. Волкаў

 

         У   пачатку  ХХ стагоддзя  ўладальнікам гэтых будынкаў стаў купец 2-й гільдыі Міхель Шатхан.

         Адначасова купец Шатхан набыў і суседні невялікі пляц з  усімі пабудовамі, які ў сярэдзіне XIX стагоддзя належаў дваранцы Адэлаідзе Шаблоўскай. Яна мела невялікі аднапавярховы драўляны дом, які выходзіў на вуліцу Бернардзінскую.

         У архіўных дакументах гэты будынак згадваецца як вельмі стары. Акрамя таго, на тэрыторыі пляца знаходзіўся 2-павярховы мураваны жылы дом з гаспадарчымі памяшканнямі на першым паверсе. Адным са сваіх фасадаў дом выходзіў на Бернардзінскі завулак. Гэты мураваны будынак быў пазначаны на шэрагу планаў Мiнска пачатку XIX стагоддзя. У 1880-х гадах уладальнікам гэтага пляца стаў Аляксандр Смольскі, які валодаў ім да канца XIX стагоддзя. У пачатку XX стагоддзя нашчадкі Аляксандра Смольскага прадалі свой зямельны пляц разам з забудовай, у тым ліку са старым драўляным домам, які выходзіў на Малую Манастырскую вуліцу, а таксама двума мураванымі флігелямі купцу Міхелю Шатхану.

На месцы невялікага аднапавярховага драўлянага дома Шаблоўскай Шатхан пабудаваў вялікі 3-х павярховы мураваны будынак, галоўны фасад  якога быў не атынкаваны і  выкананы з  чырвонай цэглы. Пасля гэтага на месцы  драўляных  гаспадарчых пабудоў па Музыканскаму завулку (былы Бернардзінскі)  быў узведзены 2-павярховы мураваны корпус.

 

Дом Шатхана

 

Такім чынам,Шатхан аб'яднаў два вялікіх  зямельных  пляца, планіровачная структура якіх  сфарміравалася яшчэ ў канцы XVI - першай палове XVIІ стагоддзяў.

У новым 3-х павярховым будынку з боку Малой Манастырскай  вуліцы  было  змешчана 3-е Мінскае  гарадское  жаночае 4-х класнае вучылішча. Астатнія будынкі выкарыстоўваліся пад жыллё. Акрамя таго, у іншых будынках Шатхана знаходзіліся бакалейная лаўка,  пральня, сталярныя майстэрні, склад гатовай мэблі, якая была выраблена на продаж.

 

Вуліца Герцэна Дом2. Дом Шадхана. Фота канца ХХ ст.

        

Сучасны  дом № 4  пабудаваны ў  другой палове XVIІІ стагоддзя. Ён быў пазначаны на шматлікіх планах Мінска з пачатку ХІХ стагоддзя.   Гэта  была 2-х павярховая камяніца,  накрытая  двухсхільным дахам, тарцы якога прыкрывалі 3-х вугольныя  франтоны, выкананыя ў тэхніцы «прускага мура».  Першы  паверх   быў  не атынкаваны і  выкананы з вялікіх камянёў у тэхніцы разынкавай муроўкі. У двары  знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку аднапавярховая мураваная афіцына. Пачынаючы з сярэдзіны ХІХ ст, ўладальнікам гэтага будынка была   мяшчанка Хана  Эцінген, якой належалі «мураваны 2-павярховы дом з хлявамі і зямлёй». Збудаванні належалі ёй да канца ХІХ стагоддзя.

 

 

 План і фасад дома мяшчанкі Эцінген

 

У 1904 годзе мураваны будынак разам з гаспадарчымі пабудовамі і зямельным пляцам набыў аўстрыйскі падданы Ківа Рапапорт. У гэты час асноўныя памяшканні будынкаў працягвалі выкарыстоўвацца пад жыллё. На першым паверсе мураванага дома, які выходзіў на Малую Манастырскую вуліцу, знаходзілася кравецкая майстэрня.

 

 

Дом 4. Дом мяшчанкі Эцінген

 

          Сучасны дом № 6 быў узведзены ў першай палове ХІХ стагоддзя. Цокальны  паверх  гэтага будынка быў мураваным, а верхні паверх - драўляным. Яго уладальніцай да канца ХІХ стагоддзя  была таксама згаданая вышэй  мяшчанка Эцінген.  Ёй належалі «драўляны дом на мураваным  сутарэнні  разам  з дзвюма афіцынамі».  У 1901г.. гэты  дом  таксама  набыў аўстрыйскі падданы Ківа Рапапорт.  А ў 1909 годзе  яго выкупіў мешчанін Айзік Вігдорчык.Тады фасады жылога дома  першай паловы  ХІХ ст. былі аздоблены разным драўляным дэкорам з элементамі стылю мадэрн. На першым паверсе будынка знаходзілася невялікая пякарня, а таксама лаўка, дзе прадавалі свежы хлеб.

 

 

Дом 6. Дом Рапапорта 

Сучасныя  дамы № 8 і 10 уяўлялі адзіны архітэктурны комплекс.  Яны былі ўзведзены ў другой палове XVIІІ стагоддзя і  былі  пазначаны на планах Мінска пачатку ХІХ стагоддзя. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ўладальнікам гэтых будынкаў з'яўляўся дваранін Аляксандр Фогт, якому належалі «мураваны 2-павярховы дом разам з мураванай афіцынай з службамі і вялікім дваром».  З 1878 года  гэтую нерухомую маёмасць атрымала ў спадчыну дваранка Соф'я Барычыўская. Яе муж Іван Барычэўскі з'яўляўся адным з самых вядомых мінскіх натарыусаў. Ён займаў пост мінскага публічнага натарыуса Мінскага акруговага суда з 1885 па 1919 гады. Яго натарыяльная кантора знаходзілася ў доме, які належаў яго жонцы.

 

 

 

 Дом 8. Фасад і план

 

          У 1895 годзе Мінская гарадская ўправа заключыла дагавор з Соф'яй Барычэўскай аб размяшчэнні ў яе доме Мінскага гарадскога паліцэйскага ўпраўлення. У двухпавярховым будынку і аднапавярховай мураванай афіцыне акрамя паліцэйскага ўпраўлення знаходзіліся арыштанцкія камеры і цэйхгауз. Мінская паліцыя арандавала будынкі Барычэўскай да 1903 года. Пасля скасавання дамовы аб арэндзе  і да 1920 года ўсе памяшканні  ў будынках, якія належылі Барычэўскім, выкарыстоўваліся пад натарыяльную кантору і жыллё.

             Сучасны дом № 12 быў  узведзены на рагу Мала-Манастырскага     завулка  (былая Бернардзінская вуліца) і  Гандлёвай вуліцы  (былая Зыбіцкая) у 1888 г. На яго месцы ў ХІХ стагоддзі знаходзіўся драўляны дом з афіцынай і лаўкамі, які належыў мінскім мяшчанам Марголіным. У 1889 годзе  іх маёмасць перайшла да мешчаніна Аўсея Мецера. Менавіта ён на месцы старых  драўляных  збудаванняў пабудаваў аднапавярховы  мураваны  дом  з мезанінам, лаўкамі і іншымі  гаспадарчымі  пабудовамі.  Паміж 1888 і 1895 гадамі над  часткай  аднапавярховага мураванага будынка з боку вуліцы Гандлёвай быў надбудаваны другі паверх.  У будынках  Мецера  ў пачатку ХХ стагоддзі размяшчаліся  піўная  лаўка, памяшканне для якой здымаў мінскі піваварны завод братоў Лекертаў. Акрамя таго, тут знаходзіліся тытунёвая лаўка, цырульня, пераплётная майстэрня, а таксама крама мадысткі Шуб, якая гандлявала моднымі капелюшамі. 

 

 

Квартал кляштара бернардзінцаў. Фота сярэдзіны ХХ ст.

 

Мастацкае аздабленне вокнаў дома на вуліцы Герцэна. Графічная рэканструкцыя культуры гарадскога жыцця ХІХ-ХХ стагоддзяў. "Вуліца Бернардзінская". Выканаўца ТДА "Басталія" 2013 год.

 

 

Зімовыя святы. Калядкі

Свята Кастрычніка Маладая Беларусь

Дыспут. На ціхай вуліцы.

 

Вясёлае свята Ханука

 

 

Ранак на вуліцы Бернардынскай