Назад
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ БУДЫНКІ №5-7

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ

БУДЫНКІ №5-7

 

Графічная рэканструкцыя фасадаў на ХІХ стагоддзе

 

Пад сучаснымі дамамі №5-7 па вуліцы Інтэрнацыянальнай пазначаны тры гістарычныя будынкі, узведзеныя ў другой палове XIX стагоддзя пасля пажару 1881 года.

Выгляд Мінска пасля пажару 1881 года.

 

Двухпавярховы будынак, змешчаны бліжэй да сучаснай вуліцы Камсамольскай, у другой палове XIX — пачатку XX стагоддзяў належаў купцу М. Поляку. У пачатку XX стагоддзя на першым паверсе гэтага дома, а таксама ў падвальных памяшканнях знаходзіліся пякарня і склад абутку. Астатнія памяшканні выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры. Асобны флігель на тэрыторыі двара займала яўрэйская малітоўная школа. Уладальнікам суседняга двухпавярховага дома быў мінскі мешчанін С. Лур’е. Гэты дом цалкам выкарыстоўваўся пад жыллё.

Сіметрычныя па кампазіцыі галоўныя фасады абодвух будынкаў былі выкананы ў стылі эклектыкі. Яны былі падзелены на ярусы прафіляванымі цягамі і багата насычаны архітэктурным дэкорам. Аконныя праёмы мелі прафіляваныя ліштвы і сандрыкі. Пілястры былі завершаны капітэлямі іанічнага ордэра. На другім паверсе знаходзіліся балконы з дэкаратыўнымі металічнымі кратамі.

На месцы яшчэ аднаго сучаснага двухпавярховага будынка ў другой палове XIX — пачатку XX стагоддзяў існавалі два невялікіх аднапавярховых дома, якія мелі розных уладальнікаў. Пабач з двухпавярховым мураваным будынкам знаходзіўся дом з мезанінам, які належаў мешчаніну М. Футарфаксу. Пабач з гэтым домам мінскі мешчанін Ура Бумар у 1885—1886 гадах пабудаваў яшчэ адзін аднапавярховы мураваны дом з боку вуліцы Праабражэнскай. У яго доме знаходзілася кравецкая крама, дзве бакалейныя лаўкі, а таксама кватэра гаспадара.

Фрагмент плана Мінска 1910 года.

 

Пасля 1920 года ўсе будынкі былі нацыяналізаваны і выкарыстоўваліся пад камунальныя кватэры. У гэты ж час два аднапавярховыя будынкі былі рэканструяваны і аб’яднаны ў адзіны двухпавярховы жылы дом, які меў сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад.

Выгляд ў бок Пішчалаўскай турмы. У правым бакуздымка бачны дамы №5-7.

Фотаздымак 1943 года.

 

У гады Другой сусветнай вайны згаданыя вышэй будынкі не пацярпелі і да канца XX стагоддзя выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры.

Фотаздымак другой паловы  ХХ стагоддзя

 

Вуліца Інтэрнацыянальная. Здымак 1970-х гадоў

 

Сучасны выгляд. Фота 2017 года