ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ
БУДЫНАК №15 ДОМ МАЧЫЗА
HISTORICAL BUILDINGS OF THE 19TH CENTURY MAČYZ’S HOUSE
Рафічная рэканструкцыя фасада дома на ХІХ стагоддзе
У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная забудова, якая была знішчана падчас вялікага пажару 1881 года.
Выгляд Мінска пасля пажару 1881 года
Выгляд на Катэдру з боку перакрыжавання вуліц Зборавай (Інтэрнацыянальная) і Феліцыянаўская (Камсамольская). Матэрыял з часопіса “Tygodnik Powszechny”. 1881.
Пасля пажару гэты пляц перайшоў ва ўласнасць да мінскага мешчаніна Гірша Мачыза. У канцы XIX стагоддзя на месцы страчанай забудовы ён вырашыў пабудаваць новы мураваны дом. Гэта быў двухпавярховы будынак з мансардай, накрыты высокім двухсхільным дахам. Фасады дома былі вырашаны стрымана. Галоўны фасад, які выходзіў на вуліцу Багадзельную, быў падзелены на два ярусы цягай. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных аконных і дзвярных праёмаў. Збоку двара на другі паверх і мансарду можна было трапіць па знешняй металічнай лесвіцы.
Паводле інвентарызацыі 1910 года на першым паверсе будынка знаходзілася каўбасная лаўка і крама капелюшоў. На другім паверсе размяшчалася швейная майстэрня, астатнія памяшканні выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры.
Пасля 1920 года былы дом Мачыза нацыяналізаваны. На першым паверсе засталіся гандлёвыя прадпрыемствы, а астатнія памяшканні перароблены пад камунальныя кватэры.
У гады Другой сусветнай вайны былы дом Мачыза не пацярпеў.
Вонкавая лесвіца. Фота канец ХХст.
У канцы XX стагоддзя на першым і другім паверхах была змешчана ювелірная крама і крама швейцарскіх гадзіннікаў. На галоўным фасадзе выканана імітацыя фахверкавых канструкцый. На мансардавым паверсе знаходзіліся майстэрні мастакоў.
Фотаздымак зроблены пад час рамонтных работ.
Фасад аздоблены фахверкавай размалёўкай.
Сучасны выгляд фасада з боку вуліцы Камсамольскай.
У выніку рэстаўрацыі, якая была скончана ў 2008 годзе, адноўлены першапачатковы архітэктурны выгляд фасадаў будынка.
Пад час рамонтных прац былі выяўлены фрагменты роспісаў у інтэр’еры памяшканняў другога паверха. Даследванні і кансервацыю захаваных фрагментаў роспісаў праводзілі супрацоўнікі ТДА “Басталія”. Навуковы кіраўнік мастак-рэстаўратар М. Залатуха.
Рэстаўрацыя і кансервацыя роспісаў
Двухпавярховы дом № 15 па вул. Камсамольскай быў пабудаваны ў канцы ХІХ ст. З’яўляецца помнікам архітэктуры эклектызму з выкарыстаннем элементаў стыляў класіцызму і ампір. На момант даследванняў будынак знаходзіўся ў стадыі частковай рэканструкцыі. На другім паверсе захаваліся тры сцяны аўтэнтычнай мураванай кладкі. У працэсе рамонтных прац былі выяўлены фрагменты роспісаў на сценах памяшкання ў другім паверсе. У прыватнасці – пад вокнамі захаванай сцяны, якая выходзіць на вул. Камсамольскую выявіліся фрагменты алейнага роспісу. Асобныя фрагменты самараскрыцця назіраюцца па ўсёй сцяне. Роспіс уяўляе сабой імітацыю мармуровай мазаікі з выявамі архітэктурных элементаў (пілястры, базы, гзымсы, рамы...). Паверхня роспіса пакрыты лакам альбо пакостам.
На супрацьлеглай сцяне пры дэмантажы печкі выявіўся фрагмент размалёўкі сцяны, які быў закрыты прыбудаванай печкай. Роспіс уяўляе сабой імітацыю спалучэння драўлянага і мармуровага аздаблення інтэр’ера. Большасць плошчы паверхні захаваных сценаў знаходзіліся пад шматслойным пакрыццём алейнай і клея-мелавой фарбы. Частка паверхні сценаў была заклеена шпалерамі.
У асобных мейсцах бачна, што фарба нанесена непасрэдна на загрунтаваны аўтэнтычны тынк і гэта дае магчымасць сцвярджаць, што роспіс з’явіўся ў ХІХ ст пры будаўніцтве дома.
За час існавання дома мяняліся гаспадары, мяняўся характар карыстання домам. Значныя пераробкі праводзіліся ў нутраных пакоях, таму цалкам роспісы не захаваліся.
Столя не захавалася, таму сведчыць аб наяўнасці роспісаў на столі мы ўжо не маем магчымасці. Якіх-небудзь архіўных запісаў па гэтаму пытанню не знойдзена.
На падставе ліста-заказа КУП “Мінская спадчына” №04/1967 ад 16 чэрвеня 2008 года супрацоўнікамі ТДА “Басталія” былі праведзены даследванні, кансервацыя і рэканструкцыя страчаных фрагментаў роспісаў на заходняй, паўднёвай і паўночнай сценах у залях якія выходзяць вокнамі на вуліцу Камсамольскую.
На усходняй сцяне захаваўся роспіс толькі дзякуючы таму, што ў свой час да сцяны прымыкаўся камін. Пасля яго дэмантажу і выявіліся роспісы. Трэба дадаць, што камін з’явіўся пазней чым роспісы. Астатні роспіс на сценах страчаны, сцены ператынкаваны і неаднаразова зафарбоўваліся. Рэшткі роспісаў на выдаленай паверхні захаваліся ў выглядзе невялічкіх крупічак (1-2 см).
Рэканструкцыю страчанага роспіса на дадзеным фрагменце праводзіць немагчыма. У дадзены момант з массы аўтэнтычнай сцяны на якой знаходзіцца роспіс ідзе працэс выхада вільгаці. Толькі пасля поўнай прасушкі сцяны і спынення выхада вільгаці магчымая рэканструкцыя страчаных фрагментаў роспісаў.
Частка роспісу захавалася на прасценках заходняй сцяны і невялікія фрагменты на паўднёвай. На паўночнай сцяне у заходняй частцы, выяўлены фрагменты больш позніх размалёвак (ХХ ст) . Ва ўсходняй часткі сцяны “С” выяўлены дробныя рэшткі архітэктурнага роспіса і след ад лесвіцы на мансарду.
У гэтай частцы памяшканняў былі праведзены неабходныя рэстаўрацыйна-кансервацыйныя мерапрыемствы – раскрыццё, графічная фіксацыя, лакальная рэканструкцыя.
Цалкам аднаўленне роспісаў у памяшканнях не прадугледжана праектам. Згодна праекта-прыстасавання дома-сядзібы пад гандлёвыя памяшканні нутраная прастора дома цалкам перапланіроўваецца.
Фрагменты выяўленых роспісаў
Выгляд пад час правядзення кансервацыйных прац.
Графічная фіксацыя выяўленых роспісаў
Фрагмент роспіса пасля праведзеных кансервацыйных работ.
Фрагмент роспіса пасля праведзеных кансервацыйных работ.