БУДЫНАК КАЛЕГІУМА (МІНСКАЯ КАЗЁННАЯ ПАЛАТА)
Назад
БУДЫНАК КАЛЕГІУМА (МІНСКАЯ КАЗЁННАЯ ПАЛАТА)

Гістарычная забудова ансамбля  Мінскага калегіума езуітаў.

БУДЫНАК КАЛЕГІУМА (МІНСКАЯ КАЗЁННАЯ ПАЛАТА)

 

Мінскі езуіцкі калегіум.

З альбома архітэктара Фёдара (Тэадора) Крамера. Канец XVIII

 

Фасад будынка калегіума езуітаў з вежай.

З альбома архітэктара Фёдара (Тэадора) Крамера. Канец XVIII cт

 

Езуіты з’явіліся ў Мінску ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Іх місія першапачаткова знаходзілася ў вялікай двухпавярховай камяніцы на рагу Койданаўскай вуліцы і галоўнай рыначнай плошчы горада. Гэтую камяніцу ў 1654 годзе набыў за 8 тысяч злотых смаленскі біскуп Геранім Сангушка ў багатага мінскага мешчаніна Ягора Гегера і ў якасці фундуша ахвяраваў езуітам. Тэрыторыя місіі была абнесена высокай мураванай сцяной, у якой было некалькі брам. У двары знаходзіўся драўляны жылы дом, стайня, бровар, свіран і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Камяніца ўяўляла двухпавярховы палац, пабудаваны ў стылі рэнесансу, які галоўным фасадам выходзіў на плошчу. Ён быў накрыты вальмавым дахам, над якім узвышаліся 3 жалезныя пазалочаныя флюгеры з выявай Святога Юрыя, які забівае дзідай  цмока. Яшчэ адзін флюгер знаходзіўся над ганкам у выглядзе феі Мелузіны, якая грала на лютні.

У 1682 годзе місію падтрымаў трокскі ваявода Цыпрыян Бжастоўскі, які запісаў на калегіум і школу 50 тысяч злотых. Адначасова канцлер ВКЛ Марцыян Агінскі разам з жонкай Ізабелай з Глябовічаў ахвяраваў яшчэ 50 тысяч злотых. Мінская місія ў 1686 годзе была пераўтворана ў рэзідэнцыю, якая ў сваю чаргу ў 1714 годзе атрымала статус калегіі.

У другой палове XVII стагоддзя езуіты паступова пашырылі свае ўладанні. Побач са старым палацам яны пабудавалі невялікі мураваны касцёл, а ў 1678 годзе набылі суседнюю камяніцу, якую прыстасавалі пад сакрыстыю касцёла. У 1699 годзе быў выкуплены суседні пляц, а ў 1703 годзе дакупілі яшчэ адну камяніцу з пляцам, такім чынам тэрыторыя рэзідэнцыі была значна пашырана.

У першай палове XVIII стагоддзя ў Мінску паўстаў у стылі барока велічны ансамбль калегіума езуітаў, які фактычна завяршыў фарміраванне архітэктурнага комплексу галоўнай рыначнай плошчы горада. Цэнтральнае месца ў ансамблі займаў касцёл Езуса, Марыі і Святой Барбары, пабудаваны  ў 1700—1730 гадах.

Да касцёла з паўночнага ўсходу прылягаў прамавугольны ў плане будынак школы. Побач з касцёлам, у бок Койданаўскай вуліцы, на падставе былога палаца XVII стагоддзя мінскага мешчаніна Ягога Гегера пачаў фарміравацца комплекс будынкаў калегіума. Гэты працэс пачаўся яшчэ ў  другой палове XVII стагоддзя і быў звязаны з прыстасаваннем і перабудовай камяніц, набытых у 1654, 1678 і 1703 гадах. У 1716 годзе будынак старога касцёла быў перароблены пад жыллё.

У 1723 годзе паводле ініцыятывы рэктара калегіума Якуба Валадковіча пачалося будаўніцтва новага вялікага мураванага будынка калегіума, якое працягвалася да 1738 года. У 1738—1739 гадах перад галоўным уваходам у калегіум з боку плошчы была пабудавана вялікая трох’ярусная вежа, на якую ў 1750 годзе быў перанесены гадзіннік з вежы касцёла. На тэрыторыі калегіума знаходзіўся комплекс мураваных і драўляных гаспадарчых пабудоў, у тым ліку аптэка з лабараторыяй.

У 1773 годзе калегіум езуітаў у Мінску быў скасаваны, касцёл ператвораны ў парафіяльны, а памяшканні калегіума перададзены шасцікласнай свецкай школе, падначаленай Нацыянальнай адукацыйнай камісіі.

Пазначэнне будынкаў Мінскага калегіума езуітаў на плане Мінска 1793 года

 

         Паводле трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Мінск у 1793 годзе трапіў у склад Расійскай імперыі. У канцы XVIIІ стагоддзя новыя ўлады вырашылі змясціць у будынку былога калегіума езуітаў амаль усе дзяржаўныя установы новастворанай Мінскай губерні. Мінскім губернскім архітэктарам Тэадорам Крамерам быў распрацаваны праект прыстасавання гэтага будынка пад “присутственные места”. Усе будаўнічыя работы былі скончаны ў самым пачатку XIX стагоддзя.

З альбома Федара (Тэадора) Крамера.

     

Мастак Я.Пешка. Менск Высокі рынак. 1800 год

 

Найбольш грунтоўная рэканструкцыя будынка былога калегіума езуітаў адбылася ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Менавіта тады быў разабраны барочны купал над вежай, а сама вежа перароблена пад пажарную каланчу, над якой была зроблена драўляная надбудова з назіральнай пляцоўкай.

Мастак Наролеон Орда. Менск. Высокі рынак 1870 г.

Саборная плошча. Мінскі калегіюм езуітаў. Фотаздымак ХІХ ст

 

Пасля рэканструкцыі ў будынку былога калегіума езуітаў была змешчана Мінская казённая палата, а трохі пазней Мінская кантрольная палата, якія знаходзіліся там да 1917 года.

Фота 1918 года

 

У 1912 годзе мінскія гарадскія ўлады вырашылі зрабіць над былой вежай езуіцкага калегіума новы купал і адначасова і ўсталяваць на ёй новы гарадскі гадзіннік.

Пасля 1920 года ў будынку былога калегіума езуітаў знаходзіўся Вышэйшы Савет Народнай Гаспадаркі БССР.

Мастак Натан Альтман. Плошча. Выгляд з гатэля “Еўропа”

 

Менск. Высокі рынак. Фота 1918 года

У 1926 годзе будынак былога калегіума езуітаў быў прыняты пад ахову як помнік архітэктуры.

 Ён моцна пацярпеў у 1944 годзе падчас вызвалення Мінска ад нямецкіх войскаў.

 

Фотаздымак 1944 года.

 На першым плане бачны будынкі калегіума езуітаў і стан пашкоджанняў  .

 

У 1950 годзе быў абвешчаны конкурс на лепшы праект па яго рэстаўрацыі, але не гледзячы на гэта будынак быў разбураны, а на яго месцы пабудаваны жылы дом. У 1982 годзе быў распрацаваны праект, які прадугледжваў аднаўленне былой гадзіннікавай вежы XVIII стагоддзя, але ён не быў рэалізаваны.