БУДЫНАК МІНСКАГА МУЖЧЫНСКАГА ДУХОЎНАГА ВУЧЫЛІШЧА
БУДЫНАК МІНСКАГА МУЖЧЫНСКАГА ДУХОЎНАГА ВУЧЫЛІШЧА

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА XVIII СТ. АФІЦЫНА ПШАЗДЗЕЦКІХ

(БУДЫНАК МІНСКАГА МУЖЧЫНСКАГА ДУХОЎНАГА ВУЧЫЛІШЧА) 

 

      

Будынак мінскага мужчынсага духоўнага вучылішча

(заходні фасад мінскай сядзібы Пшаздзецкіх)

 

Будынак, у якім у XIX — пачатку XX стагоддзяў, знаходзілася Мінскае мужчынскае духоўнае вучылішча, быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі як афіцына мінскай гарадской рэзідэнцыі Пшаздзецкіх. Упершыню ён быў пазначаны на плане Мінска 1793 года як Г-падобны ў плане мураваны будынак на рагу Койданаўскай вуліцы і Высокага Рынку.

План Мінска 1793 года. Колерам пазначана мінская сядзіба Пшаздзецкіх.

 

У 1799 годзе гэты будынак набыў мінскі дваранін Андрэй Станкевіч, які абсталяваў у ім мінскую гарадскую аптэку. У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў  былая афіцына  была рэканструявана. Над уваходам у аптэку, што знаходзіўся на рагу Койданаўскай вуліцы і Высокага Рынку, на другім паверсе быў пабудаваны вялікі балкон, які ў інвентарах пазначаны як ганак на чатырох драўляных слупах. У гэты час будынак афіцыны быў накрыты дахоўкай. Памяшканні гарадской аптэкі былі перакрыты скляпеннямі і ўпрыгожаны роспісамі (жывапісам).

Пасля смерці Андрэя Станкевіча комплекс былой гарадской рэзідэнцыі Пшаздзецкіх набыў сакратар мінскага дэпутацкага сходу Юрый Кабылінскі. Ён значна пашырыў гэты будынак у бок Койданаўскай вуліцы. У гэты час акрамя аптэкі на першым паверсе знаходзіліся розныя крамы, а на другім — жылыя пакоі.

У 1851 годзе ўладальнікам былой афіцыны Пшаздзецкіх стаў мінскі гарадскі галава Леапольд Дэльпацэ. Ён абсталяваў тут самую вядомую ў той час у Мінску краму адзення “парыжскай моды”. У гэты час большую частку памяшканняў будынка займала Мінская губернская паштовая кантора.

У 1872 годзе ўвесь комплекс былой сядзібы Пшаздзецкіх быў набыты Мінскім духоўным вучылішчам за 40 тысяч рублёў. Да 1881 года значную частку памяшканняў працягвала займаць паштовая кантора, а астатнія пакоі былі пераабсталяваны для патрэб вучылішча.

           

План мінскай сядзібы Пшаздзецкіх.

Будынак “А” – у гэтым будынку сядзібы на рагу Койданаўскай вуліцы было размешчана Мінскае духоўнае вучылішча.

 

Будынкі Мінскага мужчынскага духоўнага вучылішча моцна пацярпелі падчас вялікага пажару 1881 года. Пасля яго былая афіцына Пшаздзецкіх была адноўлена і значна пашырана. Будынак атрымаў П-падобны план. Тарцовыя часткі будынка былі павялічаны яшчэ на адзін паверх і завершаны з боку Койданаўскай вуліцы трохвугольнымі франтонамі. У гэты ж час паміж былым палацам Пшаздзецкіх і афіцынай была зроблена мураваная галерэя, каб забяспечыць пераход з аднаго будынка ў другі. 

         

 

Фота 1903 года

Фота 1904 года

Паштоўкі з выявай будынка Мінскага духоўнага вучылішча.

Фота пачатку ХХ стагоддзя

        

Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць памяшканняў былой афіцыны Пшаздзецкіх выкарыстоўвалася непасрэдна духоўным вучылішчам. На першым і цокальным паверхах з боку Койданаўскай вуліцы знаходзіліся розныя крамы і майстэрні, у тым ліку вялікая крама царкоўнага начыння. Сярод вядомых вучняў Мінскага мужчынскага духоўнага вучылішча ў XIX — пачатку XX стагоддзяў трэба прыгадаць прозвішча будучага акадэміка Яўхіма Карскага.

       

Яўфім Федаравіч Карскі 1861-1931

У 1918 годзе ўсе памяшканні вучылішча былі заняты пад патрэбы германскіх акупацыйных улад.

        

Здымак комплекса будынкаў былой сядзібы Пшаздзецкіх з самалета.

 

У 1920 годзе ў будынку на рагу Койданаўскай  вуліцы і плошчы Свабоды  быў змешчаны Наркамат асветы БССР.

Тут з 1922 па 1925 год знаходзіўся Інстытут беларускай культуры (“Інбелкульт”), які ў 1929 годзе быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук БССР.

Навуковая камісія Інстытута беларускай культуры. Здымак 1922 года

Інстытут беларускай культуры быў заснаваны30 студзеня 1922 года ў Менску на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР

 

Акрамя таго тут у 1930-я гады знаходзілася рэдакцыя газеты на яўрэйскай мове “Окцябр” (орган ЦК ВКП(б)Б).

У гады Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў.

Пасля вызвалення Мінска ў доме № 2/13 былі змешчаны розны ўстановы Мінскага аблвыканкама і Мінскага райвыканкама.

 

Фотаздымкі будынкаў былой сядзібы Пшаздзецкіх у розныя гады ХХ стагоддзя.

 

Былая актавая зала вучылішча ў 1944 годзе была прыстасавана пад кінатэатр (першапачатковая назва “Радзіма”, потым “Навіны дня”, “Кінатэатр паўторнага фільма”). Цяпер былая афіцына мінскай рэзідэнцыі Пшаздзецкіх XVIII стагоддзя выкарыстоўваецца як адміністратыўны будынак.