БУДЫНАК МАНАСТЫРА БАЗЫЛЬЯН
БУДЫНАК МАНАСТЫРА БАЗЫЛЬЯН

БУДЫНАК МАНАСТЫРА БАЗЫЛЬЯН

BASILIAN MONASTERY

 

Галоўны фасад будынка былых Прысутных месцаў. Графіка «Басталія» 2015 год

        Мінскі Святадухаўскі манастыр базыльян быў заснаваны ў 1616 годзе на галоўнай плошчы горада ігуменам Мінскага Ўзнясенскага манастыра Афанасіем Пакостам пры ўніяцкай царкве Святога Духа. Першая драўляная царква Святога Духа была пабудавана ў 1598 годзе побач з гарадской ратушай.

У 1617 годзе  для мужчынскага  Святадухаўскага манастыра  быў  адведзены  «пляц  пустый,  до  церкви святого духа, в рынку против ратуши лежачы... для побудовання монастыра и школ». Будаўніцтва ўсяго манастырскага  комплексу  працягвалася  амаль  паўстагоддзя.

                                     

 

План манастырскіх карпусоў на канец XVIII стагоддзе.

Рэканструкцыя Л. Івановай па матэрыялах даследванняў

              

 Відок Мінска з ратушай. Малюнак 1800 года.

Злева бачна двухпавярховая камяніца базыльянаў.

 

         Манастырскі комплекс займаў вялікую тэрыторыю паміж сучаснымі плошчай Свабоды, вуліцамі Інтэрнацыянальнай і Энгельса. Комплекс уключаў будынак царквы, жылы манастырскі корпус, а таксама шэраг гаспадарчых пабудоў. Тэрыторыя манастыра была абнесена мураванай сцяной. У XVII  стагоддзі Мінскі Святадухаўскі манастыр базыльян выкарыстоўваўся ў абарончых мэтах.

         Новая мураваная царква Святога Духа была закладзена каля 1636 года. Царква і манастыр моцна пацярпелі і часткова  былі  разбураны падчас  вайны паміж  Рэччу  Паспалітай  і  Маскоўскай   дзяржавай 1654-1667  гадоў.  Пасля  вайны  манастырскі   комплекс быў адноўлены.

          Мураваны 3-х павярховы прамавугольны ў плане манастырскі  корпус  быў  пабудаваны  ў  XVIII  стагоддзі. Асноўныя  памяшканні былі  перакрыты крыжовымі скляпеннямі, а калідоры - цыліндрычнымі.

        У XVIII стагоддзі комплекс базыльянскага манастыра ў Мінску значна рэканструяваны ў стылі барока. У першую чаргу быў перароблены галоўны фасад царквы.

       У XVII-XVIII стагоддзях пры манастыры Святога Духа існавала школа, якая была заснавана ў 1663 годзе. Тут вывучалі грэчаскую, лацінскую, стараславянскую, беларускую і польскую мовы. У пісьмовых крыніцах пачатку XVII стагоддзя захаваліся звесткі аб існаванні друкарні пры манастыры. Пасля ваенных падзей сярэдзіны XVII стагоддзя гэтая друкарня ўжо не згадвалася ў архіўных дакументах. Відаць, яна доўга не функцыянавала, таму ў 1790 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі дазволіў зноў адчыніць друкарню пры Мінскім Святадухаўскім базыльянскім манастыры.

          У манастырскай бібліятэцы была сабрана вялікая колькасць рукапісных і друкаваных кніг, каштоўных старажытных дакументаў і рэдкіх рукапісаў. Сярод іх у XVII - XVIIІ стагоддзях захоўваўся знакаміты летапіс вядомы як «Некіфараўскі».

          У 1795 годзе базыльянскі манастыр Святога Духа быў зачынены, а царква перададзена пад кафедральны праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор. Да 1799 года ў будынках манастыра змяшчалася рэзідэнцыя мінскага праваслаўнага архіепіскапа.

          Пасля таго, як у 1799 годзе было скончана будаўніцтва новай рэзідэнцыі «Архірэйскага дому» на Новамейскай плошчы, ў манастыр была пераведзена Мінская губернская дваранская школа, якая ў 1803 годзе была рэарганізавана ў Мінскую мужчынскую гімназію.  

         Першапачаткова гімназія мела 6 класаў, а з 1804 года - 7. Колькасць вучняў яе дасягала да 195, акрамя дырэктара ў гімназіі працавала 6 выкладчыкаў. У розныя  гады  ў мінскай  мужчынскай  гімназіі навучаліся   Тамаш Зан,   Станіслаў Манюшка, Бенедыкт  Дыбоўскі,  Якуб  Наркевіч-Ёдка, Яўстафій  Тышкевіч...

                               

    

 Партрэт Томаша Зана (1837) В.Ваньковіч

                                             

 Станіслаў Манюшка (T._Maleszewski, 1865)

                                    

 Бенедыкт Дыбоўскі

                                             

 Якуб Наркевіч-Іодка

 

                                            

 

 Еўстафій Тышкевіч (1873г)

                                    

 

         У час вайны 1812 года будынкі гімназіі былі заняты французскімі войскамі пад шпіталь. Потым у канцы ваенных падзей тут часова размяшчаўся вайсковы шпіталь расійскай арміі, а заняткі  гімназістаў былі перанесены ў іншым гарадскія памяшканні. Бібліятэка мінскай гімназіі мела цікавы кнігазбор, які ў 1803 годзе налічваў 1300 тамоў, куды трапілі кнігі з былога Мінскага езуіцкага калегіума. У 1805 годзе фонд бібліятэкі значна ўзрос, дзякуючы ахвяраванням Мельхіёра Валадковіча. Ён падараваў гімназіі больш 500 кніг, пераважна на польскай і французскай мовах.

         

 Рэканструкцыя базільянскіх манастыроў на XVIII  ст

Архітэктар Людміла Іванова 1970-я гады

 

         У 1799-1801 гады паводле праекта мінскага губернскага архітэктара Фёдара (Тэадора) Крамера да манастырскага будынка было прыбудавана вялікае мураванае 3-павярховае крыло з двухсвятловай тэатральнай залай на другім паверсе. У 1817 годзе гэты тэатр ліквідаваны, а замест яго была зроблена актавая зала гімназіі.

       Комплекс будынкаў былога Мінскага манастыра базыльян моцна пацярпеў у час вялікага пажару  ў 1835 годзе, пасля якога былі цалкам перабудаваны ўсе былыя манастырскія будынкі, а таксама былая царква Святога Духа.

       Праект перабудовы былой царквы Святога Духа 17 стагоддзя ў праваслаўны Петрапаўлаўскі кафедральны сабор распрацаваў архітэктар Густаў Валерт.

                        

 Бочны фасад царквы Святога Духа.Архітэктар Густаў Валерт. 1843 год

                            

 Мінскі Петрапаўлаўскі кафедральны сабор.Фота ХІХ ст

 

          Не гледзячы на тое, што асноўныя канструктыўныя элементы першапачатковага будынка былі захаваны, новы сабор атрымаў характэрныя рысы псеўдарускай архітэктуры сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Пры рэканструкцыі да галоўнага фасада была прыбудавана званіца, завершаная ўверсе дзвюма невялікімі вежамі. Частка скляпенняў была разабрана, а на гэтым месцы дабудаваны купал на чатырохгранным барабане. Цалкам былі зменены і інтэр'еры храма.

         Будынак былога манастырскага корпуса базыльян XVIII стагоддзя, у якім у 1799-1835 гадах знаходзілася Мінская мужчынская гімназія, было вырашана рэканструяваць і перавесці туды асноўныя дзяржаўныя ўстановы Мінскай губерні.

         Праект рэканструкцыі быў распрацаваны мІнскім губернскім архітэктарам Казімірам Хршчановічам. Паводле яго прапаноў першапачаткова планавалася цалкам разбурыць так званую тэатральную афіцыну канца XVIII стагоддзя, але асноўныя канструкцыі манастырскага корпуса - захаваць. Было распрацавана і зацверджана некалькі варыянтаў праекта ў стылі позняга класіцызму. Будаўніцтва комплексу дзяржустаноў Мbнскай губерніі было скончана ў 1852 годзе. Першапачаткова быў узведзены П-падобны ў плане 3-павярховы корпус. У 80-я гады ХІХ стагоддзя будынак дзяржустаноў быў рэканструяваны і сюды быў пераведзены Мінскі акруговы суд.

 

 

 

 

         У канцы ХІХ- пачатку ХХ стагоддзяў тут разглядаліся розныя крымінальныя і грамадзянскія справы. Адным з самых гучных палітычных працэсаў быў суд над настаўнікамі Мінскай губерні ў 1908 годзе, сярод якіх быў Якуб Колас.

 

 Якуб Колас (Канстанці́н Міха́йлавіч Міцке́віч) 1908 год

        

         З 1920 года ў былым будынку дзяржустаноў размясціліся галоўныя прафсаюзныя арганізацыі Беларусі.

       7 лістапада 1944 года ў гэтым будынку была адкрыта экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.