БУДЫНАК ПАЖАРНАГА ДЭПО
БУДЫНАК ПАЖАРНАГА ДЭПО

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ

БУДЫНАК ПАЖАРНАГА ДЭПО

МІНСКАГА ВОЛЬНА-ПАЖАРНАГА ТАВАРЫСТВА

 

Графічная рэканструкцыя фасада на 1885 год

 

        Мінскае вольна-пажарнае таварыства было створана ў 1876 годзе. Яно існавала на сродкі ад членскіх узносаў, дабравольныя ахвяраванні, гарадскія субсідыі і на грошы страхавых таварыстваў. Таварыствам кіравала праўленне на чале з старшынёй.

Мінск. 1868 год

 

         У 1881 годзе таварыства адыграла асноўную ролю ў барацьбе з адным самых вялікіх мінскіх пажараў, які амаль цалкам знішчыў забудову ў заходняй частцы горада.

Мінск пасля пажару 1881 года. Мастак Баярскі.

 

          У пачатку XX стагоддзя ў склад добраахвотнай дружыны Мінскага вольна-пажарнага таварыства ўваходзіла 13 чалавек адміністрацыі, 2 брандмайстры, 17 ніжэйшых служачых і каля 150 ахвотнікаў.

Будынак пажарпнага дэпо. Фота 1906 год.

 

 

Мінскае вольна-пажарнае таварыства. Фотаздымкі 1911 года.

 

Фотаздымак канца ХІХ ст.

 

 

         Члены вольна-пажарнага таварыства ўдзельнічалі ў барацьбе з агнём, у выратавальных работах падчас павадак, а акрамя таго, таварыства давала сваіх коней у арэнду для карэт хуткай дапамогі.          

         

Юбілейныя ўрачыстасці членаў Мінскага вольна-пажарнага таварыства.

 

         У 1885 годзе па ініцыятыве і на сродкі таварыства на рагу вуліц Праабражэнскай і Нова-Раманаўскай (сучасная вул. Гарадскі Вал) было пабудавана першае ў гісторыі Мінска спецыяльнае пажарнае дэпо.

 

Праект  будынка  пажарнага дэпо Мінскага вольна-пажарнага таварыства. Галоўны фасад. Архітэктар І. Чалі-Сурыеў.1885 год.

 

Праект  будынка  пажарнага дэпо Мінскага вольна-пажарнага таварыства. Бочна фасад. Архітэктар І. Чалі-Сурыеў.1885 год.

 

          Праект гэтага будынка быў распрацаваны архітэктарам І. Чалі-Сурыевым. У гонар заканчэння будаўніцтва на галоўным фасадзе была ўсталявана мармуровая памятная дошка.

 

   Першапачаткова гэта было аднапавярховае, прамавугольнае ў плане, збудаванне з вялікім мезанінам, які з чатырох бакоў быў завершаны дэкаратыўнымі атыкамі. Сцены будынка былі выкананы з чырвонай дэкаратыўнай цэглы. Рытм фасадаў ствараўся сеткай лучковых аконных праёмаў з цаглянымі ліштвамі. Вуглы будынка былі аформлены дэкаратыўнымі лапаткамі. На першым паверсе з боку вуліцы Нова-Раманаўскай былі зроблены тры брамы з драўлянымі варотамі. На першым паверсе размяшчалася пажарнае дэпо, а ў мезаніне — канцылярыя таварыства.

         У 1911 годзе паводле новага праекта будынак пажарнага дэпо рэканструяваны. На месцы мезаніна разбудаваны другі паверх, дзе акрамя канцылярыі была зроблена некалькі жылых пакояў для служачых.

       

Здымак 1913 года

 

          Пасля 1920 года ў будынку пажарнага дэпо працягвала дзейнічаць Мінскае вольнае пажарнае таварыства, а ў 1930-я гады гэты будынак быў перададзены прафесійнай пажарнай ахове.

          На мяжы 1920—1930-х гадоў у будынка пажарнага дэпо дабудаваны трэці паверх, а з боку вуліцы Рэвалюцыйнай (былой Койданаўскай) да яго прыбудаваны вялікі прамавугольны ў плане трохпавярховы жылы дом.

          У гады Другой сусветнай вайны будынак пажарнага дэпо не пацярпеў, пасля вайны тут знаходзілася адна з пажарных часцей горада Мінска.

Выгляд кутка Мінска . 1943 г.

          У канцы XX стагоддзя будынак пажарнага дэпо рэканструяваны. Трэці паверх перароблены ў мансардавы і адначасова адноўлены дэкаратыўныя атыкі, разбураныя ў 1930-я гады.

        

Сучасны выгляд будынка.

Пасля рэканструкцыі ў будынку змешчаны Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы МНС Беларусі.

 

Гл . Музей Пожарного и Аварийно-Спасательного Дела МЧС Республики Беларусь