БУДЫНАК ПЕРШАЙ МІНСКАЙ ПУБЛІЧНАЙ БІБЛІЯТЭКІ
БУДЫНАК ПЕРШАЙ МІНСКАЙ ПУБЛІЧНАЙ БІБЛІЯТЭКІ

БУДЫНАК ПЕРШАЙ МІНСКАЙ ПУБЛІЧНАЙ БІБЛІЯТЭКІ

FIRST MINSK MUNICIPAL LIBRARY

                       

 

Фасад будынка першай мінскай публічнай бібліятэкі.

Графіка "Басталіі" 2015 год

          У  1900-м годзе ў тыпаграфіі Тасьмана і С-вей выйшаў "Устав Минской городской публичной библиотеки им. А.С. Пушкина". Устаў быў складзены з 32 пунктаў, якія акрэслівалі ня толькі задачы бібліятэкі, але правы ды абавязкі чытачоў.

 

 

 

Комплекс жылых будынкаў па сучаснай вуліцы Інтэрнацыянальнай, 31 і 31а, якая ў XVI - першай палове XIX стагоддзя называлася Валоцкай, сфарміраваўся ў 2-й палове XVIII-XIX стагоддзяў. Упершыню мураваная забудова на гэтым месцы была пазначана на двух планах Мінска 1797 года. Пачынаючы 1800 года, галоўны мураваны будынак усяго комплексу, які сваім галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Валоцкую, быў пазначаны на  планах горада  пачатку XIX стагоддзя.

 Самая ранняя выява гэтага будынка ёсць на акварэлі Юзефа Пешкі, якая датуецца пачаткам ХІХ стагоддзя, але не пазней 1810 года. Гэтая акварэль зафіксавала забудову Валоцкай (Інтэрнацыянальнай) вуліцы з боку сучаснай вуліцы Янкі Купалы. На малюнку вельмі добра відаць, што за сядзібай Друцкіх-Любецкіх (пазней Ваньковічаў) знаходзіўся высокі мураваны будынак у стылі класіцызму, накрыты 2-схільным дахам.

 

 

Малюнак Ю.Пешкі Выгляд на Валоцкую вуліцу

 

 Першым вядомым уладальнікам гэтага пляца і ўсяго комплексу пабудоў быў дваранін, лекар Іосіф Ліаншон, які згадваецца ў дакументах у пачатку ХІХстагоддзя.

У 1817 годзе лекару Ліаншону належыў вялікі зямельны пляц, на якім стаялі 3 мураваных і адзін драўляны будынкі. Пасля смерці Іосіфа Ліаншона  на працягу ХІХ стагоддзя гэты дом, хоць і пераходзіў да іншых уладальнікаў, часта называўся «па-ліаншонаўскім».

У 1819 году паводле пастановы эксдывізарскага суда нерухомая маёмасць, якая некалі належала доктару Ліаншону, была падзелены паміж яго крэдыторамі на асобныя часткі. Былая маёмасць Ліаншона была набыта ў яго крэдытораў памешчыцай Схалястыкай Карказевіч паводле двух купчых, учыненых у Мінскай грамадзянскай палаце 21 кастрычніка 1833 года і 4 чэрвеня 1847 года.

 

 

Забудова квартала  на гарадскім плане 1801 года

              У 1848 года менскім губернскім архітэктарам Казімірам  Хршчановичам было складзена падрабязнае "Інвентарнае апісанне мураванага дома і флігеля памешчыцы Слуцкага павета Схалястыкі, урождённой Уніхоўскай Карказевічевай", які знаходзіўся ў горадзе Мінску ў 1-й частцы і ў 1-м квартале па Валоцкай вуліцы пад № 220. Акрамя падрабязнага інвентара ўсяго домаўладання Карказевіч, архітэктарам былі зроблены і чарцяжы усіх мураваных пабудоў.

             Дом № 31 - галоўны мураваны будынак з боку вуліцы меў тры паверхі, а збоку двара - чатыры. Скляпы  і ніжнія паверхі  мелі мураваныя скляпенні. На другім паверсе была вялікая парадная зала, аздобленая роспісамі і архітэктурнымі дэкаратыўнымі дэталямі. Большасць памяшканняў будынка была прыстасавана пад жылыя пакоі. У будынку меліся галандскія печы з прыгожай паліванай кафлі. Увесь будынак быў накрыты дахоўкай.

     

 

 

 

У двары знаходзілася вялікая двухпавярховая афіцына, якая выходзіла на Музычны завулак. Акрамя мураваных будынкаў на тэрыторыі комплексу было некалькі драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў.

              

 

План двара. 1888 год

 

 

 

Сітуацыйнае размяшчэнне двара на карце горада Канец ХІХ ст

             У сярэдзіне ХІХ стагоддзя галоўны мураваны будынак па вуліцы Валоцкай быў часткова рэканструяваны: замест дахоўкі будынак перакрылі жалезам, у вокнах пастаўлена новая сталярка, часткова была зменена планіроўка першага паверха. У 1848 годзе была моцна разбудавана афіцына, якая выходзіла на Музычны завулак. Яна, фактычна, ператварылася ў новы вялікі жылы дом.

            У канцы ХІХ стагоддзя пляц Карказевічаў па Валоцкай вуліцы (у 1865 годзе перайменавана ў Хрышчэнскую) разам з усімі пабудовамі перайшоў у валоданне дваранкі Ленскай, а ў 1907 годзе пасля яе смерці да Зянона Ленскага. Новыя ўладальнікі ў канцы ХІХ стагоддзя вырашылі пабудаваць на месцы драўляных жылых і гаспадарчых будынкаў вялікія мураваныя дамы, каб здаваць іх у арэнду розным установам.

            З боку вуліцы Хрышчэнская з'явіўся 3-павярховы будынак з чырвонай цэглы (№ 29), у якім былі змешчаны розныя службы ўпраўлення Лібава-Роменскай чыгункі.

                             

 

Янка ЛУЧЫ́НА,

Іван Люцыянавіч Неслухоўскі (1851-1897)

- беларускі паэт.

Творчасць Янкі Лучыны аказала вялікі ўплыў

на беларускую літаратуру пачатку XX ст.

          Тут працаваў беларускі паэт Янка Лучына (Я.Неслухоўскі). Другі 3-павярховы мураваны будынак быў пабудаваны з боку Музычнага завулка (№ 29а).

           У 1904 годзе ў старым доме Ленскіх была размешчана Мінская гарадская публічная бібліятэка імя А.С. Пушкіна.

            У пачатку 20 стагоддзя ў склад савета бібліятэкі ўваходзілі ў асноўным прадстаўнікі прагрэсіўных колаў горада. Першым кіраўніком савета быў  вядомы беларускі публіцыст і крытык Уладзімер Самойла, у склад савета ўваходзіў перакладчык і крытык Дарафей Бохан. Чытальная зала бібліятэкі штодзённа прымала 150-200 наведвальнікаў. Сярод актыўных чытачоў бібліятэкі трэба перш за ўсё адзначыць Янку Купалу і Максіма Багдановіча, які ў 1916-1917 гады «... у вольны ад службы час або сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, ці дома займаўся літаратурнай працай».

                                        

 

Уладзімер Іванавіч САМОЙЛА (1878 -1941)

- беларускі публіцыст,

літаратурны крытык, філёзаф.

Адзін з першых высока ацаніў

літаратурную творчасьць Янкі Купалы.

             

 

Янка Купала

 

Максім Багдановіч 1911год

          У час рэвалюцыйных падзей 1905-1907 гадоў Мінская публічная бібліятэка імя Пушкіна стала адным з палітычных цэнтраў горада, месцам сустрэчы рэвалюцыянераў. Тут працавала падпольная друкарня партыі эсэраў.

          Паводле інвентарнага апісання 1910 года, бібліятэка займала ўвесь другі паверх, а астатнія памяшканні выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры.

          Пасля 1920 года у доме № 31 працягвала размяшчацца гарадская бібліятэка, якой былі перададзены ўсе памяшканні.

 

 

         У 1938 годзе яна была рэарганізавана ў Мінскую абласную бібліятэку імя А.С. Пушкіна. Сур'ёзных рамонтаў і перабудоў у будынку бібліятэкі ў 1920-30-х гадах не праводзілася.

         

 

Здымак 1965 года

         У гады Другой сусветнай вайны будынак бібліятэкі не пацярпеў і амаль цалкам захаваўся да канца 20 стагоддзя