БУДЫНАК №5 ДОМ ЧАРТОВА
Назад
БУДЫНАК №5 ДОМ ЧАРТОВА

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ

БУДЫНАК №5 ДОМ ЧАРТОВА

HISTORICAL BUILDINGS OF THE 19TH CENTURY ČARTOŬ’S HOUSE

 
 

Графічная рэканструкцыя фасада дома Чартова на ХІХ стагоддзе

Graphical reconstruction of the 19th century Čartoŭ’s Houses façade

           

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала забудова, большая частка якой была знішчана падчас вялікага пажару 1881 года.

Пасля пажару гэты пляц перайшоў ва ўласнасць да мінскага мешчаніна Шэвеля Чартова. Ён звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на будаўніцтва на месцы страчаных будынкаў трохпавярховага мураванага жылога дома.

Праект фасада дома прадстаўлены мешчанінам Ш. Чартовым на зацьвярджэнне ў Мінскую гарадскую ўправу пасля пажару  1881 года

 

Паводле праекта гэта было прамавугольнае ў плане збудаванне, накрытае двухсхільным дахам. Галоўны фасад быў падзелены на два ярусы прафіляванай цягай, якая праходзіла паміж першым і другім паверхамі. Прамавугольныя аконныя праёмы другога паверха мелі сандрыкі і былі аздоблены прафіляванымі ліштвамі. Пад вокнамі месціліся неглыбокія нішы з філёнгамі. На другім паверсе знаходзіліся два балконы, аздобленыя дэкаратыўнымі кратамі. У паўночна-заходняй частцы будынка мелася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. У двары размяшчаўся комплекс гаспадарчых пабудоў, а таксама двухпавярховы мураваны флігель.

У 1893 годзе гэты дом выкупіў мінскі купец першай гільдыі Абрам Хаецкін. Паводле інвентарызацыі 1910 года на першым паверсе будынка месціліся розныя крамы, а большую частку флігеля займаў вінны склад, дзе быў зроблены спецыяльны склеп для захоўвання віннай прадукцыі. Вінная крама Хаецкага была адной з самых лепшых у Мінску.

Тут можна было набыць самыя вядомыя гатункі еўрапейскіх він, каньякоў і лікёраў, а таксама якасныя гарбату і какаву.   

Рэкламны плакат віннай крамы Хаецкіна

 

Пасля 1920 года былы дом Чартова нацыяналізаваны. Верхнія паверхі будынка перароблены пад камунальныя кватэры, а на першым паверсе было некалькі крам.

У Другую сусветную вайну будынак не пацярпеў.

 

Пасля вайны ў выніку некалькіх рамонтаў амаль цалкам страчаны дэкор галоўнага фасада, а таксама балконы на другім паверсе.

Куток вуліцы Камсамольскай. Фота 1968 года. Аўтар В.Г. Валожынскі.

           

Графічная фіксацыя фасада будынка. Канец ХХ стагоддзя

 

У канцы XX стагоддзя падчас рэканструкцыі цалкам страчаны аўтэнтычныя канструкцыі былога дома Чартова канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, але адначасова адноўлена першапачатковае архітэктурнае рашэнне галоўнага фасада.

Сучасны выгляд будынка. Фота 2017 года.