БУДЫНКІ КАСЦЁЛА І КЛЯШТАРА БЕРНАРДЗІНЦАЎ
БУДЫНКІ КАСЦЁЛА І КЛЯШТАРА БЕРНАРДЗІНЦАЎ

БУДЫНКІ КАСЦЁЛА І КЛЯШТАРА БЕРНАРДЗІНЦАЎ

BERNARDINE CHURCH AND FRIARY

 

 

 Будынкі касцёла Святога Язэпа і кляштара  бернардзінцаў.

Графіка "Басталія" 2015 г.

 

         Першымі  фундатарамі бернардзінцаў у Мінску былі краснасельскі стараста Андрэй Кенсоўскі і яго жонка Гальшка з Ляўковічаў.  У 1624 годзе  яны адпісалі  бернардзінам  вялікі  пляц з  драўляным  домам побач з Высокім Рынкам. У  1628 годзе гэты фундуш быў зацьверджаны віленскім біскупам Яўстафіем Валовічам.Дзякуючы намаганням сына Андрэя Кенсоўскага Яна, у 1638 годзе  было завершана будаўніцтва першага драўлянага касцёла і кляштара,але яны праз пэўны час згарэлі.

          У  1644 годзе  віленскі  біскуп  Абрагам Война даў згоду на будаўніцтва новага  мураванага касцёла і кляштара.  Да  сярэдзіны XVII стагоддзя  муры касцёла  бернардзінцаў  былі ўзведзены.  Комплекс кляштара моцна пацярпеў у 1656 годзе ў час вайны паміж Рэччу  Паспалітай і  Маскоўскай  дзяржавай.  Пасля вайны кляштар быў адноўлены. У 1676 годзе, дзякуючы фундацыі Крыштафа Завішы, пры касцёле была «вымурована» капліца з магільным склепам гэтага вядомага шляхецкага роду. Рускі дыпламат Пётр Талстой,  які наведаў  Мінск у  1697 годзе, у сваіх нататках адзначыў  «небагаты»  выгляд мураванага касцёла бернардзінаў.

 

                                

                  Абрагам Война (1569-1649)                                                                                       Крыштаф Завіша (1600 -1670)

 

         Комплекс будынкаў займаў пляц, абмежаваны Высокім Рынкам, дзвюма Бернардзінскімі і Зыбіцкай вуліцамі.

          Дамінантай ансамбля кляштара з'яўляецца касцёл  Святога Юзафа - гэта трохнефавая шасціслуповая базіліка з безвежавым  галоўным фасадам.  Навы касцёла былі  перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, а капліцы - крыжовымі скляпеннямі з ляпным дэкорам. Інтэр'еры святыні  аздоблены жывапісам,унутры  знаходзіліся  9  мураваных і  драўляных разных алтароў. Сярод алтарных абразоў сучаснікі вылучалі абразы Святога Юзафа (патрона касцёла), Ісуса і Марыі, а таксама Святой Ганны, Святой Марыі Магдаліны і Святой Тэклі. Акрамя таго, у касцёле знаходзіліся партрэты дабрачынцаў кляштара: Ігнацыя Мураўскага, Міхаіла Валадковіча, прадстаўнікоў шляхецкіх радоў Чапскіх, Станішэскіх  і іншых.

                 

 

План касцёла Святога  Язэпа

 

            

  Г. Ляйбовіч. Касцёл Св. Язэпа. Гравюра 1750-х гадоў

   

         З   паўночнага  ўсходу да храма  прылягаў двухпавярховы  мураваны  корпус  кляштара з  невялікім квадратным  унутраным дваром, у цэнтры  якога знаходзіўся  рэгулярны  дэкаратыўны  сад. За ім на рагу Зыбіцкай вуліцы знаходзілася двухпавярховая  мураваная  афіцына.

          Значную  тэрыторыю  кляштара займалі драўляныя гаспадарчыя пабудовы. Сам клаштяр цалкам быў абнесены мураванай сцяной з брамамі.  

 

 Эксплікацыя да плану Мінскага кляштара бернардзінцаў.

Складзены ў 1806 г.

 

    

     Фрагмент роспісу. Выяўлены  рэстаўратарамі ТДА "Басталія". 2010 год.

        

         У   1810-1817 гадах на месцы мураванай агароджы і брамы з боку  Высокага Рынку  былі пабудаваны  гандлёвыя  рады  - «бернардзінскія крамы», якія, ў другой  палове ХІХ стагоддзя атрымалі назву «Віленчукі». Гандлёвыя рады авалам агіналі паўночна-заходні  фасад  касцёла і могілкі з боку  плошчы і вельмі ўдала дапаўнялі архітэктурны комплекс кляштара бернардзінцаў XVII -XVIII стагоддзяў.

 

                       

 

План мінскага кляштара бернардзінцаў і Гандлёвых радоў

Канец ХІХ ст.

 

    

 

 

                 

                        

 

Гандлёвыя рады "Віленчукі"на Высокім рынку. Фота 1900-х гадоў.

 

         У  XVIII стагоддзі пры Мінскім бернардзінскім канвенце існавала школа філасофіі літоўскай правінцыі  Святога  Казіміра, пры якой пастаянна жылі два лектары, а таксама 8-10 студэнтаў.  У 1819 годзе мінскія  бернардзіны  заснавалі  пры сваім кляштары пачатковую школу, у якой вялося навучанне паводле сістэмы Бела-Ланкастэра.Тут першапачаткова атрымлівала асвету 88 вучняў. Школа лічылася ўзорнай 

          Мінскі кляштар бернардзінцаў меў вялікую  бібліятэку,  у  якой  захоўвалася шмат рэдкіх выданняў і  старажытных  рукапісаў.  Паводле  інвентарызацыі пачатку ХІХ стагоддзя яе кнігазбор налічваў 1532 тамы. 

      

 

 

Фрагменты аздаблення інтэр'ераў касцёла Святога Язэпа.

 

 

 

  

         Пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання  1863-1864 гадоў кляштар  бернардзінаў быў ліквідаваны царскімі  ўладамі, а двухпавярховы будынак  пераабсталяваны пад турму, у якой утрымліваліся шматлікія ўдзельнікі паўстання. Потым  будынкі кляштара перадалі ўпраўленню мінскага павятовага воінскага начальніка.

 

         У   1872г. ў  касцёльных  мурах быў змешчаны архіў.  У пачатку  ХХ ст. ў  двухпавярховай  афіцыне знаходзіўся гарадскі  ламбард, а ў  астатніх гаспадарчых пабудовах - мінская пажарная каманда.

            

 

Архіў. Фота 1900-х гадоў

          

 

           Пажарная каманда на Вялікай Бернардынскай. Фота 1902 года.

 

         Менавіта адсюль прайшла першая гарадская тэлефонная лінія (1890 г.), якая наладзіла сувязь паміж службай дэпо і пажарнай вежай на сучаснай вул.

Маскоўскай (захавалася да нашых дзён). У гэтым кутку  горада ў  1874 годзе  ўпершыню з'явілася  вадаправодная  сетка. Першыя сляды мінскай конкі  ў 1872 г. таксама  праляглі па  бруку  Малой і  Вялікай Бернардзінскай.

              

 

  Мінская конка на  Вялікай Бернардзінскай. Здымак пачатка ХХ ст.

 

                

 

Трамвайная лінія па вуліцы Бакуніна (Вялікая Бернардзінская). Фота сярэдзіны ХХ ст.

  

 

 

У інтэр'еры касцёла пад час пераабсталявання будынка пад архіў.

Здымак  пачатка ХХст.

 

         У   1983 годзе  знешні  выгляд  комплекса, быў рэстаўраваны. Над касцёлам ізноў з'явіўся  франтон, адноўлена дахоўка.  У ходзе рэканструкцыі на пачатку 1960-х гадоў  унутраная прастора інтэр'ера касцёла была  падзелена перакрыццямі на пяць паверхаў. З гэтага часу тут размяшчаюцца Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Архіў літаратуры і мастацтва

Беларусі. Пры апошняй  рэканструкцыі ў 2010-2014 гадах  будынкі  кляштара былі прыстасаваны пад гатэль і музеі.

 

 

 

Экспазіцыя фрагментаў роспісаў у калідорах кляштара

        (гатэль «Манастырскі).2010 г.

 

 

 

 Экспазіцыйная  вітрына  фрагмента роспіса . ТДА "Басталія"2010 г.

                    

         

 

  Бернардынскія муры. Мастак М.Філіповіч 1924год