ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ
ДОМ КАЧУРЫНАЙ
HISTORICAL BUILDINGS OF THE 19th CENTURY
Графічная рэканструкцыя фасада дома Качурынай на ХІХ стагоддзе.
У першай палове XIX стагоддзя на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная забудова. У сярэдзіне XIX стагоддзя на яе месцы пабудаваны мураваны жылы дом. Гэта было двухпавярховае прамавугольнае ў плане збудаванне з мезанінам, вырашанае ў стылі эклектыкі, накрытае двухсхільным дахам, які быў аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на ярусы прафіляванымі цягамі. Прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы аздоблены прафіляванымі ліштвамі. На другім паверсе і на мезаніне знаходзіліся балконы, упрыгожаныя металічнымі кратамі.
Выгляд Мінска пасля пажару 1881 года.
Удалечыні бачна Кацярынінская царква. (Свята-Петра-Паўлашскі сабор)
Будынак моцна пацярпеў падчас вялікага пажару 1881 года, пасля якога быў адноўлены. Адначасова на месцы мезаніна быў надбудаваны трэці паверх і часткова зменена дэкаратыўнае рашэнне галоўнага фасада, а на тэрыторыі пляца сфарміраваўся комплекс гаспадарчых пабудоў.
Праект перабудовы дома пасля пажара,
зацверджаны Мінскай гарадской управай. 1881 год
Пачынаючы з 1885 года, гэты будынак належаў мінскай мяшчанцы Рэсі Качурынай.
Паводле інвентарызацыі 1910 года на першым паверсе знаходзіліся фабрыка цукерак, а таксама некалькі крам, у тым ліку кандытарская, парфумерная, тытунёвая і іншыя. У падвальных памяшканнях працаваў завод па вырабе сельтэрскай вады. Другі і трэці паверх выкарыстоўваўся пад жылыя кватэры.
Фрагмент плана Мінска 1910 года.
У 1917—1918 гадах у будынку знаходзіўся сакратарыят партыі Беларуская Сацыялістычная Грамада. У часовы ЦК БСГ уваходзілі З.Ф. Жылуновіч (Цішка Гартны), У. М. Ігнатоўскі, К.М.Міцкевіч (Якуб Колас), А. А. Смоліч і іншыя дзеячы.
З.Ф.Жылуновіч (Цішка Гартны)
У.М. Ігнатоўскі
К.М. Міцкевіч (Якуб Колас)
А.А. Смоліч
Пасля 1920 года былы дом Качурынай нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся пад жылыя кватэры. На першым паверсе як і раней заставалася некалькі крам.
У Другую сусветную вайну былы дом Качурынай не пацярпеў. Падчас рамонтаў быў часткова страчаны дэкор фасадаў і балконы.
Пачатак вуліцы Камсамольскай з вуліцы Няміга.
Фота Іванова Н.А., 1958 г. З архіва Валожынскага В.Г.
Да канца XX стагоддзя будынак выкарыстоўваўся пад жыллё, а таксама рознымі ўстановамі.
Перакрыжаванне вуліц Камсамольскай і Нямігі. Фота В. Качана. Пачатак 1980-х
Сучасны выгляд будынка