ДОМ МАНЮШКІ
ДОМ МАНЮШКІ

ДОМ МАНЮШКІ

MANIUŠKA (MONIUSZKO) HOUSE

 

Фасад дома. Графіка "Басталія" 2015 год

 
             Першыя звесткі ў пісьмовых крыніцах, якія тычацца забудовы на рагу вуліцы Валоцкай і Высокага Рынку, датуюцца XVIII стагоддзям. У 1745 годзе ўладальнікам гэтага зямельнага пляца стаў стольнік Валадковіч. У канцы XVIII стагоддзя гэты пляц разам з усёй забудовай перайшоў да памешчыка Антонія Ратынскага. У пісьмовых крыніцах ёсць звесткі, што ўжо тады Ратынскаму належаў мураваны жылы дом. Гэты будынак быў упершыню пазначаны на плане Менска 1797 года, паводле якога на рагу Высокага Рынку  (ці Дамініканскай вуліцы) і Валоцкай вуліцы знаходзілася П-падобная ў плане камяніца. У 1810 годзе Ратынскія прадалі сваю нерухомую маёмасць менскаму гарадскому галаве Мікалаю Гейдукевічу.

 

                  

 

 1893 НИАБ частка плана Мінска

            

 

  

      

 

 Планы двара і часткі вуліцы на гарадской мапе 1893 года

          У 1819 годзе па заказу Мікалая Гейдукевіча распрацаваны праект будаўніцтва новага 3-павярховага мураванага жылога дома, які быў зацверджаны менскімі губернскімі ўладамі. Найбольш верагодным аўтарам гэтага праекта з'яўляўся мінскі губернскі архітэктар Міхаіл Чахоўскі. У час будаўніцтва Гейдукевічам была захавана частка канструкцый больш старажытнага будынка: у першую чаргу, гэта муры цокальнага паверха, а таксама вялікія скляпы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Новая прамавугольная ў плане камяніца ў стылі класіцызму атрымала 3 паверхі. Будынак быў накрыты вальмавым дахам. З боку вуліцы Валоцкай былі змешчаны 2 балконы на літых чыгунных кранштэйнах. Большасць памяшканняў новага будынка выкарыстоўвалася пад жыллё, а ў ніжніх паверхах былі змешчаны крамы і лаўкі.

          Пачынаючы з 30-х гадоў ХІХ стагоддзя, больш за 18 гадоў у камяніцы Мікалая Гейдукевіча знаходзілася «Менская вольная аптэка», уладальнікам якой быў правізар стацкі саветнік Ян-Фрыдрых Швембергер.

          У 1855 годзе нашчадкі Мікалая Гейдукевіча (памёр у 1839 годзе) прадалі яго будынак на рагу Дамініканскай і Валоцкай вуліц памешчыку Міхаілу Карказевічу. У гэты час і да паўстання 1863 года тут знаходзілася кнігарня і нотны магазін, якія належалі Аляксандру Валіцкаму - удзельніку грамадскага і культурнага руху, першаму біёграфу Станіслава Манюшкі, які пісаў на беларускай мове пад псеўданімам Міншчук альбо Місцюк.

         У другой палове ХІХ стагоддзя Міхаіл Карказевіч значна пашырыў сваё домаўладанне: з боку вуліцы Валоцкай (у 1865 годзе перайменавана ў Хрышчэнскую) да былога дома Гейдукевіча быў прыбудаваны вялікі 2-павярховы корпус з дзвюма праязнымі аркамі. У 1882 годзе пасля смерці Міхаіла Карказевіча ўся яго маёмасць перайшла да яго нашчадкаў. З гэтага часу і да пачатку ХХ стагоддзя архітэктурнае аблічча  будынкаў і іх планіроўка амаль не змянілася, праводзіліся толькі розныя рамонтныя работы.

         Лічыцца, што калі ў 1830 годзе ў Менск з маёнтка Убель каля Смілавічаў, разам са сваёй сям'ёй, пераехаў таленавіты паэт і мастак-аматар Чэслаў Манюшка, ён пасяліўся ў доме на рагу Дамініканскай і Валоцкай вуліц. Гэта было зроблена для таго, каб даць магчымасць яго сыну Станіславу - будучаму знакамітаму кампазітару - паступіць у мінскую гімназію, тым больш, што будынак гімназіі знаходзіўся літаральна праз некалькі крокаў.

            

 

18-ці гадовы Станіслаў за кнігай. УбельМалюнак Чэслава Манюшкі

                    

 

Маёнтак Убель. Малюнак Наполеона Орды

                                                                                         

 

 Будынак Мінскай мужчынскай гімназіі, у якой навучаўся Станіслаў Маюшка

          

         Вядомыя  два  месцы,  дзе  Манюшкі  жылі ў Мінску: гэта будынак, на  Валоцкай і так званы Дом масонаў  у  Семінарскім  завулку  Верхняга  горада.

 

          

Від на вуліцу Валоцкую з боку Плябанскіх млыноў.

У правым баку бачны «Дом масонаў»Малюнак Чэслава Манюшкі

 

                 

 

         Малюнак Чэслава Манюшкі з боку Дома масонаў на Плябанскія млыны

        

         У   1852 годзе, у час працы арганістам віленскага касцёла святога Яна, Станіслаў Манюшка разам з Вінцэнтам Дуніным -Марцінкевічам і Канстанцінам Крыжаноўскім паставіў «Ідылія» («Сялянка»). Оперы належыць асаблівае месца ў развіцці беларускага  музычнага  мастацтва: гэта першы твор у гісторыі жанру, у якім са сцэны загучала беларуская мова. 

         Прэм'ера  «Ідыліі» адбылася ў памяшканні  мінскага тэатра  Поляка. Будынак  побач з Беларускай акадэміяй музыкі быў разбураны у 1984 годзе.

                

 

 Мінскі гарадскі тэатр ( на здымку справа, уваход з парталам).

  9 лютага 1852 года ў ім адбыўся  трыумфальны дэбют "Ідыліі".

 

                            

                  Станіслаў Манюшка                                                                                  Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

 

         У канцы ХІХ стагоддзя ўладальнікам комплексу сталі Маісей Заблудоўскі і Леон Фрэнкель. У пачатку ХХ стагоддзя ў былой камяніцы Гейдукевіча знаходзіліся сталярная майстэрня, дэкаціровачная майстэрня, 3 кравецкіх майстэрні, крама жаночага адзення, малочная лаўка і цукровы склад.  У 2-павярховым корпусе па вуліцы Хрышчэнскай былі толькі жылыя пакоі. Фрэнкелі валодалі гэтымі будынкамі да 1920 года.

                     

 

 Выгляд на скрыжаванне вуліц Дамініканскай і Валоцкай

 

              

 

 Рог вуліцы Петрапаўлаўскай і Валоцкай. Фота пач ХХ ст. Дом Манюшкі.

 

            Да канца ХХ стагоддзя комплекс будынкаў, які ў ХІХ стагоддзі належаў Гейдукевічам, а потым Карказевічам, выкарыстоўваўся пад жылыя кватэры.