ДОМ ПРУШЫНСКАЙ
ДОМ ПРУШЫНСКАЙ

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ

ВУЛ. РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ (КОЙДАНАЎСКАЯ)

 

БУДЫНАК №4

ДОМ ПРУШЫНСКАЙ

 

Графічная рэканструкцыя фасада дома на 1833 год.

Чарцёж фасада. 1881 год

Мураваны двухпавярховы будынак у стылі класіцызму быў пабудаваны ў 1824 годзе на Койданаўскай вуліцы побач з сядзібай, якая належала Юрыю Кабылінскаму.

План пляца. ХІХ ст

 

У 1833 годзе гэты будынак быў значна пашыраны ўздоўж вуліцы і адначасова перароблены яго галоўны фасад, які атрымаў адзінае архітэктурнае рашэнне, паводле ўзору 1824 года. Будынак пацярпеў падчас вялікага пажару 1881 года, але быў хутка адноўлены, пры гэтым галоўны фасад, што выходзіў на вуліцу Койданаўскую, захаваў архітэктурнае рашэнне, якое атрымаў у 1833 годзе. Гэта быў прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак, накрыты двухсхільным дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. Галоўны фасад быў падзелены на ярусы плоскімі цягамі. У цэнтры знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Над аркай быў змешчаны балкон з дэкаратыўнымі металічнымі кратамі. Першы паверх апрацаваны рустам. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных аконных і дзвярных праёмаў. Аконныя праёмы першага паверха мелі плоскія ліштвы з замковым камнем. На другім паверсе над вокнамі знаходзіліся сандрыкі з фігурнымі кансолямі, завершаныя трохвугольнымі франтонамі.  Высокі цокальны паверх і падвальныя памяшканні будынка былі перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У двары знаходзіўся вялікі мураваны флігель.

У другой палове XIX стагоддзя гэты будынак разам з пляцам перайшоў ва ўласнасць да дваранкі Сафіі Прушынскай. Паводле інвентарызацыі 1910 года на першым і цокальным паверхах дома знаходзілася шэраг крам, у тым ліку дзве мануфактурныя і кнігарня, акрамя таго тут былі змешчаны слясарная  і кавальская майстэрні. На другім паверсе будынка знаходзілася банкірская кантора Ліўшыца. Астатнія памяшканні выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры.

Пасля 1920 года былы дом Прушынскай быў нацыяналізаваны, а большасць памяшканняў перароблена пад камунальныя кватэры. У гады Другой сусветнай вайны не пацярпеў.

Фотаздымак 1944года. Стрэлкай пазначаны дом №4, бачна што ён не быў пашкоджаным пад час вайны.

 

У выніку шматлікіх пасляваенных рамонтаў і рэканструкцый была цалкам зменена ўнутраная планіроўка і часткова страчаны дэкаратыўныя элементы галоўнага фасада, у тым ліку балкон на другім паверсе. У другой палове XX стагоддзя былы дом Прушынскай выкарыстоўваўся пад жыллё, а таксама тут знаходзіўся шэраг устаноў.

У  2008 годзе ў ходзе рэстаўрацыі будынка быў выкананы комплекс прац па экспазіцыйнай кансервацыі захаванай печкі-каміна.Выканаўца ТДА “Басталія”.

Дом №4 фота 2012 года.