ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА АНСАМБЛЯ МІНСКАГА КАЛЕГІУМА ЕЗУІТАЎ
(ДОМ ВІЦЭ-ГУБЕРНАТАРА)
Фасад будынка бурсы Мінскага калегіюма езуітаў.
Графічная рэканструкцыя на 1745 год.
Архітэктурны комплекс Мінскага калегіума езуітаў у стылі барока сфарміраваўся ў першай палове XVIII стагоддзя. У 1745 годзе з боку вуліцы Койданаўскай (сучасная Рэвалюцыйная) пабудаваны вялікі аднапавярховы будынак з падвальнымі памяшканнямі, перакрытымі скляпеннямі, дзе знаходзілася бурса і стайня.
Фасад будынка бурсы Мінскага калегіюма езуітаў.З праекта 1745г.
У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў гэты будынак паводле праекта архітэктара Фёдара Крамера перабудаваны ў стылі класіцызму пад рэзідэнцыю мінскага віцэ-губернатара.
Фасад будынка Дом віцэ-губернатара. Праект Фёдара (Тэадора) Крамера.
Гэта быў аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з высокім цокальным паверхам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў вылучаны трыма рызалітамі ў цэнтральнай і вуглавых частках.
План пляца Дома віцэ-губернатара.
У 1873 годзе дом віцэ-губернатара моцна пацярпеў падчас пажару, пасля якога быў адноўлены.
У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў на першым паверсе будынка знаходзіліся жылыя пакоі, а цокальны паверх выкарыстоўваўся пад розныя крамы і лаўкі, у тым ліку тут знаходзілася бакалейная лаўка, а таксама мануфактурны склад “Канавалаў і сын”.
У пачатку 1920-х гадоў прынята рашэнне аб грунтоўнай рэканструкцыі гэтага будынка, праект якой у 1924 годзе распрацаваў архітэктар Аляксей Дзянісаў.
Графічная рэканструкцыя фасада на 1924 год.
У выніку рэканструкцыі надбудаваны другі паверх, а сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў вырашаны ў стылі неакласіцызму з элементамі архітэктуры мадэрну.
З 1932 года ў былым доме віцэ-губернатара знаходзіўся Камітэт па радыёвяшчанні пры ЦВК БССР, які ў 1933 годзе быў рэарганізаваны ў Камітэт радыёінфармацыі і радыёвяшчання пры Савеце Народных Камісараў БССР, які знаходзіўся тут да 1941 года.
Тут у 1930-я гады працавалі маладыя беларускія літаратары Тодар Кляшторны, Сымон Баранавых, Валерый Маракоў і іншыя, пры радыёкамітэце быў створаны сімфанічны аркестр.
Паэт Тодар Кляшторны
Сымон Баранавых
У гады Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў. Пасля вайны ў ім знаходзіліся розныя адміністрацыйныя ўстановы.
У 1950-я гады будынак былога дома віцэ-губернатара рэканструяваны, у выніку чаго быў часткова страчаны архітэктурны дэкор галоўнага фасада.
Графічная фіксацыя будынка да рэстаўрацыі. Канец ХХ стагоддзя.
У канцы XX стагоддзя распрацаваны праект рэстаўрацыі будынка (архітэктар Людміла Іванова), у выніку рэалізацыі якога быў цалкам адноўлены выгляд галоўнага фасада паводле першапачатковага рашэння архітэктара Аляксея Дзянісава.
Сучасны выгляд будынка пасля рэстаўрацыі.