ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ БУДЫНАК № 14
Назад
ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ БУДЫНАК № 14

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ

 

БУДЫНАК № 14

 ДОМ НЕВАХА ГРЫНГАЎЗА

 

  

Графічная рэканструкцыя фасада дома Грынгаўза паводле чарцяжа 1885 года. ТДА “Басталія” 2017 год

 

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная і мураваная забудова, якая належала мінскім мяшчанам Радштэйнам.

Фрагмент плана Мінска 1910 года. Пазначана места  дзе размешчаны зямельны пляц, які належыў мяшчанам Радштэйнам.

 

У 1877 годзе яны прадалі свой пляц з будынкамі мешчаніну Гілелю Вечарэвіну. Гэтыя будынкі былі значна пашкоджаны падчас вялікага пажару 1881 года. Пасля пажару Вечарэвін  ўзгадніў у Мінскай гарадской управе праект на ўзнаўленне свайго мураванага двухпавярховага дома з надбудовай трэцяга паверха.

У 1885 годзе новы ўладальнік пляца купец Невах Грынгаўз з боку Турэмнай вуліцы пачаў будаўніцтва новага вялікага мураванага дома,  якое было цалкам скончана ў 1886 годзе. 

Чарцёж фасада па праекту 1885 года па заказе Неваха Грынгаўза.

 

Гэта было прамавугольнае ў плане двухпавярховае збудаванне, накрытае двухсхільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад, які фланкіравалі лапаткі з рустам і філёнгамі, быў падзелены на 2 ярусы  прафіляванай цягай. У цэнтры будынка знаходзілася шырокая праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Абапал аркі былі выкананы такія ж самыя лапаткі, як на вуглах будынка. Аконныя і дзвярныя праёмы першага паверха прамавугольныя, на другім паверсе — лучковыя з сандрыкамі. На другім паверсе знаходзіліся два балконы з металічнымі кратамі. Адначасова на тэрыторыі пляца быў пабудаваны вялікі двухпавярховы флігель, а таксама комплекс гаспадарчых пабудоў.

 

Схема двара. Архіўны дакумент ХІХ стагоддзя

 

У 1894 годзе гэтыя будынкі набыў мінскі банкір Леапольд Лур’е. Паводле інвентарызацыі 1910 года ўсе памяшканні ў доме Лур’е выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры (у будынку было 6 кватэр).

Пасля 1920 года будынак быў нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся пад камунальныя кватэры. У 1920—1930-я гады ў былым доме Грынгаўза дабудаваны трэці паверх, які да 1941 года не быў атынкаваны.

У гады Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў. Пасля вайны быў атынкаваны трэці паверх будынка і часткова зменена яго планіроўка, а таксама закладзены дзвярныя праёмы з боку вуліцы.

Вуліца Інтэрнацыянальная. Трэці будынак з левага боку – былы дом Грынгаўза. Надбудаваны трэці паверх. Фота сярэдзіны ХХ стагоддзя.

 

Да канца XX стагоддзя былы дом Грынгаўза выкарыстоўваўся пад жылыя кватэры.

Фасад дома №14. Праект рэканструкцыі. Канец ХХ  стагоддзя