Назад
ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ БУДЫНАК № 18

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ

 БУДЫНАК № 18

 

Графічная фіксацыя фасада дома канца ХІХ стагоддзя.

 “Басталія” 2017 год

 

Мураваны будынак на рагу вуліц Праабражэнскай і Багадельнай быў пабудаваны ў першай палове XIX стагоддзя. Ён моцна пацярпеў падчас пажару 1881 года, пасля якога быў адноўлены.

Фасад дома з вуліцы Праабражэнскай. З альбома канца ХІХ стагоддзя

 

Адначасова з боку вуліцы Багадзельнай да старога будынка быў прыбудаваны новы двухпавярховы аб’ём. План будынка быў абумоўлены канфігурацыяй  зямельнага пляца.

План зямельнага пляца з пазначэннем гаспадарчых пабудоў.

Пачатак ХХ стагоддзя.

 

Гэта быў двухпавярховы мураваны будынак, накрыты складаным па  форме дахам, які быў аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных аконных і дзвярных праёмаў. Вокны першага паверха мелі драўляныя аканіцы. Паверхі былі падзелены на два ярусы, прафіляваныя цягай.

Фасад дома 18, які выходзіць на вуліцу Камсамольскую (Багадзельную). Чарцёж канца ХХ стагоддзя.

 

Галоўны фасад, які выходзіў на вуліцу Праабражэнскую, на другім паверсе меў балкон, які быў аздоблены  фігурнымі жалезнымі кратамі.

Выгляд на вуліцу Інтэрнацыянальная (Праабражэнская) у бок вуліцы Гарадскі Вал з боку перакрыжавання з вуліцай Камсамольскай (Багадзельнай).

 На першым плане злева – будынак 18. Фота сярэдзіны ХХ стагоддзя.

         

У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў уладальнікам гэтага дома быў мінскі мешчанін Якаў Бамдас. У 1907 годзе будынак набыў мінскі купец Саламон Ліўшыц.

Паводле інвентарызацыі 1910 года, асноўныя памяшканні будынка выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры. Акрамя таго, тут знаходзілася кандытарская крама, заснаваная вядомым мінскім кандытарам турэцкім падданым Ахмедам Офлі, які ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў адчыніў у Мінску некалькі кандытарскіх крам пад назвамі “Канстанцінопальскія”.

Адна з мінскіх лавак  сеткі кандытарскіх крам братоў Ахмеда і Халім-Мустафы Офлі.

 

         Пасля 1920 года будынак быў нацыяналізаваны, кандытарская, заснаваная Ахмедам Офлі, была зачынена, а асноўная частка памяшканняў прыстасавана пад камунальныя кватэры.

Сучасны выгляд дома з боку вуліцы Камсамольская

 

У гады Другой сусветная вайны будынак не пацярпеў. Пасля вайны ў выніку некалькіх рамонтаў была часткова зменена архітэктурнае рашэнне фасадаў.

У далечыне, з правага боку бачна частка фасада дома 18.

Фота сярэдзіны ХХ стагоддзя.