ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ
БУДЫНАК №10
ДОМ ВЯНДОРФА
Графічная рэканструкцыя фасада дома Вяндорфа на ХІХ ст.
Мураваны будынак на гэтым пляцы быў пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя ў стылі класіцызму. Вузкі, працяглы ў бок двара, двухпавярховы жылы дом, з высокім цокальным паверхам, тарцовым фасадам выходзіў на Койданаўскую вуліцу.
Пры яго будаўніцтве былі выкарыстаны падвальныя памяшканні, перакрытыя скляпеннямі, якія засталіся ад будынка XVIII стагоддзя. Канчаткова яго архітэктурны выгляд сфарміраваўся да сярэдзіны XIX стагоддзя.
Чарцеж фасада дома ХІХ ст
Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на два ярусы плоскай цягай і завершаны вялікім трохвугольным франтонам з паўцыркульным акном у тымпане. Франтон быў аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. Вуглы будынка былі аформлены плоскімі лапаткамі, якія на першым паверсе былі апрацаваны рустам. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных аконных праёмаў. Вокны другога паверха былі аформлены плоскімі ліштвамі з замковым камнем. Збоку вуліцы былі зроблены ўваходы ў цокальны паверх. У двары сфарміраваўся комплекс мураваных гаспадарчых пабудоў.
Гэты будынак пацярпеў падчас вялікага пажару 1881 года. Пасля пажару уладальнік дваранін Адольф Вяндорф звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на яго аднаўленне, паводле якога планавалася цалкам захаваць архітэктурны выгляд будынка, які ён меў да пажару. Пасля гэтага рамонту ў другой палове XIX — пачатку XX стагоддзяў вялікіх змен у архітэктуры дома Вяндорфа не адбылося.
Паводле інвентарызацыі 1910 года ў доме Вяндорфа ў цокальным паверсе знаходзілася слясарная майстэрня і завод сельтэрскай вады, а таксама склад фруктаў, акрамя таго, тут яшчэ была мануфактурная крама і пераплётная майстэрня, астатнія памяшканні выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры.
Пасля 1920 года былы дом Вяндорфа нацыяналізаваны, асноўныя яго памяшканні былі перароблены пад камунальныя кватэры.
Фотаздымак сярэдзіны ХХ стагоддзя
У гады Другой сусветнай вайны не пацярпеў.
Фотаздымак 1944 года .
Стрэлкай пазначаны дом №10 па вуліцы Рэвалюцыйная.
У выніку шматлікіх пасляваенных рамонтаў на галоўным фасадзе будынка часткова страчаны архітэктурны дэкор.
Графічіная рэканструкцыя фасада дома №10. Канец ХХстагоддзя
У другой палове XX стагоддзя ў былым доме Вяндорфа знаходзіліся розныя ўстановы.
Фота канца ХХ стагоддзя.
Сучасны выгляд фасада дома №10.