ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ
БУДЫНАК №14 ДОМ ЛЕВІНА
У ГЭТЫМ ДОМЕ ЖЫЎ ВІНЦЭНТ ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ
Графічная рэканструкцыя фасада дома Левіна
У першай палове XIX стагоддзя на тэрыторыі гэтага вялікага зямельнага пляца, які меў складаную канфігурацыю і выходзіў як на вуліцу Койданаўскую, так і на вуліцу Феліцыянаўскую (пасля 1866 года Багадзельную), сфарміраваўся комплекс мураваных і драўляных будынкаў.
Двухпавярховы мураваны будынак у стылі класіцызму, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, быў пабудаваны ў першай палове XIX стагоддзя. Пры яго будаўніцтве былі выкарыстаны падмуркі і перакрытыя скляпеннямі падвальныя памяшканні мураванага будынка XVIII стагоддзя. У сярэдзіне XIX стагоддзя гэты дом на Койданаўскай вуліцы належаў мінскім мяшчанам Левіным.
Менавіта ў доме Левіна ў 1850-я гады пасяліўся класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
На гэты адрас у 1852 годзе, перад прэм’ерай першай беларускай нацыянальнай оперы “Ідылія”, ён прасіў пераслаць з Вільні значную колькасць накладу свайго лібрэта.
Будынак пацярпеў падчас вялікага пажару 1881 года, пасля якога быў адноўлены і цалкам захаваў свой першапачатковы архітэктурны выгляд.
Мінск пасля пажару 1881 года.
Гэта быў П-падобны ў плане двухпавярховы дом, накрыты складаным па канфігурацыі дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на 2 ярусы прафіляванай цягай. Рытм фасадаў ствараўся сеткай лучковых аконных праёмаў. У цэнтры будынка знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Над аркай размяшчаўся балкон з дэкаратыўнымі металічнымі кратамі. Вокны другога паверха былі аздоблены прафіляванымі ліштвамі. Абапал балконных дзвярэй былі змешчаны калонкі з капітэлямі.
Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць памяшканняў выкарыстоўвалася пад жылыя кватэры. Акрамя таго, тут знаходзіліся мануфактурныя крамы, а ў двары некалькі майстэрняў, у тым ліку медналіцейная, шавецкая і кравецкая майстэрні.
Пасля 1920 года будынак Левіна нацыяналізаваны, большасць памяшканняў перароблена пад камунальныя кватэры.
У часы Другой сусветнай вайны не пацярпеў.
Фотаздымак 1944года.
У выніку шматлікіх пасляваенных рамонтаў была цалкам зменена ўнутраная планіроўка будынка.
Праект рэканструкцыі фасада. 1980-я гады
У другой палове XX стагоддзя былы дом Левіна выкарыстоўваўся пад розныя ўстановы.
У 1970 годзе тут была змешчана рэдакцыя часопіса “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”.
Сучасны выгляд будынка пасля рэканструкцыі.