ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ БУДЫНАК №24 ДОМ ФОГЕЛЯ-ЗАЛКІНДА
ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ БУДЫНАК №24 ДОМ ФОГЕЛЯ-ЗАЛКІНДА

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ

 

БУДЫНАК №24

ДОМ ФОГЕЛЯ-ЗАЛКІНДА

      

Графічная рэканструкцыя фасада будынка на канец ХІХ ст.

 

На гэтым пляцы мураваны будынак у стылі класіцызму быў узведзены ў першай палове XIX стагоддзя (па некаторых дадзеных у 1810 годзе), які сваім галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Койданаўскую. Адначасова ў двары сфарміраваўся комплекс драўляных гаспадарчых пабудоў.

Падчас пажару 1881 года гэты будынак моцна пацярпеў, а драўляная забудова была цалкам знішчана.

 

Выгляд Мінска пасля пажару 1881 г. Мастак Баярскі.

 

Пасля пажару ўладальнік будынка мінскі дваранін Аляксандр Фогель звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на аднаўленне мураванага жылога дома.

 

Праект фасада прадстаўлены мінскім  дваранінам А.Фогелям на зацвярджэнне  ў Мінскую  гарадскую  думу. 1881 г.

 

Паводле праекта прамавугольны ў плане двухпавярховы мураваны будынак з высокім цокалем, быў накрыты двухсхільным дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам.  Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, быў вылучаны неглыбокім рызалітам, які быў завершаны ступеньчатым атыкам. У цэнтры рызаліту знаходзілася вялікая праязная арка, перакрытая мураваным скляпеннямі. Над аркай быў змешчаны балкон з дэкаратыўнымі металічнымі кратамі. Прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы першага і другога паверхаў былі аздоблены прафіляванымі ліштвамі, над вокнамі другога паверха знаходзіліся сандрыкі. Цокальны паверх быў аформлены рустам. Аконныя і дзвярныя праёмы цокаля мелі драўляныя аканіцы.

У канцы XIX стагоддзя ўладальнікам гэтага будынка стаў мінскі купец Шэпсель Залкінд, які ў 1884 годзе грунтоўна перабудаваў вялікі флігель ў двары, а ў 1898—1899 гадах у былым доме Фогеля  дабудаў трэці паверх.

Фота пачатку ХХ ст. Фасад дома з надбудаваным трэцим паверхам.

 

Паводле інвентарызацыі 1910 года большую частку памяшканняў на другім і трэцім паверхах займала “Мінская жаночая прыватная Аляксееўская гімназія Е. Рэйман”, якая знаходзілася тут з 1910 гада. Астатнія памяшканні выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры. У цокальным паверсе было некалькі лавак і крам, а таксама пякарня.

Дом Козінай.  У 1913 годзе ў гэты будынак (даходны дом Козінай Алены Сямёнаўны), які размяшчаецца на рагу   Пецярбургскага завулка і Міхайлаўскай вуліцы (сучасны адрас вуліца Кірава 5) пераязджае Аляксееўская прыватная жаночая гімназія Елізаветы Дзмітрыеўны Рэйман

 

Пасля таго, як гімназія Рэйман пераехала ў другі будынак, тут знаходзілася “Другое Мінскае вышэйшае пачатковае вучылішча”.

Пасля 1920 года былы дом Фогеля нацыяналізаваны. Большасць памяшканняў у ім была перароблена пад камунальныя кватэры.

У гады Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў.

Фотаздымак 1944 года. У правым верхнім куце, сярод дыму бачны ацалелы будынак дома Фогеля-Залкінда.

 

Пасля вайны ў выніку шматлікіх рамонтах быў часткова страчаны дэкор галоўнага фасада і зменена планіроўка будынка.

 

На здымках сучасны стан будынка/. Фота 2012-2017 г.г.

 

Да канца XX стагоддзя былы дом Фогеля выкарыстоўваўся пад жыллё.