ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ БУДЫНАК №26 ДОМ ФРЫДМАНА
ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ БУДЫНАК №26 ДОМ ФРЫДМАНА

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ

 

БУДЫНАК №26

ДОМ ФРЫДМАНА

         

Графічная рэканструкцыя фасада дома на ХІХ ст.

 

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная забудова, на месцы якой у другой палове XIX стагоддзя пабудаваны двухпавярховы жылы дом, які галоўным фасадам выходзіў на Койданаўскую вуліцу. Гэты будынак моцна пацярпеў падчас вялікага пажару 1881 года.

 

Мінск пасля пажару 1881 года. Мастак Баярскі

 

Адразу пасля пажару мінскі мешчанін Якаў Фрыдман звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу с праектам на аднаўленне пашкоджанага будынка, а таксама двух мураваных флігеляў у двары, і на будаўніцтва дадатковых гаспадарчых пабудоў.

 

Праект фасада прадстаўлены Я.Фрыдманам на зацвярджэнне ў Мінскую гарадскую ўуправу. 1881 год.

 

Гэта быў двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам, які быў аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам. Галоўны фасад адноўленага дома, які выходзіў на вуліцу Койданаўскую, быў вырашаны ў стылі эклектыкі. Ён быў падзелены на два  ярусы прафіляванай цягай і багата аздоблены ляпным дэкорам. Другі паверх быў аформлены рустам і меў два балконы з літымі дэкаратыўным кратамі. У паўднёва-заходняй частцы будынка знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі.

З 1890 года гэты будынак належаў мінскаму мешчаніну Юдэлю Ліберману. Паводле інвентарызацыі 1910 года большую частку памяшканняў займалі жылыя кватэры, а на першым паверсе знаходзілася яўрэйскае пачатковае вучылішча.

     

На здымку канца ХІХ стагоддзя бачны дом Фрыдмана   за будынкам Жаночай Гімназіі Рэйман .

 

Пасля 1920 года былы дом Фрыдмана нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся пад камунальныя кватэры.

У гады Другой сусветнай вайны не пацярпеў.

Фота 1943 года. Выляд з боку вуліцы Раманаўская слабада.

 

Пасля вайны тут таксама размяшчаліся жылыя кватэры. Да канца XX стагоддзя былы дом Фрыдмана амаль цалкам захаваў архітэктурнае рашэнне фасадаў XIX — пачатку XX стагоддзяў.

Здымак канца ХХ ст.