ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ
БУДЫНАК №28
ДОМ ПОЛЯКА
ГАСЦІНІЦА “КУПЕЦКАЯ”
Графічная рэканструкцыя фасада на ХІХ ст.
План Мінска 1793 года. Колерам пазначана вуліца Койданаўская.
Карта Мінска 1858 года.
Карта Мінска 1858 года. Фрагмент
У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная забудова, якая была знішчана падчас пажару 1874 года. Пасля пажару на месцы страчанай забудовы пабудаваны новы мураваны двухпавярховы дом, а таксама драўляны флігель.
Выгляд Мінска з боку Раманаўскай слабады. 1868 г.
Адбітак выявы з Памятнай кніжкі Віленскага генерал-губернатарства за 1868 год. 1891 г.
Гэтыя будынкі, якія належалі мінскаму мешчаніну Абраму Поляку, моцна пацярпелі падчас вялікага пажару 1881 года.
Выгляд Мінска пасля пажару 1881 года. Мастак Баярскі
Адразу пасля пажару ўладальнік звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на аднаўленне мураванага жылога дома, а таксама на ўзвядзенне комплексу гаспадарчых пабудоў.
Праект фасада будынка. Фрагмент дакумента пададзенага на зацьвярджэнне у Мінскую гарадскую ўправу. 1881 г.
Гэты праект быў цалкам рэалізаваны. Адноўлены пасля пажару мураваны двухпавярховы жылы дом выходзіў галоўным фасадам на Койданаўскую вуліцу. Асноўны аб’ём будынка быў накрыты двухсхільным дахам і аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на два ярусы прафіляванай цягай. Вуглы будынка былі аформлены лапаткамі. У цэнтры знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Над аркай быў змешчаны вялікі балкон з каванымі дэкаратыўнымі кратамі. Прамавугольныя аконныя праёмы другога паверха былі аздоблены прафіляванымі ліштвамі.
Фрагмент плана Мінска. Сярэдзіна ХІХ ст.
У 1891 годзе новы ўладальнік дома Ізраіль Ляхоўскі пабудаваў на тэрыторыі пляца новы мураваны флігель. У канцы XIX стагоддзя былы дом Поляка набыла дваранка Ідалія Воўк. У 1892 годзе яна пабудавала на тэрыторыі пляца некалькі дадатковых мураваных гаспадарчых пабудоў.
У 1906 годзе гэты дом разам з зямельным пляцам перайшоў ва ўласнасць да дваранкі Амеліі Ельскай.
Вуліца Койданаўская. У глыбіні кадра бачны дом Ельскай.
Фота пачатку ХХ стагоддзя.
Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць памяшканняў у доме Ельскіх займала гасцініца пад назвай “Купецкая”, якая мела 10 нумароў, акрамя таго, ў будынку было некалькі жылых кватэр.
Пасля 1920 года будынак быў нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся пад жылыя кватэры.
Пачатак вуліцы Рэвалюцыйнай з боку Раманаўскай Слабады. Фота 1934 года
У гады Другой сусветнай вайны не пацярпеў.Пасля вайны ў выніку шматлікіх рамонтаў і перабудоў быў часткова страчаны дэкор галоўнага фасада, а таксама балкон на другім паверсе. Адначасова была замуравана праязная арка.
Выгляд на Мінск з боку Раманаўскай Слабады. Фота 1943 года.
Да канца XX стагоддзя будынак выкарыстоўваўся пад жыллё.