ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ БУДЫНАК № 15 (ІНБЕЛКУЛЬТ)
ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ БУДЫНАК № 15 (ІНБЕЛКУЛЬТ)

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ

 

БУДЫНАК № 15 (ІНБЕЛКУЛЬТ)

 

Графічная рэканструкцыя фасада на пачатак ХІХ стагоддзя.

 

На гэтым пляцы мураваны будынак быў узведзены ў першай палове XIX стагоддзя, які сваім галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Койданаўскую. Першапачаткова гэта быў складаны ў плане трохпавярховы будынак у стылі класіцызму. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на два ярусы прафіляванай цягай. Першы паверх быў аформлены рустам, другі і трэці паверхі ўпрыгожвалі пілястры. Прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы мелі ляпныя ліштвы. Пад вокнамі другога паверха знаходзіліся нішы з філёнгамі, а над вокнамі — прамавугольныя сандрыкі. Сіметрычнасць кампазіцыі падкрэслівалася фігурным атыкам.

У 1877 годзе ўладальнік будынка стацкі саветнік Фебус Каплан падрыхтаваў праект яго рэканструкцыі, паводле якога з паўднёвага захаду планавалася дабудаваць дадатковы трохпавярховы аб’ём, дзе была змешчана вялікая парадная мармуровая лесвіца.

Праект фасада дома з прыбудовай прадстаўлены Капланам на зацьвярджэнне ў Мінскай гарадской управе. 1877 г.

 

Графічная рэканструкцыя  фасада дома з прыбудовай прадстаўлены Капланам на зацьвярджэнне ў Мінскай гарадской управе. 1877 г.

 

Будынак пацярпеў падчас вялікага пажару 1881 года, пасля якога быў хутка адноўлены.

Выгляд Мінска пасля пажару 1881 года

 

Пры гэтым ён амаль цалкам захаваў архітэктурнае рашэнне, якое атрымаў у канцы 1870-х гадоў. Адначасова на трэцім паверсе паміж дзвюма пілястрамі быў зроблены балкон, упрыгожаны дэкаратыўнымі металічнымі кратамі.

У 1906 годзе ўладальніцай гэтага будынка стала мінская мяшчанка Эсфір Варгафціч.

Паводле інвентарызацыі пачатку XX стагоддзя большая частка памяшканняў будынка выкарыстоўвалася пад жылыя кватэры. Акрамя таго, тут знаходзілася кантора “Расійскага транспартнага таварыства”, а таксама прыватная хірургічная лячэбніца М. Шапіры, якая была заснавана ў 1912 годзе.

У 1919 годзе гэты будынак быў нацыяналізаваны.

У студзені —  лютым 1919 года тут знаходзіўся першы Камісарыят па замежных справах ССРБ. Пасля 1920 года ў былым доме Каплана размяшчаліся розныя адміністратыўныя ўстановы, а з 1924 па 1928 год гэты будынак займаў Інстытут Беларускай Культуры (Інбелкульт), які ў 1929 годзе быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук БССР.

Тут з 1924 па 1928 год размяшчаўся Інстытут Беларускай Культуры (Інбелкульт)

С.М. Некрашэвіч  (8.5.1883-20.01.1937)

Першы Старшыня Інбелкульта (1922-1925). Акадэмік.

 

Ус. М. Ігнатоўскі (19.04.1881-4.02.1931) Старшыня Інбелкульта (1926-1927), Першы прэзідэнт Акадэміі навук БССР (1928)

 

В.Ю.Ластоўскі (8.11.1883-23.12.1938) Акадэмік, сакратар Інбелкульта

 

 

У гады Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў.

Пасля вайны ў ім знаходзіліся розныя адміністратыўныя ўстановы, а з 1991 года тут размяшчаўся Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны.

Пасля рэканструкцыі ў пачатку XXI стагоддзя ў гэтым будынку было змешчана пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Сучасны выгляд будынка