ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ
БУДЫНАК № 6 ДОМ ГУРВІЧА
У ГЭТЫМ БУДЫНКУ РАЗМЯШЧАЛАСЯ
ЛЯКАРНЯ ДОКТАРА С.Д. КАМІНСКАГА
Графічная рэканструкцыя фасада на ХІХ стагоддзе
Мураваны будынак на гэтым пляцы быў пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя ў стылі класіцызму. Гэта быў двухпавярховы жылы дом, з высокім цокальным паверхам. Канчаткова яго архітэктурны выгляд сфарміраваўся да сярэдзіны XIX стагоддзя. У другой палове XIX стагоддзя будынак разам пляцам належаў мінскаму мешчаніну Калману Гурвічу.
Праект фасада дома Праект фасада дома Гурвіча.
Мяркуемая дата да пажара 1881 года.
Дом моцна пацярпеў падчас вялікага пажару 1881 года, пасля якога быў цалкам адноўлены.
Мінск пасля пажару 1881 года.
Гэта быў двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з высокім цокалем, накрыты двухсхільным дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам. Галоўны фасад быў падзелены на два ярусы прафіляванай цягай. На першым паверсе знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі, абапал якой былі змешчаны плоскія лапаткі. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных аконных і дзвярных праёмаў. Вокны без ліштваў былі аформлены прамавугольнымі сандрыкамі. Паўднёва-ўсходні вугал будынка, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, быў узмоцнены контрфорсам. Цокальны паверх быў перакрыты крыжовымі скляпеннямі.
Чарцёж цокальнага паверха будынка. З праекта прадстаўленага на зацьвярджэнне Мінскай гарадской управе. Канец ХІХ ст.
У двары знаходзіліся два мураваныя флігелі і комплекс гаспадарчых пабудоў. У канцы XIX стагоддзя будынак належаў мінскаму мешчаніну Міхелю Грушкіну.
Паводле інвентарызацыі 1910 года ў цокальным паверсе будынка знаходзілася мануфактурная крама, а астатнія памяшканні выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры.
У адным з дваравых флігеляў месцілася прыватная лякарня па хваробах зроку доктара С. Камінскага, якая была разлічана на 6 ложкаў.
Сямён Давідавіч Камінскі . Урач-афтальмолаг у 1903 годзе заснаваў на ўласныя сродкі прыватную лячэбніцу на вочы. Пры ўдзеле С.Д.Камінскага 1 лістапада 1921 года быў адкрыты медыцынскі факультэт БДУ. Вядомы вучоны-афтальмолаг.
Пасля 1920 года былы дом Гурвіча нацыяналізаваны, а яго асноўныя памяшканні перароблены пад камунальныя кватэры.
У гады Другой сусветнай вайны не пацярпеў.
Фота 1944 года. Стрэлкай пазначаны ацалелы дом №6.
У выніку пасляваенных шматлікіх рамонтаў і рэканструкцый была цалкам зменена ўнутраная планіроўка будынка і часткова страчаны дэкор фасадаў.
У другой палове XX стагоддзя будынак выкарыстоўваўся пад жылыя кватэры і розныя ўстановы.
Куток вуліцы Рэвалюцыйнай.Фота канца ХХ стагоддзя.
Сучасны выгляд на вуліцу Рэвалюцыйную і дом №6