ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ БУДЫНАК №11 (ДОМ ВЕЧАРЭВІНА) ГАТЭЛЬ “НОВА ВАРШАВА”

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ

 

БУДЫНАК №11 (ДОМ ВЕЧАРЭВІНА)         

 ГАТЭЛЬ “НОВА ВАРШАВА”

Графічная рэканструкцыя Дома Вечарэвіна на канец ХІХ стагоддзя.

 

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала забудова, якая была знішчана падчас вялікага пажару 1881 года.

 

Мінская вуліца Койданаўская пасля пажару 1881 года.

Аўтар Баярскі. Польскі часопіс канца ХІХ ст.

 

Пасля пажару мінскі мешчанін Гілель Вечарэвін пабудаваў на месцы страчаных будынкаў вялікі дом, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу.

Праект фасада дома  Вечарэвіна зацверджаны на будаўніцтва Мінскай гарадской управай . Канец ХІХ ст.

 

Гэта быў трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам, аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на ярусы прафіляванымі цягамі. Аконныя праёмы аздоблены прафіляванымі ліштвамі. Пад вокнамі другога паверха былі нішы з філёнгамі. У цэнтры першага паверха знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі, абапал якой былі плоскія лапаткі. Такімі ж самымі лапаткамі былі аформлены вуглы будынка. Над аркай на другім і трэцім паверхах  былі змешчаны балконы з дэкаратыўнымі кратамі.

У 1888 годзе Вечарэвін часткова рэканструяваў будынак.

У 1904 годзе ўладальнікам гэтага дома стаў мінскі купец Ш. Махцей. Паводле інвентарызацыі 1910 года большую частку памяшканняў займала гасцініца Махцея “Нова-Варшава”, якая мела 10 нумароў.

 

Выгляд на будынак гімназіі Рэймана з боку гатэля “Нова Варшава”

 

На першым паверсе знаходзілася бакалейная лаўка, астатнія памяшканні выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры.

Пасля 1920 года нацыяналізаваны. У гады Другой сусветнай вайны быў пашкоджаны.

Пасля вайны былы дом Вечарэвіна адноўлены, але падчас рэканструкцыі ў 1950-я гады былі страчаны амаль усе архітэктурныя элементы галоўнага фасада XIX стагоддзя. Былі разбураны балконы і адначасова замуравана праязная арка.

 

Пасля рэканструкцыі да канца XX стагоддзя ў будынкі месціліся розныя адміністратыўныя ўстановы.

 

 

Сучасны выгляд будынка пасля рэканструкцыі.Фота 2012,2017 г.