ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ БУДЫНАК №13 ДОМ СЛЁЗБЕРГА
ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ БУДЫНАК №13 ДОМ СЛЁЗБЕРГА

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ

 

БУДЫНАК №13

ДОМ СЛЁЗБЕРГА

Графічная рэканструкцыя фасада дома Слёзберга на канец ХІХ стагоддзя.

 

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная і мураваная забудова, якая моцна пацярпела падчас вялікага пажару 1881 года. Адразу пасля пажару мінскі мешчанін Давід Слёзберг звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на аднаўленне пашкоджанага пажарам мураванага двухпавярховага жылога дома, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, з надбудовай дадатковага паверха.

Праект фасада зацверджаны Мінскай гарадской управай. Пасля 1881 года.

 

Паводле праекта гэта быў прамавугольны  ў плане трохпавярховы будынак, накрыты двухсхільным дахам. З боку двара да яго прымыкаў двухпавярховы мураваны флігель, накрыты аднасхільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад будынка, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, быў падзелены на ярусы прафіляванымі цягамі. У цэнтры знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Над аркай на другім і трэцім паверхах былі балконы, упрыгожаныя дэкаратыўнымі кратамі. Абапал аркі былі змешчаны плоскія лапаткі. Такія ж лапаткі знаходзіліся на вуглах будынка. На першым паверсе былі прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы, на другім і трэцім паверхах — лучковыя, аздобленыя прафіляванымі ліштвамі.

Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць памяшканняў будынка выкарыстоўвалася пад жылыя кватэры, а на першым паверсе знаходзіліся розныя крамы і лаўкі.

Пасля 1920 года былы дом Слёзберга нацыяналізаваны і перароблены пад камунальныя кватэры.

У гады Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў.

Фотаздымак часоў вайны. 1943 год. Выгляд з боку Пішчалаўскай турмы.

 

Пасля вайны ў выніку шматлікіх рамонтаў была цалкам зменена ўнутраная планіроўка будынка, а таксама замуравана праязная арка. Былі страчаны дэкаратыўныя краты балконаў. 

На здымку першы дом – будынак дзе размяшчаўся Інбелкульт,

другі будынак ( у адзіным комплекск) №13 -Дом Сзёзберга

 

Здымак 2010-х гадоў. Перад рэканструкцыяй.

 

Сучасны выгляд будынка пасля рэканструкуцыі. 2012 г.