ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ БУДЫНАК №9 ДОМ І ГАТЭЛЬ КРУКОЎСКАГА
ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ БУДЫНАК №9 ДОМ І ГАТЭЛЬ КРУКОЎСКАГА

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ

 

БУДЫНАК №9

ДОМ І ГАТЭЛЬ КРУКОЎСКАГА

 

 

 У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная і мураваная забудова, якая была моцна пашкоджана падчас вялікага пажару 1881 года.

 

 

Адразу пасля пажару быў распрацаваны праект на будаўніцтва новага мураванага дома, які галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Койданаўскую. Гэта было трохпавярховае прамавугольнае ў плане збудаванне, накрытае двухсхільным дахам, які быў аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на ярусы прафіляванымі цягамі. У цэнтры будынка знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных і лучковых аконных праёмаў. Аконныя і дзвярныя праёмы першага паверха не мелі ліштваў. Вокны другога паверха былі аздоблены  сандрыкамі.

 У двары знаходзіўся комплекс мураваных і драўляных гаспадарчых пабудоў.

 

 У канцы XIX стагоддзя ўладальнікам гэтага будынка з’яўляўся мінскі мешчанін Іван Крукоўскі.

Паводле інвентарызацыі 1910 года большую частку памяшканняў першага і другога паверхаў у доме Крукоўскага займала гасцініца, якая мела 13 нумароў.

Значная частка трэцяга паверха выкарыстоўвалася пад жылыя кватэры. Акрамя таго, на першым паверсе знаходзілася бакалейная лаўка, а таксама гадзіннікавыя майстэрня і крама.

Пасля 1920 года былы дом Крукоўскага нацыяналізаваны.

У часы Другой сусветнай вайны моцна пацярпеў.

Выгляд з боку Раманаўскай слабады. Фотаздымак 1943 года.

 

Аэраздымак з боку Высокага рынку.

На здымку у крузе бачны пашкоджаны будынак былога гатэля Крукоўскага.

Фота 1944 года.

 

Пасля вайны значная частка будынка разбурана, на месцы якой ў 1950-я гады быў пабудаваны вялікі трохпавярховы будынак, які галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Камсамольскую.


Фотаздымак 1955 года. Земляныя працы на скрыжаванні вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай. Па цэнтру бачны будынак былога гатэля Крукоўскага (ужо рэканструяваны). Пазней у сярэдзіне ХХ стагоддзя  выгляд гэтага і наступнага за ім будынкаў будзе канчаткова зменены.


 

Тая частка былога дома Крукоўскага, што захавалася, грунтоўна перабудавана. Цалкам было страчана першапачатковае рашэнне галоўнага фасада, які ў XIX — пачатку XX стагоддзяў выходзіў на вуліцу Койданаўскую.

На дальнім плане здымка  сучасны выгляд будынка былога гатэля Крукоўскага.Фота 2012 года.