Назад
ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ-ХХ СТАГОДДЗЯЎ ДОМ ЛІЎШЫЦА

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ-ХХ СТАГОДДЗЯЎ

( з XVI ст ЗБОРАВАЯ, з 1866 ТУРЭМНАЯ ,  1882-1920 ПРААБРАЖЭНСКАЯ)

ДОМ ЛІЎШЫЦА (БАНКІРСКАЯ КАНТОРА ЛУР’Е)

HISTORICAL BUILDINGS OF THE 19TH-20TH CENTURIES 

LIŬŠYC’S HOUSE LURJE BANK OFIICE

 

  

Графічная замалёўка фасада дома №16 паводле чарцяжа 1970-х гадоў Басталія 2017 год..

   

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы вуліцы Зборавай (з 1866 года вуліца Турэмная, з 1882 па 1920 гады вуліца Праабражэнская)  існавала драўляная забудова, якая была знішчана падчас вялікага пажару 1881 года.

Паведамленне аб пажары 21 чэрвеня 1881 года.

Фрагмент плана Мінска 1898 года.

 

У 1890 году мінскі купец Гілель Рубінштэйн пабудаваў на месцы знішчанай забудовы новы двухпавярховы жылы дом з шырокай праязной аркай ў цэнтры першага паверха. Акрамя таго, у канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў на тэрыторыі зямельнага пляца быў узведзены комплекс гаспадарчых пабудоў, а таксама мураваны двухпавярховы флігель.

План сядзібы. На плане бачны пазначаны пункцірнай лініяй праезд. Канец ХІХ стагоддзя

 

У 1907 годзе гэтыя будынкі і збудаванні набыў мінскі купец Саламон Ліўшыц. Паводле інвентарызацыі 1910 года ўсе памяшканні ў двухпавярховым жылым доме выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры. А ў афіцыне, акрамя жылых пакояў, знаходзілася слясарная майстэрня.

 У 1913 годзе быў распрацаваны і зацверджаны Мінскай гарадской управай праект грунтоўнай рэканструкцыі двухпавярховага жылога дома купца Ліўшыца. Паводле праекта планавалася надбудаваць трэці паверх, а таксама цалкам змяніць архітэктурны выгляд галоўнага фасада.

Здымак сярэдзіны ХХ ст.

 

Праект быў цалкам рэалізаваны. У выніку гэтай рэканструкцыі Мінск атрымаў адзін з самых цікавых прыкладаў архітэктуры мадэрну пачатку XX стагоддзя. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў багата аздоблены дэкаратыўнымі элементамі, характэрнымі для стылю мадэрн. Асноўнымі акцэнтамі кампазіцыі фасада з’яўляліся тры неглыбокіх рызаліты, якія былі завершаны трохвугольнымі франтонамі.

 На другім і трэцім паверхах былі зроблены тры балконы, аздобленыя жалезнымі фігурнымі кратамі. Работы па рэканструкцыі будынка былі скончаны ў 1913 годзе, аб чым сведчыць  дата на адным з франтонаў.

Пасля рэканструкцыі большасць памяшканняў будынка выкарыстоўвалася пад жылыя кватэры. Акрамя таго, тут была змешчана банкірская кантора “Лур’е”, заснаваная яшчэ ў 1899 годзе. Тут таксама знаходзілася невялікая гасцініца на 15 нумароў.

Пасля 1920 года будынак быў нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся як адміністратыўны, дзе былі змешчаны розныя дзяржаўныя ўстановы. У гады Другой Сусветнай вайны былы дом Ліўшыца не пацярпеў і ў асноўным захаваў архітэктурнае рашэнне, якое атрымаў ў 1913 годзе, толькі была замуравана шырокая праязная арка.