ГАТЭЛЬ СУЦІНА
Назад
ГАТЭЛЬ СУЦІНА

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ

 (ГАТЭЛЬ СУЦІНА)

HISTORICAL BUILDINGS OF THE 19TH CENTURY  SUCIN HOTEL

 

Фасад дома мінскага купца Б.А. Суціна.

     

У XVII—XVIII стагоддзях па тэрыторыі гэтага пляца праходзіў невялікі ручай, які з’яўляўся правым прытокам ракі Нямігі. Менавіта яго канфігурацыя абумовіла першапачатковую трасіроўку так званага Нямігскага завулка, які ў XIX стагоддзі атрымаў назву вуліца Філіцыянаўская, а пасля 1866 года — Багадзельная.

 

План сядзібы Дома Суціна. Бачна як працякае ручай – пазначаны як Гарадская канава. План пачатку ХХ стагоддзя

 

У дакументах XIX стагоддзя гэты ручай згадваецца як “канава Суціна”. У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная забудова, якая была знішчана падчас вялікага пажару 1881 года.

Дом Суціна на плане Мінска 1910 года.

 

Пасля пажару на гэтым пляцы пабудаваны вялікі мураваны трохпавярховы дом у стылі эклектыкі. На першым паверсе былі дзве праязныя аркі, перакрытыя скляпеннямі. Пад паўночна-ўсходняй аркай праходзіў ручай, які быў закрыты драўляным насцілам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў багата аздоблены ляпным дэкорам, на другім і трэцім паверхах знаходзілася некалькі балконаў, упрыгожаных фігурнымі металічнымі кратамі.

      

Вуліца Праабражэнская Фота пачатка ХХ стагоддзя

 

Паводле інвентарызацыі 1910 года большую частку будынка займала гасцініца “Суціна”, у якой было 43 нумары. Галоўны ўваход у гасцініцу знаходзіўся з боку вуліцы Праабражэнскай, а некалькі службовых уваходаў — збоку двара. Значная частка падвальных памяшканняў была занята пральняй, якая абслугоўвала гасцініцу. Значную частку першага паверха і падвальных памяшканняў  займаў рэстаран Берыловіча. Акрамя таго, на першым паверсе знаходзіліся банкірская кантора Берыловіча, а таксама вялікая кнігарня, якія мелі асобныя ўваходы з боку вуліцы.

 

Фота 1930 года

 

Пасля 1920 года будынак нацыяналізаваны і да 1941 года выкарыстоўваўся як гасцініца.

Частка вуліцы Інтэрнацыянальнай у бок плошчы Свабоды. Злевага боку бачны будынак – гатэль “Гарні”. Фота 1930-я гады.

 

У гады Другой сусветная вайны былы дом Суціна не пацярпеў, але ў выніку пасляваенных рамонтаў страчана большая частка архітэктурнага дэкору і балконы.

Выгляд на Менск з вежы Чырвонага касцёла. Фота 1918 года.

Фота сярэдзіны ХХ стагоддзя

 

У 1950—1980-я гады ў былым доме Суціна знаходзіліся Мінскае музычнае вучылішча, а таксама музычная бібліятэка.  У канцы XX стагоддзя сюды быў пераведзены Беларускі рэстаўрацыйна-праектны інстытут.

 

У пачатку XXI стагоддзя была выканана рэканструкцыя былога будынка Суціна, падчас якой  быў цалкам адноўлены першапачатковы выгляд галоўнага фасада. У будынка знаходзіцца гасцініца “Гарні”.