ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА "ВЕРХНІ ГОРАД"
ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА "ВЕРХНІ ГОРАД"

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА "ВЕРХНІ ГОРАД"

HISTORICAL BUILDINES "VERHNI HORAD"

                

 

 Мінск. Верхні горад Графіка «Басталія» 2014 год

         Верхні горад - помнік археалогіі, горадабудаўніцтва, архітэктуры і гісторыі ХІІ - пачатку ХХ стагоддзяў. Тэрыторыя помніка абмежавана ракой Свіслач і сучаснымі вуліцамі - Інтэрнацыянальная, Гарадскі Вал і Няміга. У ХVІ стагоддзі атрымаў назву Новае местаальбо Новы горад, пазней Высокі горад. У ХVІІ - пачатку ХІХ стагоддзяў быў абкружаны земляным валам.

   

Герб на  пячатцы магістрата Менска 1591-1790-х гадоў .

          

      Фрагмент карты Менска  XVIII стагоддзя

 

       Планіровачная структура будучага Верхняга горада пачала фарміравацца ў ХІІ стагоддзі. Уздоўж дарог, якія праходзілі па яго тэрыторыі, пачалі стыхійна ўзнікаць асобныя плямы нерэгулярнай забудовы, на падставе якой паступова сфарміраваўся  гарадскі пасад. Да ХVІ стагоддзя была засвоена тэрыторыя будучага Верхняга горада ад сучаснай плошчы Свабоды да ракі Свіслач, дзе ўжо сфарміраваліся асобныя гарадскія кварталы. Асноўнай дамінантай гэтай часткі горада стаў Казьмадзям'янаўскі манастыр, які знаходзіўся на стромкім плато, якое пазней атрымала назву Казьмадзям'янаўская гара.

                   

 

              Мінск. Вуліца Францыска Скарыны(Касмадзям'янаўская,  Цемныя крамы)

         Фота пачатка  ХХ ст.

                                                        

 

Верхні горад. Від з Пярэспы. З малюнка ХІХст

     У 1547 годзе вялікі пажар знішчыў практычна ўсю забудову горада, калі «замок наш Менский и место Менское, зо  всими маетностьями их подданных наших погорело...». Гэтыя падзеі з'явіліся падставай для грунтоўных работ па перапланіроўцы ўсяго горада, першыя згадкі пра якія ёсць у пісьмовых крыніцах, пачынаючы з 1571 года. У Мінск была накіравана спецыяльная вялікакняжацкая камісія  дзеля «перенесеня на иншое местце рынку и некоторых улиц и парадного будованья домов».

        

         У цэнтры сучаснага Верхняга горада была створана новая рыначная плошча, якая атрымала назву Новы, а пазней Высокі Рынак(пасля 1865 Саборная плошча, сучасная плошча Свабоды). Планіроўка гэтай плошчы адпавядала горадабудаўнічым прынцыпам эпохі Рэнесансу. На плошчу выходзілі галоўныя гарадскія вуліцы. Вакол Новага Рынку была створана сетка кварталаў з рэгулярнай планіроўкай. Увесь гэты раён атрымаў назву Новае альбо Высокае места. Планіровачная структура гэтай часткі Мінска вылучалася спалучэннем новай планіроўкі са старажытнай горадабудаўнічай структурай ХІІ- ХVІ  стагоддзяў, а таксама ўлічвала асаблівасці прыроднага ландшафту.

                            

 Мінск. Саборная плошча Фота 1915года

         У канцы XVI-XVII  стагоддзяў сфарміраваўся архітэктурны комплекс цэнтральнай плошчы горада - Новага Рынку, з XVIII  стагоддзя - Высокага Рынку, дзе склаўся ансамбль мураваных грамадскіх, культавых і жылых будынкаў. Да плошчы прымыкалі прамавугольныя кварталы, на тэрыторыі якіх ў XVIІ-XVIIІ стагоддзях ўзведзены  каталіцкія кляштары францысканцаў, бенедыкцінцаў, бенедыкцінак, мар'явітак.      

                       

 

        Менск. (1882год)

 

У цэнтры плошчы размясціліся гарадская ратуша, мураваны будынак якой узведзены каля 1600 года, а таксама Гасціны двор.

         

 

 Менск.Высокі Рынак.(Акварэль Ю. Пешкі,1800)

 

Па перыметры плошчы пачынаецца будаўніцтва манастыроў і храмаў, узводзяцца палацы шляхты, дамы купцоў і багатых рамеснікаў. У канцы XVI-XVII  стагоддзяў тут пабудаваны кальвінскі збор, уніяцкая царква Святога Духа разам з мужчынскім і жаночым базыльянскімі манастырамі, каталіцкія кляштары дамініканцаў, бернардзінцаў і бернардзінак.

        

 

Кляштар бернардзінцаў. Графіка "Басталія" 2015 г.

                     

  Архітэктар Густаў Валерт.Фасад царквы Святога Духа. Графічная фіксацыя .1843 год.

 

Паводле пісьмовых крыніц вядома, што на плошчы знаходзіўся каралеўскі двор, палац Радзівілаў. Адным з самых прыгожых збудаванняў плошчы ў XVII стагоддзі быў узведзены у стылі Рэнесансу палац менскага мешчаніна Ягора Гегера, які знаходзіўся на рагу плошчы Высокага рынку і Койданаўскай вуліцы.

             

 

Мінск,  Высокі  Рынак-Койданаўская (XX ст)

 У XVIIІ стагоддзі на паўднёва-заходнім баку плошчы сфарміраваўся ў стылі барока ансамбль калегіума езуітаў з касцёлам Ісуса, Марыі і Святой Барбары (сучасны кафедральны Марыінскі касцёл).

                      

 

 

Менск.Высокі.Рынак.Наполеон Орда1870год

Будынак кляштара базыльянак. Графіка "Басталія" 2015 г.

       

          На Новы рынак выходзілі асноўныя гарадскія вуліцы. У паўночна-заходняй частцы плошча злучалася са Старым рынкам вуліцамі Школьнай і Казьмадзям'янаўскай, на паўднёвым захадзе праходзілі Койданаўская (сучасная Рэвалюцыйная) і Зборавая (з другой паловы ХІХ стагоддзя Праабражэнская, сучасная Інтэрнацыянальная) вуліцы.

         

 

Мінск, Высокі Рынак. Выгляд з вуліцы Зборавай. У перспектыве пачатак вуліц Школьнай і Койданаўскай (Герасімовіч, XIX).

 

         З паўднёвага ўсходу  на плошчу выходзілі Францысканская (пасля 1865 Губернатарская, сучасная Леніна) і Дамініканская (пасля 1865 Петрапаўлаўская, з 1922 Энгельса) вуліцы.  З паўночнага ўсходу мяжы ўніяцкіх і каталіцкіх кляштараў былі падзелены Валоскай альбо Валокі Полацкія (з 1865 Хрышчэнская, сучасная Інтэрнацыянальная), Малой Бернардзінскай (з 1865 Мала-Манастырская, сучасная Герцэна) і Бернардзінскай (пасля 1865 Манастырская, з 1922 Бакуніна, сучасная  Святых Кірылы і Мяфодзія) вуліцамі, а таксама Бернардзінскім завулкам (з 1865 Манастырскі завулак, з 1880-х гадоў Музыканцкая вуліца).

 Ю. Пешка Менск. Валокі Полацкія. Малюнак 1800 года

                       

 

Я.Дроздовіич.Менск. Высокае места.1919 год

Від на вуліцу Валоцкую.У правым баку бачны «Дом масонаў»

Малюнак Чэслава Манюшкі

 У канцы XVIIІ - пачатку ХІХ стагоддзя архітэктурны ансамбль плошчы Высокага Рынку значна рэканструяваны ў стылі класіцызму. Паводле праектаў мінскага губернскага архітэктара Фёдара (Тэадора) Крамера былі рэканструяваны будынкі гарадской ратушы і Гасцінага двара. З паўднёвага ўсходу да будынка былога манастыра базыльянаў прыбудавана тэатральная афіцына з вялікай двухсвятловай залай на другім паверсе.

                   

 

Мастак Мейер Аксельрод. Менск.

 На тэрыторыі квартала XVII - XVIIІ стагоддзяў узведзены комплекс будынкаў малога гасцінага двара. Акрамя таго, паводле праектаў Крамера былі пабудаваны шэраг мураваных жылых дамоў па перыметры плошчы. На паўднёва-ўсходнім баку плошчы ўзведзены першы будынак Мінскага гарадскога тэатра (архітэктар Міхаіл Чахоўскі), на рагу плошчы і Францысканскай вуліцы пабудавана гасцініца, якая ў другой палове ХІХ стагоддзя атрымала назву «Еўрапейская» альбо «Еўропа».

            

 

Мінск Вуліца Губернатарская  Гарадскі тэатр і гатэль «Еўропа».

Фота ХІХ ст

                                    

                            

  Мастак Натан Альтман. Выгляд на Саборную плошчу з гатэля "Еўропа"

 

На тэрыторыі кварталаў, якія прылягалі да плошчы, пабудаваны сядзіба Друцкіх-Любецкіх (пазней Ваньковічаў), так званы Дом Масонаў, а таксама шэраг іншых мураваных збудаванняў у стылі класіцызму.

      

 

Гарадская сядзіба Ваньковічаў. Графіка "Басталія"

                                       

     

 

Дом масонаў. Графіка "Басталія"

 

         У час вялікага пажару 1835 года пацярпела значная колькасць будынкаў і збудаванняў Верхняга горада, частка з іх была вельмі хутка адноўлена, іншыя значна перабудаваны. На месцы знішчанай драўлянай забудовы ўзведзены цэлы шэраг новых двух-, трохпавярховых мураваных будынкаў. У канцы ХІХ- пачатку ХХ стагоддзяў на плошчы, якая з 1865 года стала Саборнай,  ў стылі мадэрн рэканструяваны будынкі былога Гасцінага двара і гасцініцы «Еўропа».

          

 

Заходні фасад Гасцінага двара рэканструяванага на пачатку ХХ ст

 

         Шэраг асобных гісторыка-архітэктурных помнікаў Верхняга горада прыняты пад дзяржаўную ахову ў 1926 годзе. У гады Другой сусветнай вайны частка гістарычнай забудовы Верхняга горада, у тым ліку помнікі архітэктуры XVII - XVIIІ стагоддзяў, моцна пашкоджана альбо цалкам разбурана. Пасля вайны ў выніку значнай перапланіроўкі цэнтральнай часткі Мінска была зменена планіровачная структура, а таксама знесена значная колькасць гістарычных аб'ектаў Верхняга горада.

        

Мінск, Высокі Рынак Фота 1915г.

 

 

Мінск . Вуліца Дамініканская. Ян Курачынскі 1880 год.

 

У 1979 годзе  зацверджана ахоўная зона Верхняга горада, а з 1988 года Верхні горад як комплексны помнік гісторыі і культуры знаходзіцца пад аховай дзяржавы.