ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ КІРЫЛА І МЯФОДЗІЯ
ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ КІРЫЛА І МЯФОДЗІЯ

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ КІРЫЛА І МЯФОДЗІЯ

VULICA KIRYLA I MIAFODZIJA HISTORICAL BUILDINGS

 

       

 Выгляд Верхняга рынка з Траецкай гары. Малюнак Язэпа Драздовіча 1919 г.

 

         Вуліца Кірылы і Мяфодзія, былая Бернардзінская, у XVII-XVIII ст. праз мост звязвала дзве гістарычныя часткі Мінска - Верхні горад і Траецкую гару.

        

 

 

Фрагмент мапы 1790 года

5-кляштар бернардзінцаў 6-кляштар бернардзінак

 

 

 

 

Мапа Мінска 1790 года

 

         На рагу вуліц Зыбіцкай і Бернардзінскай знаходзіліся пабудовы Мінскага кляштара бернардзінак, заснаванага ў 1633 годзе, дзякуючы фундацыі троцкага ваяводы Аляксандра Слушкі. У 1630 -м годзе у Мінску з'явіліся першыя бернардзінкі. Спачатку ў іх не было свайго касцёла і  кляштара. Сярод першых мінскіх бернардзінак лічылася Людвіна Завішанка - дачка віцебскага кашталяна Мікалая Завішы.

          Першым фундатарам кляштара бернардзінак стаў трокскі ваявода Аляксандр Слушка, дзякуючы намаганням якога ў 1633 г. быў пабудаваны драўляны касцёл і жылы корпус. Адначасова Слушка падараваў кляштару маёнтак Гатаў з чатырма вёскамі, столькімі ж карчмамі, двума млынамі, гэты маёнтак налічваў больш за 109 валок ворнай зямлі. У 1642 г. па ініцыятыве таго ж Слушкі пачалося будаўніцтва новага мураванага касцёла і будынкаў кляштара.

          Дабудаваць іх перашкодзілі ваенныя падзеі сярэдзіны XVII ст., і толькі ў 1687 г. новы касцёл быў кансекраваны ў гонар Звеставання.

         У галоўным алтары святыні знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, якому нават была прысвечана спецыяльная кніга.

 

            

                       Мінскі абраз Маці Божай, Мінская Адзігітрыя                     

Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа. Мінск

 

         Пасля пажару ў 1741 годзе комплекс кляштара бернардзінак аднавілі і рэканструявалі, а ў 1760-я гады ў касцёле закончылася  будаўніцтва  новага манументальнага мураванага алтара. Паводле візіт і інвентароў канца XVIII - першай паловы XIX ст.касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаваны ў стылі барока, уяўляў трохнававую 6-слуповую базіліку з двухвежавым галоўным фасадам. Цэнтральная нава  перакрыта  цыліндрычнымі  скляпеннямі,  а бакавыя навы - крыжовымі.

           У канцы XVIII ст. інтэр'еры святыні ўпрыгожвалі  сем  стукавых алтароў.  Да  касцёла  з  поўначы прамыкаў двухпавярховы жылы корпус кляштара, які меў П-падобны план.

        

 

 

 План касцёла і кляштара бернардзінак, зроблены ў 1869 годзе. Менск.

 

         На рагу Зыбіцкай і Бернардзінскай вуліц была пабудавана вялікая мураваная  афіцына.  На  тэрыторыі комплексу знаходзіўся сад і драўляныя  гаспадарчыя пабудовы. У 1819 годзе паводле  праекта  мінскага   губернскага   архітэктара  Міхаіла   Чахоўскага была  рэканструявана  афіцына  кляштара  бернардзінак. Пасля таго, як ў 1863 годзе кляштар быў зачынены, у гэтай  афіцыне быў змешчаны так званы «шляхетны» пансіён мадам Парнікель, у якой атрымлівалі адукацыю дзяўчаты з дваранскіх сямей.

         Каля 1842 г. у мінскім кляштары бернардзінак знаходзілася 20 законніц-бернардзінак, паслушніца, кандыдатка і дзве законніцы ордэна тэрцыярак. У ім выхоўваліся таксама каля 20 дзяўчат,  большасць з якіх страціла бацькоў .

         У 1853 годзе кляштар быў зачынены, а яго будынкі перададзены праваслаўнай царкве. З 1870 года  тут размяшчаўся праваслаўны манастыр Святога Духа.

          На супрацьлеглым баку вуліцы ўзвышаліся муры кляштара бернардзінцаў, заснаванага ў 1624 годзе, які займаў пляц, абмежаваны Высокім рынкам, дзвюма Бернардзінскімі і Зыбіцкай вуліцамі.

                             

                                

Сітуацыйны план . 1801 год

 

                      

Сітуацыйны план . Канец ХІХ ст

 

             Комплекс будынкаў займаў пляц, абмежаваны Высокім Рынкам, дзвюма Бернардзінскімі і Зыбіцкай вуліцамі.

          Пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання  1863-1864 гадоў кляштар  бернардзінцаў быў ліквідаваны царскімі  ўладамі, а двухпавярховы будынак  пераабсталяваны пад турму, у якой утрымліваліся шматлікія ўдзельнікі паўстання.

         У   1872г. ў  касцёльных  мурах быў змешчаны архіў.  У пачатку  ХХ ст. ў  двухпавярховай  афіцыне знаходзіўся гарадскі  ламбард, а ў  астатніх гаспадарчых пабудовах - мінская пажарная каманда.

 

         

Архіў. Фота 1900-х гадоў

          

 

Пажарная каманда на Вялікай Бернардынскай. Фота 1902 года.

 

         Адзін з першых маршрутаў мінскай конкі ў 1892 годзе таксама прайшоў па бруку былой Бернардзінскай вуліцы, якая ў другой палове ХІХ ст.  атрымала назву - Манастырская.

 

 

 

Пачатак вуліцы Манастырскай. Фота 1915 года.

 

         Менавіта адсюль прайшла першая гарадская тэлефонная лінія (1890 г.), якая наладзіла сувязь паміж службай дэпо і пажарнай вежай на сучаснай вул.Маскоўскай (захавалася да нашых дзён). У гэтым кутку  горада ў  1874 годзе  ўпершыню з'явілася  вадаправодная  сетка

                   

 

 Бернардынскія муры. Мастак М.Філіповіч 1924год

  

                

 

Менск. Вуліца Бэрнардынская. Фота 1941года.