ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ
БУДЫНАК №17
ДОМ БАКШТАНСКАГА
Графічная рэканструкцыя фасада будынка на ХІХ ст
У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная і мураваная забудова, якая была моцна пашкоджана падчас вялікага пажару 1881 года.
Выгляд Мінска пасля пажару 1881 г. Мастак Баярскі.
Адразу пасля пажару ўладальнік пляца стацкі саветнік Фебус Каплан звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на аднаўленне мураванага двухпавярховага жылога дома, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу.
Праект фасада зацьверджаны Мінскай гарадской управай.1881 г.
Паводле гэтага праекта гэта быў прамавугольны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў фланкіраваны плоскімі лапаткамі з філёнгамі. Прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы былі аздоблены прафіляванымі ліштвамі. Пад вокнамі другога паверха знаходзіліся прамавугольныя нішы з філёнгамі. Праз некалькі гадоў уладальнік дома вырашыў зрабіць у цэнтры галоўнага фасада на другім паверсе балкон з дэкаратыўнымі металічнымі кратамі.
У 1897 годзе ўладальнікам гэтага будынка стаў мінскі купец другой гільдыі Янкель Бакштанскі.
Паводле інвентарызацыі 1910 года ў доме была адна кватэра, дзе жыў яе ўладальнік, астатнія памяшканні займала “Таварыства дапамогі бедным яўрэям”.
Скрынка для ахвяраванняў. Мінск,Канец ХІХ- пачатак ХХ ст.
Скрынка для ахвяраванняў прызначалася для збору грошай таварыствам дапамогі бедным яўрэям г. Мінска. Памеры: 15,8 смх13,8 смХ5 см. Да ХІХ ст зборам ахвяраванняў займаліся ў асноўным культавыя ўстановы. Напрыканцы ХІХ ст. у Беларусі з’явілася вялікая колькасць дабрачынных таварыстваў, якія збіралі грошы на пэўныя – пераважна сацыяльныя – патрэбы. Дзеля гэтага, звычайна выкарыстоўваліся драўляныя або металічныя скрынкі кшталту паштовых. Выкарыстоўваюцца яны і цяпер (традыцыйна збольшага – культавымі ўстановамі), хоць у у наш час замест іх усё часцей ствараюцца электронныя рахункі. (Тутэйшы дызайн.
Асобы і рэчы. Мінск 2017 г. https://designtut.by/objects/skryinka_dlya_axvyaravannyau)
Пасля 1920 года былы будынак Каплана нацыяналізаваны. У гады Другой сусветнай вайны не пацярпеў.
Выгляд з боку вуліцы Раманаўская слабада. Здымак 1944 года.
Пасля вайны да канца XX стагоддзя выкарыстоўваўся пад жылыя кватэры.
Выгляд на вуліцу Рэвалюцыйную з боку Гарадскога вала. Здымак В. Качан 1985 год.
На здымку ў цэнтры з правага боку бачны дом №17.
Сучасны выгляд дома №17.
У пачатку XXI стагоддзя ў выніку рэканструкцыі былі цалкам разбураны аўтэнтычныя канструкцыі будынка.
У адноўленым доме дабудаваны вялікі мансардавы паверх.