ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ БУДЫНАК №22 ГАТЭЛЬ “ЛІВАДЗІЯ”
ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ БУДЫНАК №22 ГАТЭЛЬ “ЛІВАДЗІЯ”

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ

 

БУДЫНАК №22

ГАТЭЛЬ “ЛІВАДЗІЯ”

 

Графічная рэканструкцыя  фасада  на ХІХ стагоддзе.

 

У XVIII — першай палове XIX стагоддзяў на гэтым пляцы знаходзіліся будынкі мінскага кляштара бенедыкцінцаў, заснаванага ў 1700 годзе.

 

План Мінска 1793 года.

Пазначана мейсца знаходжання кляштара бенедыкцінцаў.

 

У 1832 годзе Менскі кляштар бенедыкцінцаў быў зачынены, а яго маёмасць перададзена гарадскім уладам. Доўгі час будынкі былога кляштара выкарыстоўваліся як складскія памяшканні.

Да сярэдзіны XIX стагоддзя ўсе пабудовы былога кляштара бенедыкцінцаў былі разбураны, а яго тэрыторыя паступова забудавана жылымі дамамі. Гэтыя будынкі былі знішчаны падчас вялікага пажару 1881 года.

 

Від Мінска пасля пажару 1881 года. Мастак Баярскі.

 

У 1888 годзе мінскі мешчанін Берка Футэр пабудаваў на месцы страчанай драўлянай забудовы першай паловы XIX стагоддзя мураваны аднапавярховы жылы дом, які сваім галоўным фасадам выходзіў на Койданаўскую вуліцу, а таксама  мураваны флігель і комплекс гаспадарчых пабудоў.

У 1893 годзе ў гэтага дома быў дабудаваны другі паверх.

 

Чарцёж фасада дома Футэра. 1893 год.

 

Жылы двухпавярховы дом, які выходзіў фасадам на Койданаўскую вуліцу, быў прамавугольны ў плане і накрыты двухсхільным дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам. Галоўны фасад яго быў падзелены на два ярусы прафіляванай цягай. Аконныя і дзвярныя праёмы першага паверха прамавугольныя без ліштваў мелі драўляныя аканіцы. Другі паверх, які меў лучковыя аконныя праёмы з сандрыкамі, быў багата аздоблены дэкаратыўнымі ляпнымі элементамі. Пад вокнамі былі нішы з філёнгамі. Балконныя дзверы фланкіравалі круглыя калонкі. У паўднёва-заходняй частцы будынка знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі.

Паводле інвентарызацыі 1910 года, тут знаходзілася гасцініца  “Лівадзія”, а астатнія памяшканні будынка выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры.

 

Куток Койданаўскай вуліцы.

 На першым плане ў прпавым куце гатэль “Лівадзія”. Фота пачатка ХХ ст.

 

У 1920 годзе ў гатэлі “Лівадзія” спыняўся вядомы савецкі кінарэжысёр С.М. Эйзенштейн.

Захаваўся ліст, які ён пісаў сваёй маці ў нумара гатэля.

Эйзенштейн – маме. Минск, 4/VIII-20 Отель Ливадия 
Из Смоленска я не писал, ибо и писать нечего было, и жизнь в течение месяца в теплушке к особо жизнерадостным письмам не располагала. Здесь же – прямо Европа. Совершенно свободно продаются, например, лимоны (и только 350 р. штука!), картофельная мука (200р.!), рис (1400 р.), миндаль, чернослив, грецкие орехи, цикорий, шоколады (от 600 р. («домашний» - немецко-польский-военный-какао-мед) до 4000 р. – настоящий Cailler!), эмалированная посуда, подтяжки, белье (идеальное), булки (200 р. штука) etс. Есть «кафэ», настоящая сельтерская с экстрактом (15 р. стакан). Сода чуть ни в каждом магазине (1000 р. фунт). В общем – все, кроме, кроме – денег.
Ехали из Смоленска неделю. Три дня стояли в знаменитом сожженном Борисове. Все станции по пути (и вокзал Минска) сожжены до тла, мосты разрушены – везде временные.

Сам Минск, помимо всех описанных «аттракционов», сам по себе, - очарователен: чистенький европейский городок, даже с «архитектурой», тоже новой – empire in Europe. Приписка на полях зелеными чернилами: «Днем и ночью электричество! Европа! Есть даже ДМС (300р.) и «Mode Parisiennes Ete 1920». (т.е. «Парижские моды лета1920).

С.М.Эйзенштейн

Акрамя таго, на першым паверсе знаходзіліся розныя крамы і лаўкі.

Пасля 1920 года будынак быў нацыяналізаваны, а яго асноўныя памяшканні перароблены пад камунальныя кватэры.

У гады Другой сусветнай вайны былы дом Футэра не пацярпеў.

У выніку пасляваенных рамонтаў быў у значнай ступені страчаны дэкор фасадаў, а таксама металічныя краты балконаў. Да канца XX стагоддзя будынак выкарыстоўваўся пад жыллё.

Сучасны выгляд будынка ў якім размяшчаўся гатэль “Лівадзія”