ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ БУДЫНАК №8 ДОМ ШУЛЬМАНА
ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ БУДЫНАК №8 ДОМ ШУЛЬМАНА

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ

 

БУДЫНАК №8

ДОМ ШУЛЬМАНА

Графічная рэканструкцыя фасада дома мешчаніна К. Шульмана

 

 

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная і мураваная забудова, якая моцна пацярпела падчас вялікага пажару 1881 года.

 Пасля пажару ўладальнік пляца мінскі купец Ш. Шульман звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на аднаўленне пашкоджаных будынкаў.

Праект фасада дома мешчаніна К. Шульмана

 зацьверджаны Мінскай гарадской управай пасля пажару 1881 года.

 

Неўзабаве забудова была адноўлена. Галоўны мураваны будынак выходзіў сваім галоўным фасадам на вуліцу Койданаўскую. Гэта быў вялікі трохпавярховы дом, накрыты двухсхільным дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных аконных і дзвярных праёмаў. Галоўны фасад быў падзелены на ярусы прафіляванымі цягамі. На першым паверсе знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. На другім і трэцім паверхах былі два балконы з дэкаратыўнымі металічнымі кратамі.

У 1903 годзе будынак часткова рэканструяваны. На першым паверсе былі перароблены аконныя і дзвярныя праёмы, а таксама зменена планіроўка. У 1907 годзе ўладальнікам будынка стаў мінскі мешчанін Ізраіль Аксельрод.

Паводле інвентарызацыі 1910 года на першым паверсе дома знаходзіліся тры крамы. Акрамя таго, тут размяшчалася банкірская кантора Ліўшыца, вядомая яшчэ як гандлёвы дом “Г.А. Ліўшыц”. Астатнія памяшканні на другім і трэцім паверхах  выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры.

Пасля 1920 года былы дом Шульмана нацыяналізаваны. У 1920—1930-я гады ў будынку знаходзіліся розныя ўстановы.

У 1930-я гады адбылася грунтоўная рэканструкцыя былога дома Шульмана, падчас якой былі выкарыстаны першапачатковыя канструкцыі дома XIX стагоддзя. У выніку гэтых работ цалкам зменены архітэктурны выгляд фасадаў і планіровачная структура будынка.  

У гады Другой сусветнай вайны былы дом Шульмана не пацярпеў.

Фотаздымак 1944 года. Стрэлкай пазначаны ацалелы будынак дома №8.


 

Пасля вайны ў будынка быў дабудаваны чацвёрты паверх.

 

Фасад дома пасля  рэканструкцыі ў другой паловы ХХ ст

Здымак другой паловы ХХстагоддзя.

 

Пасля перабудовы тут размяшчаліся рамонтна-будаўнічая кантора, а таксама  праектны інстытут.

У канцы XX стагоддзя у гэтым будынку знаходзілася рэдакцыя першай недзяржаўнай беларускамоўнай радыёстанцыі “Радыё 101.2 FM”.

Сучасны выгляд фасада дома №8.