КОМПЛЕКС БУДЫНКАЎ №13-15
Назад
КОМПЛЕКС БУДЫНКАЎ №13-15

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ (ГАТЭЛЬ ДРЭЙЦАРА)

КОМПЛЕКС БУДЫНКАЎ №13-15

HISTORICAL BUILDINGS OF THE 19th CENTURY  DREJCAR’S HOTEL

Графічная рэканструкцыя фасада будынка 13 (левае крыло комплекса) на ХІХ стагоддзе.

Graphical reconstruction of the building 13 façade (left wing of the complex), 19th century.       

 

У XIX стагоддзі на месцы сучасных дамоў № 13—15 існавалі два прыватныя пляцы, на якіх сфарміраваўся комплекс драўляных і мураваных пабудоў. Яны моцна пацярпелі падчас вялікага пажару 1881 года.

Выгляд Мінска пасля пажару 1881 года.

 

Адразу пасля пажару ўладальнік паўднёва-ўсходняга пляца мінскі мешчанін Окунь звярнуўся з праектам у Мінскую гарадскую ўправу на аднаўленне мураванага двухпавярховага дома, які галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Багадзельную. Гэта быў прамавугольны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на два ярусы прафіляванай цягай.  У цэнтры знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных і лучковых аконных праёмаў, аздобленых прафіляванымі ліштвамі.

На суседнім пляцы, які належаў мінскаму мешчаніну Дрэйцару, існуючая драўляная забудова ў выніку пажару была цалкам страчана. Уладальнік вырашыў на старых падмурках пабудаваць два аднапавярховыя мураваныя дамы, якія пасля неаднаразова перабудоўваліся.

На мяжы XIX — пачатку XX стагоддзяў  гэтыя будынкі былі аб’яднаны паводле адзінага праекта і атрымалі другі паверх. Адначасова на тэрыторыі пляца сфарміраваўся комплекс мураваных жылых і гаспадарчых пабудоў.

У пачатку XX стагоддзя Дрэйцар набыў суседні пляц разам з забудовай. У гэты час над усімі будынкамі, якія выходзілі на Багадзельную вуліцу, быў надбудаваны трэці паверх, а галоўны фасад фактычна новага будынка атрымаў адзінае архітэктурнае рашэнне ў стылі мадэрн.

 

Накрыс праекта фасада будынка Драйцэра. Левае крыло.

Пачатак ХХ стагоддзя

 

На фотаздымку сярэдзіны ХХ ст. бачны комплекс будынкаў былога гатэля Драйцэра

 

 Ён быў багата аздоблены ляпным дэкорам. На другім і трэцім паверхах знаходзіліся балконы, упрыгожаныя дэкаратыўнымі металічнымі кратамі. Цэнтральная частка была вылучана вялікім франтонам складанай канфігурацыі. Захаваліся праязныя аркі, які будынак меў да рэканструкцыі.

Паводле інвентарызацыі 1910 года большую частку памяшканняў займала гасцініца Дрэйцара, якая мела 40 нумароў, а ў астатніх размяшчаліся жылыя кватэры. На першым паверсе было некалькі крам і лавак, у тым ліку ювелірная і бакалейная лаўкі.

Спіс мінскіх гатэляў 1914 год.

 

Пасля 1920 года былая гасцініца Дрэйцара нацыяналізавана, большасць памяшканняў была перароблена пад камунальныя кватэры.

Рэклама мінскіх гатэляў у друку. 1930-я гады.

 

У гады Другой сусветнай вайны комплекс будынкаў былой гасцініцы не пацярпеў.

Фотаздымак 1944 года.

У перспектыве бачны ўцалелыя будынкі комплексу былога  гатэля Драйцэра

 

У выніку пасляваенных рамонтаў і рэканструкцый была цалкам зменена ўнутраная планіроўка будынкаў і часткова страчаны архітэктурны дэкор фасадаў.

Падрыхтоўчыя працы пад будаўніцтва новых дамоў на вуліцы Камсамольская.

На заднім плане бачны комплекс будынкаў былога гатэля Драйцэра.

Фота 1950-х гадоў.

 

У другой палове XX стагоддзя большая частка памяшканняў будынкаў выкарыстоўвалася пад розныя ўстановы.

Будынак №13. Сучасны выгляд.

Агульны выгляд на комплекс будынкаў з боку вуліцы Інтэрнацыянальнай.