КОМПЛЕКС БУДЫНКАЎ ГАЛОЎНАЙ МІНСКАЙ СІНАГОГІ
КОМПЛЕКС БУДЫНКАЎ ГАЛОЎНАЙ МІНСКАЙ СІНАГОГІ

ГІСТРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА XVI-XIX СТАГОДДЗЯЎ

КОМПЛЕКС БУДЫНКАЎ ГАЛОЎНАЙ МІНСКАЙ СІНАГОГІ      

      

Выгляд Вялікай Мінскай сінагогі і Школьнага двара  на канец ХІХ стагоддзя

Графіка “Басталія”

 

 

Найбольш раннія звесткі пра існаванне ў Мінску яўрэйскай абшчыны сустракаюцца ў пісьмовых крыніцах, пачынаючы з XVI стагоддзя. У 1579 годзе вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага і кароль польскі Стэфан Баторый выдаў мінскім яўрэям цэлы шэраг прывілеяў, у тым ліку дарчы ліст, датаваны 9 верасня 1579 года, на пляц для збудавання бажніцы ў  Мінску побач з ракой Нямігай, уздоўж рэчышчы якой сфарміравалася вуліца, якая потым атрымала назву Няміжская.  Акрамя таго быў атрыманы дазвол на набыццё асобнага участка за горадам для стварэння яўрэйскіх могілак. 

Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага і кароль польскі Стэфан Баторы (1533-1586).

Партрэт невядомага мастака ХVI стагоддзя

 

Гэты прывілей быў пацверджаны ў 1625 года вялікім князем Вялікага Княства Літоўскага і каралём польскім Жыгімонтам ІІІ, у якім згадваецца, што яўрэі на гэтым пляцы ўжо пабудавалі сваю бажніцу.  У больш позніх крыніцах XVII—XVIII cтагоддзяў іншых звестак, звязаных з гісторыяй будаўніцтва і рэканструкцыі будынкаў галоўнай Мінскай сінагогі, пакуль што не выяўлена.

     

Жыгімонт Ваза ІІІ (1566-1632) Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага і кароль польскі

 

  Упершыню комплекс будынкаў галоўнай Мінскай сінагогі быў пазначаны на планах горада канца XVIII стагоддзя на рагу Школьнай і Няміжскай вуліц пад назвай “Яўрэйскія школы”.        

        У пісьмовых крыніцах канца XVIII стагоддзя ён згадваецца як “жидовская школа, и при ней два пришколка каменные, основанная в 1570-м году”.         

       

План Мінска 1793 года. Вызначана места размяшчэння Школьнага двара на плане.

У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў  комплекс будынкаў галоўнай Мінскай сінагогі ўключаў цэлы шэраг культавых і гаспадарчых пабудоў, якія на працягу XIX стагоддзя неаднаразова перабудоўваліся і рэканструяваліся.

        Комплекс будынкаў галоўнай Мінскай сінагогі моцна пацярпеў падчас вялікага пажару 21 чэрвеня 1881 года. Нягледзячы на даволі значныя страты і разбурэнні, мінская яўрэйская грамада прыняла рашэнне цалкам аднавіць усе даўнія будынкі за выключэннем малітоўнага дома пад назвай “школа Резников”.

         У выніку работ, праведзеных пасля 1881 года, большасць будынкаў комплексу сінагогі была значна перабудаваны. Але будынак галоўнай вялікай сінагогі, пабудаванай на мяжы XVI—XVII стагоддзяў, у выніку пажару страціў толькі дах, і яе першапачатковае архітэктурнае аблічча не было пашкоджана.

У канцы XIX стагоддзя будынак галоўнай Мінскай сінагогі пачалі даследаваць як помнік старажытнай архітэктуры. У прыватнасці, былі зроблены яе падрабязныя абмерныя чарцяжы і фотаздымкі. Гэтыя матэрыялы ў 1893 годзе былі накіраваны ў  Маскоўскае імператарскае археалагічнае таварыства. Самы ранні з вядомых фотаздымкаў будынка  Мінскай сінагогі XVI — пачатку XVII стагоддзяў  быў змешчаны у альбоме “Віды горада Мінска”,  які быў надрукаваны ў 1904 годзе.

Фасад сінагогі з боку вуліцы Тяміга. Накрыс ХІХ ст

      

 Фасад сінагогі з боку вуліцы Тяміга. Графічная рэканструкцыя на  ХІХ ст. Басталія 2017г.

 

        Найбольш падрабязная інвентарызацыя комплексу будынкаў так званага “Школьнага двара”, у тым ліку і “Старой альбо халоднай сінагогі”, была выканана ў 1910 годзе. Тады быў складзены план усяго зямельнага пляца, дзе  пазначаны пабудовы, якія належалі мінскай яўрэйскай абшчыне.

План Школьнага двара

План першага паверха Халоднай сінагогі

 

Мінская халодная сінагога. Фота 1903 года

 Галоўным будынкам усяго комплексу з’яўлялася “Старая вялікая альбо халодная сінагога”, якая была вымуравана ў канцы XVI — пачатку XVII стагоддзяў.

 

Мастак Я. М. Кругер. Інтэр’ер мінскай халоднай сінагогі. 1921год.

 

Мастак М. Філіповіч. Мінская халодная сінагога. 1924 год.

Фота 1928 года. Мінская халодная сінагога.

 

Да  галоўнага аб’ёму,  дзе знаходзіўся вялікі малітоўны зал, перакрыты скляпеннямі, прылягала так званая “Новая cінагога“, а таксама “жаночая малельня”, школа для хлопчыкаў і іншыя памяшканні.

На самым рагу Школьнай і Кацярынінскай альбо Няміжскай  вуліц знаходзіўся вялікі будынак, які належаў яўрэйскаму брацтву “Шабакруім”, узведзены   яшчэ ў XVIII стагоддзі і грунтоўна перабудаваны пасля пажару 1881 года.

Выгляд са Школьнага двара ў бок вуліцы Школьнай. Злева школа “Шабакруім”. Фота пачатка ХХ ст.

Выгляд на школу “Шабакруім”. Фота 1927 года.

Малітоўная школа “Бесс-Гамедраш” галоўным фасадам выходзіла на Няміжскую вуліцу. Гэтая школа таксама была пабудавана ў XVIII стагоддзі і значна перабудавана пасля пажару 1881 года.  Будынак “Талмуд-Торы”  згадваецца ў шэрагу дакументаў, пачынаючы з 1803 года.  Так званая малітоўная школа  Віленкінай знаходзілася ў асобным двухпавярховым будынку.  Акрамя таго, да “Старой вялікай сінагогі” была прыпісана так званая “Сінагога старых”, вядомая яшчэ як школа “Хейнен Далеш”, і іншыя будынкі.       

Найбольш блізкай па сваім архітэктурным рашэнні да Мінскай сінагогі з’яўляецца Нясвіжская Вялікая сінагога.

У 1589 годзе дазвол на яе будаўніцтва даў князь М. Радзівіл. Лічыцца, што муры гэтай яўрэйскай бажніцы былі ўзведзены ў канцы XVI — пачатку XVII стагоддзяў.

Вялікая сінагога ў Нясвіжы. Фота “Віртуальныя мястэчкі”( Virtual Shtetl)

 

Мінская халодная сінагога. Фота пачатку ХХ ст.

           У 1920-я гады комплекс будынкаў галоўнай Мінскай сінагогі канца XVI — пачатку XVII стагоддзяў быў абследаваны спецыялістамі Інстытута Беларускай Культуры. У выніку гэтага ён быў у 1926 годзе ўпершыню прыняты пад дзяржаўную ахову як помнік архітэктуры.  Нягледзячы на гэта, ў 1928 годзе будынак XVIII стагоддзя, што належаў яўрэйскаму брацтву “Шабакруім” і знаходзіўся на рагу Няміжскай і Школьнай вуліц, быў разбураны.

Вуліца Школьная і Няміга. Фота сярэдзіны ХХ ст.

У гады Другой сусветнай вайны будынак галоўнай Мінскай сінагогі канца XVI — пачатку XVII стагоддзяў не быў пашкоджаны.

 

Здымак на вуліцу Школьная і Няміга з самалёта. 1940-я гады

Здымак падчас пабудову гмаху праектнага інстытута. 1960-я гады.

Мастак М.В. Данцыг. Мой горад…1972 г. НММ РБ

У 1965 годзе гэты помнік гісторыі і архітэктуры быў разбураны ў час рэканструкцыі вуліцы Няміга. У XXI стагоддзі, нягледзячы на тое, што мураваныя падземныя канструкцыі будынка галоўнай Мінскай сінагогі мелі статус помніка археалогіі, большая іх частка была знішчана, нават без правядзення адпаведных археалагічных даследаванняў, падчас будаўніцтва на іх месцы новага шматузроўневага гаража-стаянкі.