МІНСКІ АРХІКАФЕДРАЛЬНЫ КАСЦЕЛ ІМЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ
Назад
МІНСКІ АРХІКАФЕДРАЛЬНЫ КАСЦЕЛ ІМЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА АНСАМБЛЯ МІНСКАГА КАЛЕГІУМА ЕЗУІТАЎ

 

МІНСКІ АРХІКАФЕДРАЛЬНЫ КАСЦЕЛ

ІМЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ

 

Мінскі езуіцкі калегіум. З альбома архітэктара Фёдара (Тэадора) Крамера. Канец XVIII cт

 

Місія езуітаў была заснавана ў Мінску ў 1654 годзе, дзякуючы фундацыі смаленскага біскупа Гераніма Сангушкі. У 1682 годзе яе падтрымаў трокскі ваявода Цыпрыян Бжастоўскі, які запісаў на калегіум  50 тысяч злотых. Адначасова канцлер ВКЛ Марцыян Агінскі разам з жонкай Ізабелай з Глябовічаў ахвяраваў яшчэ 50 тысяч злотых. Мінская місія ў 1686 годзе была пераўтворана ў рэзідэнцыю, якая ў сваю чаргу ў 1714 годзе атрымала статус калегіі.

У другой палове XVII стагоддзя езуіты пабудавалі невялікі мураваны касцёл.

У першай палове XVIII стагоддзя ў Мінску паўстаў у стылі барока велічны ансамбль калегіума езуітаў, які фактычна завяршыў фарміраванне архітэктурнага комплексу галоўнай рыначнай плошчы горада. Цэнтральнае месца ў ансамблі займаў касцёл Езуса, Марыі і Святой Барбары. Праект гэтай святыні быў распрацаваны ў Рыме ў 1699 годзе. Падмуркі новага касцёла езуітаў былі ўрачыста закладзены ў 1700 годзе. 24 красавіка таго ж года супрыёр езуітаў Антоній Бжастоўскі асвяціў вуглавы камень новай святыні, а 16 красавіка 1710 года святыню кансекраваў віленскі біскуп Канстанцін Казімір Бжастоўскі.

Канстанцін Казімір Бжастоўскі (1644-1722), віленскі біскуп  1687 1722

 

Касцёльныя вежы былі закончаны толькі ў 1730 годзе. На адной з вежаў быў усталяваны гадзіннік, прывезены з Данцыга.

Касцёл езуітаў уяўляў сабой трохнефавую шасціслуповую базіліку. Абапал апсіды ў бакавых нефах знаходзіліся дзве капліцы. Будаўніцтва першай капліцы — Святой Тройцы — было скончана ў 1708 годзе. Дзякуючы фундацыі менскага старасты  Крыштафа Завішы, ў 1722 годзе была пабудавана яшчэ адна капліца, куды перанесена рэліквія Святога Феліцыяна, якую Завіша атрымаў у 1700 годзе ад папы Кліменція XI.

Д.Бубноўскі, Ул. Дзянісаў. Рэканструкцыя ансамбля езуітаў

Сітуацыйны план размяшчэння будынка касцёла (А) і капліцы Св.Феліцыяна (Б).

Крыштаф Станіслаў Завіша (1660-1721), стараста менскі з 1685.

Гравюра Ю. Барташэвіча, 1862

 

Галоўны двухвежавы фасад храма выходзіў на плошчу. У глыбокіх паўцыркульных нішах вежаў стаялі драўляныя скульптуры Святых Пятра і Паўла, у цэнтральным франтоне — Марыі з дзіцем. На вежах былі ўстаноўлены чатыры званы — Казімір, Тадэвуш, Феліцыян і Якуб. Інтэр’ер святыні, перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, быў багата аздоблены фрэскавым жывапісам. У 1753 годзе быў падрыхтаваны праект новага галоўнага алтара. У галоўным алтары знаходзіліся драўляныя скульптуры 12 апосталаў.

У 1773 годзе калегіум езуітаў быў ліквідаваны, касцёл ператвораны ў парафіяльны. Паводле трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Мінск у 1793 годзе трапіў у склад Расійскай імперыі. У 1793 годзе ён становіцца цэнтрам новаўтворанай Мінскай губерні.

 

План Мінска 1793 год

 

У 1798 годзе ў яе межах была створана Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Першы мінскі біскуп Якуб Дадэрка адразу разгарнуў актыўную дзейнасць па стварэнні новай дыяцэзіі. Дзякуючы яго намаганням былы касцёл езуітаў стаў кафедральным.

Якуб Ігнацы Дадэрка 1753-1829). Менскі біскуп (17981816)

Інскрыпцыя біскупа Якуба Дадэркі ў капліцы Святога Феліцыяна.

                                                  

Будынак гэтай святыні, які моцна пацярпеў у 1796 годзе ў час пажару, быў цалкам адноўлены і рэканструяваны ў 1798—1800 гадах. Архітэктурны праект па аднаўленні  святыні падрыхтаваў мінскі губернскі архітэктар Тэадор Крамер.

Менск Высокі рынак Малюнак Наполеона Орды.

Фасад касцёла. З альбома архітэктара Фёдара (Тэадора) Крамера. Канец ХVIII ст

План касцела.

 

Адначасова на замову біскупа мінскі мастак Казімір Анташэўскі аздобіў новымі паліхромнымі роспісамі інтэр’еры кафедральнага касцёла. Ёсць падставы меркаваць, што Дадэрка асабіста кіраваў работамі па аздабленні святыні.

У 1853—1854 гадах пад кіраўніцтвам мінскага губернскага архітэктара Казіміра Хршчановіча былі выканана грунтоўная праца па рамонту і рэканструкцыі святыні, якая ў першую чаргу датычылася інтэр’ераў касцёла.

У 1869 годзе Мінская дыяцэзія была скасавана і касцёл апынуўся ў рангу парафіяльных. У лістападзе 1917 года дзейнасць Мінскай дыяцэзіі была адноўлена, біскупам быў прызначаны ксёндз Зыгмунт Лазінскі.

 

Зі́гмунд (Зыгмунт) Лазі́нскі (1870-1932), , біскуп мінскі (19181925)

 

Архіўныя здымкі пачатка ХХ ст

 

У 1934 годзе мінскі кафедральны касцёл быў зачынены. У перадваенныя гады савецкая ўлада выкарыстоўвала касцёл пад складскія памяшканні.

Архіўныя здымкі інтэр’ера святыні. Фота 1914 года

 

Падчас Другой сусветнай вайны нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі аднавіць набажэнствы ў касцёле, але ў 1947 годзе храм зноў быў зачынены i перададзены пад дом фiзкультуры.

Не гледзячы на тое, што яшчэ ў 1926 годзе мінскі кафедральны касцёл быў прыняты пад дзяржаўную ахову як помнік архітэктуры, у 1951 годзе паводле праекта архітэктара Мікалая Драздова будынак былога касцёла быў перабудаваны пад спартыўны комплекс таварыства «Спартак». Падчас гэтай рэканструкцыі былі разабраны верхнія ярусы вежаў, цалкам перароблены інтэр’еры, якія былі падзелены на некалькі паверхаў, а да галоўнага фасада прыбудаваны новы аб’ём.

   

 

Выгляд на апсіду святыні. Фота пачатку ХХст.

 

На пачатку 1990-х гадоў былы мінскі кафедральны касцёл быў паступова перададзены вернікам. Спачатку набажэнствы праходзілі толькі на трэцім паверсе спартыўнага комплексу.  9 снежня 1993 года паводле пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь будынак былога кафедральнага касцёла быў цалкам вернуты католiкам. З 16 жнiўня 1994 года да 16 кастрычнiка 1997 года праводзіліся рэстаўрацыйныя работы.

21 кастрычніка 1997 года мінскі архікафедральны касцёл імя Найсвяцейшай Панны Марыі быў урачыста асвечаны.