МАЛЫ ГАСЦІНЫ ДВОР І ВУЛІЦА КАЗЬМАДЗЯМ’ЯНАЎСКАЯ
МАЛЫ ГАСЦІНЫ ДВОР І ВУЛІЦА КАЗЬМАДЗЯМ’ЯНАЎСКАЯ

МАЛЫ ГАСЦІНЫ ДВОР

І ВУЛІЦА КАЗЬМАДЗЯМ'ЯНАЎСКАЯ

MINOR GUEST HOUSE AND VULICA KAŽMADZIAMJANAŮSKAJA 

                         

 

Мінск. Казьмадзям'янаўская вуліца. Фота 1918 года.

        

         Тэрыторыя  Старога альбо Нізкага рынку пачала  фарміравацца  паводле  археалагічных даследаванняў ужо ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях. У  XV-XVI ст.  У паўднёвым  накірунку ад замка  стыхійна ўтварыўся рынак, а таксама  пачаў  забудоўвацца  неўмацаваны гарадскі пасад. Паступова побач з  рынкам на тэрыторыі  пасада  пачалося  фарміраванне  некалькіх гарадскіх кварталаў. Іх канфігурацыя была абумоўлена дарогамі, якія праходзілі па гэтай тэрыторыі.

 

         У XVI-пачатку XVII стагоддзяў канчаткова сфарміравалася планіровачная структура кварталаў, якія непасрэдна  выходзілі на рыначную плошчу.  Адзін з гэтых  кварталаў меў трохвугольную  форму, і яго тэрыторыя была абмежавана вуліцамі, якія ў другой палове XVI - першай палове  XVII стагоддзяў  атрымалі назвы - Казьмадзям'янаўская, Зыбіцкая і Бернардзінская. Менавіта на тэрыторыі гэтага квартала знаходзіўся   адзін з  самых  старажытных  у Мінску Казьмадзям'янаўскі праваслаўны манастыр.

  

Забудова квартала Казьмадзям'янаўскай вуліцы.

Выгляд з боку Траецкага прадмесця. Фота пачатак ХХ ст

 

 Куток Саборнай плошчы з відам на Малы гасціны двор. Фота 1915 года

         

         Першыя  звесткі  ў  пісьмовых  крыніцах  пра «царкву і манастыр святых бяссрэбранікаў Казьмы і  Дзям'яна» сустракаюцца ў XVI стагоддзі.  Гэты манастыр  знаходзіўся  на правым  беразе ракі  Свіслач на ўзвышэнні паміж плошчай Старога альбо Нізкага рынку і  будучым  Новым альбо  Высокім рынкам. У найбольш ранніх дакументах уся тэрыторыя, на якой знаходзіўся манастыр, мела назву Казьмадзям'янаўская  гара.  Такую ж назву атрымала і вуліца, якая ў другой палове XVI -пачатку XVII стагоддзя злучыла Стары рынак з Новым рынкам.

        Пра гэты манастыр вядома вельмі мала. У канцы XVI стагоддзя пры манастыры існавала школа.У пачатку XVII стагоддзя  Казьмадзям'янаўскі  манастыр  стаў уніяцкім.У  візіце  Мінскага  Святадухаўскага  манастыра  базыльян  за 1784 год  паведамляецца, што на месцы Казьмадзям'янаўскага манастыра былі пабудаваны  касцёл,  ляштар і шпіталь баніфратраў, а яшчэ частку яго  тэрыторыі заняў  Мінскі кляштар бернардзінак. 

         У  1633 годзе  на рагу  Казьмадзям'янаўскай вуліцы і Новага (Высокага) рынку быў заснаваны кляштар бернардзінак, першым фундатарам якога з'яўляўся трокскі ваявода Аляксандр Слушка. Дзякуючы яго намаганням, былі ўзведзены  першыя драўляныя будынкі касцёла і кляштара. У 1642 годзе паводле  ініцыятывы  Аляксандра Слушкі пачалося будаўніцтва новага мураванага касцёла і кляштара.

         Пасля пажару 1741 года ўвесь комплекс кляштара быў грунтоўна рэканструяваны ў стылі барока. У XVIII-першай палове XIXстагоддзя  на тэрыторыі кляштара знаходзіўся комплекс гаспадарчых пабудоў, у тым ліку мураваная двухпавярховая афіцына на рагу Бернардзінскай і Зыбіцкай вуліц.

 

План кляштара бернардынак 1869 года

 

         Пасля 1863 года Мінскі кляштар  бернардзінак быў зачынены, а ў 1870 годзе яго будынкі перададзены Мінскаму  праваслаўнаму  Свята-Духаваму мужчынскаму манастыру.

          На тэрыторыі Новага  (Высокага)  рынку насупраць Казьмадзям'янаўскай вуліцы ў  канцы XVI - пачатку  XVII стагоддзяў  пачаў  фарміравацца  невялікі  жылы квартал, які   пазначаны  на плане  Мінска 1793 года. У  1797 годзе архітэктарам Фёдарм Крамерам  быў распрацаваны  першы  перспектыўны  план развіцця Мінска як  губернскага горада.  Згодна плану на плошчы быў узведзены цэлы  шэраг новых жылых і грамадскіх  будынкаў,  былі рэканструяваны гарадская ратуша, гасціны двор і іншыя збудаванні.

 

Частка гарадскога плану 1801 года

 

         Паводле гэтага плана быў узведзены новы комплекс мураваных дамоў  на  месцы старой  забудовы ў квартале  побач з  Казьмадзям'янаўскай вуліцай і  бернардзінскімі  кляштарамі.  Новы комплекс  цалкам паўтараў канфігурацыю старажытнага  квартала XVII-XVIII стагоддзяў і складаўся з трох мураваных двух-трохпавярховых дамоў.  Фасады будынкаў, якія выходзілі да гасцінага  двара,  упрыгожвалі  трохкутныя франтоны.

Малы Гасціны двор. Фасад. План.

 

          З захаду будынкі агінала галерэя, у якой знаходзіліся  розныя лаўкі. Увесь  першы  паверх  займалі крамы, а на верхніх паверхах былі жылыя пакоі. У   пачатку ХІХ ст. гэтыя будынкі належылі найбольш паважаным жыхарам горада, напрыклад,  уладальнікам  дома,  які знаходзіўся  ў цэнтры квартала, быў мінскі бурмістр Ян Байкоў.

         У   ХІХ стагоддзі комплекс сучасных дамоў 19-21 на плошчы Свабоды атрымаў  неафіцыйную назву Другога альбо Малога гасцінага двара.У 1835 годзе ен моцна  пацярпеў падчас вялікага гарадскога пажару, але хутка быў адноўлены.Беларускаму этнографу Паўлу Шпілеўскаму, які апісваў Мінск ХІХ стагоддзя, асабліва падабаліся размешчаныя ў  Малым гасціным двары крамы, дзе гандлявалі гарбатай.

Конка на Манастырскай вуліцы. Фота ХІХ ст

 

Раён перасячэння вуліцы Дзям'яна Беднага( былаяКазьмадзям'янаўская) Трамвайная лінія. Фота сярэдзіны ХХ ст

 

         Казьмадзям'янаўская вуліца была вельмі маляўнічай   накшталт сярэднявечных вулачак эўрапейскіх гарадоў - вузкая, цёмная, скрыўленая, брукаваная, яна стромка ўздымалася ўгару. За вялікую колькасць крамаў,  што  туліліся на  шчыльна забудаванай вуліцы, яна атрымала народную назву «Цёмныя крамы».

 

Мінск, Цёмныя Крамы (Фота 1930)

 

        

         Апошнія будынкі колішніх «Цёмных Крамаў» і комплекса Малога гасціннага двара былі знесены ў сувязі з  будаўніцтвам станцыі мінскага метро і наступнымі работамі па добраўпарадкаванню плошчы.

 

Свята-Духаўскі сабор і Малы гасціны двор. Фота 1941 года

 

Пачатак вуліцы Дзям'яна Беднага (былая Казьмадзям'янаўская)

Фота 1950-х гадоў

 

Будынкі былога гасцінага двара. Фота сярэдзіны ХХ ст

 

Менск.  Куток Казьмадзям'янаўскі. Мастак М. Філіповіч 1924 год