МІНСКАЯ РАТУША
МІНСКАЯ РАТУША

МІНСКАЯ РАТУША

MINSK  CITY HALL

 

 

Фасад будынка ратушы. Графічная фіксацыя 1835 год

 

 

     Пра неабходнасць будаўніцтва ратушы ў Мbнску гаворыцца ў Вялікакняжацкім прывілеі 1499 г., калі горад паводле Магдэбургскага права атрымаў самакіраванне. У прывілеі згадваецца, што гараджане «...на местъцу годномъ мають справити ратуш, под которымъ будуть мети крамницу и клетки хлебные и комору пострыгальную...».

Хутчэй за ўсё першы драўляны будынак Мbнскай ратушы быў пабудаваны ў пачатку 16 стагоддзя на вялікай рыначнай плошчы, якая знаходзілася на Траецкай гары.

 

              

 

Траецкая Гара на карце Мінска 1797 года

Так выглядаў герб Менска 1591-1790-х гадоў на пячатцы магістрата.

    

У прывілеях 1555 і 1569 гадоў зноў нагадваецца пра неабходнасць будаўніцтва ратушы ў Мbнску. Аб тым, што яна была пабудавана сведчаць розныя пісьмовыя крыніцы XVI стагоддзя, а ў адным з дакументаў за 1582 год ёсць нават звесткі, што ў падвалах ратушы знаходзілася гарадская турма.

             У канцы XVI стагоддзя паўстала пытанне аб будаўніцтве будынка ратушы на новай рыначнай плошчы, ансамбль якой пачаў фарміравацца на тэрыторыі сучаснага Верхняга горада. У 1591 годзе горад атрымаў шэраг ільгот на «...ратуш, которы они тепер збудовати хочуть...». Мураваны будынак ратушы пачалі ўзводзіць у канцы XVI стагоддзя на пустым месцы, дзе раней не было ніякіх пабудоў. Пачынаючы з 1598 года гэты ратушны будынак ужо згадваецца ў пісьмовых крыніцах. Цалкам будаўніцтва новай ратушы ў цэнтры плошчы Высокага рынку было скончана да 1600 года. Адначасова на яе вежы быў усталяваны першы гарадскі гадзіннік.

        Вядома, што гэты будынак ў 1640 годзе моцна пацярпеў, калі «згарэў рынак з крамамі і ратуша». Ратуша была пашкоджана і ў вайну Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654-1657 гадоў. Маскоўскі ваявода Васіль Якаўлеў у адным з сваіх данясенняў у 1656 годзе называў будынак Мінскай ратушы «літоўскай судзебнай ізбой, у якой была турма», і што ратуша «добре велика, каменная».

       Адноўлены пасля вайны ў другой палове XVII стагоддзя будынак ратушы меў даволі выразнае архітэктурнае аблічча. Чэшскі падарожнік Бернгард Танер, які ў 1678 годзе наведаў Мінск, пісаў: «Галоўнае ўпрыгожанне плошчы - ратуша, што стаіць у цэнтры, акружаная мноствам крам». У XVIIІ стагоддзі будынак прыйшоў у заняпад, але ў 1744 годзе намаганнямі і пад кіраўніцтвам менскага войта Станіслава Буржынскага ён быў зноў адноўлены.

         У шматлікіх дакументах XVIIІ стагоддзя ёсць згадкі пра ратушны будынак у Менску. Ён адыгрываў значную ролю не толькі ў палітычным і эканамічным жыцці горада, але таксама меў і культурнае значэнне. Тут ладзіліся розныя імпрэзы, выступленні аркестраў і тэатральных труп.  Паводле «Тапаграфічнага апісання Менскай губерні 1795 года» у Мінску існавала «каменная ратуша і пры ёй партыкулярная аптэка».

          У канцы XVIIІ стагоддзя гарадскія ўлады пачалі падрыхтоўку да новай рэканструкцыі гарадской ратушы. Праект перабудовы ў стылі класіцызму быў распрацаваны мінскім губернскім архітэктарам Фёдарам Крамерам, які быў зацверджаны ў студзені 1798 года. Нагляд за будаўніцтвам быў даручаны мінскаму бурмістру К. Янкоўскаму. Работы па рэканструкцыі будынка ратушы скончыліся да 1800 года. У адноўленым будынку размясцілася гарадская дума, магістрат і іншыя гарадскія ўстановы.

 

 

                  З альбома праекта Мінскай ратушы 1835 год

 

 

 

З альбома праекта Мінскай ратушы 1835 год

    

 

Высокая плошча. Акварэль І. Пешкі. Пачатак ХІХ ст.

 

    

 

Менск. Плошча перад ратушай. Гравюра XVIII ст

 

         Наступная рэканструкцыя ратушы адбылася ў 1819 годзе, калі да яе паўднёва-усходняга фасаду была прыбудавана арыгінальная мураваная агароджа, упрыгожаная ляпным дэкорам і жывапіснымі кампазіцыямі. На месцы старых прыбудоў, што займалі амаль цэлы квартал за ратушай, быў разбіты невялікі рэгулярны сквер, які хутка стаў любімым месцам адпачынку гараджан.

 

          

 

З альбома праекта Мінскай ратушы 1835 год

        

         У першай палове ХІХ стагоддзя Мінская ратуша ператварылася ў своеасаблівы гарадскі культурны цэнтр.

         У 30-я гады ХІХ стагоддзя ў будынку была змешчана музычная школа, якой кіраваў вядомы мінскі музыкант педагог Вікенцій Стэфановіч Па нядзелях і ў святочныя дні на галерэі другога паверха ратушы адбываліся выступленні гарадскога аркестра. У 1847 годзе парадная зала ратушы была рэканструявана пад гарадскі тэатр, яго інтэр'ер быў аздоблены роспісамі мінскага мастака Яна Кураткевіча.

                      

 

 

         У 1851 годзе было прынята рашэнне аб зносе ратушы, якое ўласнаручна падпісаў Мікалай I. Як згадвалі сучаснікі, будынак Мінскай ратушы быў знішчаны, таму што «ён сваім існаваннем нагадваў жыхарам аб старажытных звычаях, аб Магдэбургскім праве...». Канчаткова будынак ратушы быў разабраны толькі ў 1858 годзе перад прыездам у Мінск цара Аляксндра II. Адначасова быў зруйнаваны і рэгулярны сквер, які знаходзіўся побач з ратушай. На яго месцы быў забрукаваны пляц, дзе пачалі праводзіць агляды мінскага гарнізона.

 

              

 

        У   1998 годзе праводзіліся грунтоўныя археалалагічныя даследаванні (кіраўнік В. Собаль). Высветлілася, што  будынак  ратушы пачалі будаваць на парожнім месцы, дзе раней адсутнічала забудова. Сцены  будынка  ўзводзілі ў  тэхніцы мяшанай муроўкі (вялікапамерная цэгла-пальчатка разам з каменнем).

         Будынак Мінскай ратушы быў адноўлены ў 2002-2004 гадах. Аўтар праекту рэканструкцыі архітэктар С.Г.Багласаў/