МІНСКІ ПАЛАЦ ПШАЗДЗЕЦКІХ
Назад
МІНСКІ ПАЛАЦ ПШАЗДЗЕЦКІХ

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА XVIII СТАГОДДЗЯ

МІНСКІ ПАЛАЦ ПШАЗДЗЕЦКІХ

 

Мінскі палац Пшаздзецкіх. Графічная рэканструкцыя Уладзімера Ракіцкага. 2011-12 г.г.

 

Упершыню мінская рэзідэнцыя Пшаздзецкіх згадваецца ў пісьмовых крыніцах, пачынаючы з XVIII стагоддзя. У прыватнасці, у дакуменце за 1775 год ідзе гаворка пра “палац яснавельможнага пана Пшаздзецкага, падканцлера Вялікага Княства Літоўскага”, які знаходзіўся на Высокім Рынку. 2 лютага 1799 года граф Міхал Пшаздзецкі гэты палац разам з іншымі мураванымі і драўлянымі будынкамі прадаў за 40 тысяч польскіх злотых Андрэю і Ганне Станкевічам.

 

Упершыню выява гэтага сядзібнага комплексу пазначана на плане Мінска 1793 года.

 

Паводле гэтых матэрыялаў галоўны будынак сядзібы — палац Пшаздзецкіх — быў прамавугольны ў плане і знаходзіўся ў глыбіні ўчастка. Дзве Г-падобных у плане афіцыны стваралі перад галоўным фасадам палаца парадных двор — курданёр. Збоку галоўнай плошчы горада знаходзілася мураваная агароджа з брамай.

Паводле інвентара 1816 года невялікі двухпавярховы палац, пабудаваны ў стылі барока, меў анфіладную планіроўку. На першым паверсе, які быў перакрыты скляпеннямі, былі ў асноўным службовыя і гаспадарчыя памяшканні. На другім паверсе — жылыя пакоі і вялікая зала. Акрамя таго, у інвентары былі падрабязна апісаны і другія пабудовы сядзібы. Гэта вялікая афіцына, якая знаходзілася на рагу Высокага Рынка і Койданаўскай вуліцы, а таксама яшчэ адна афіцына, што выходзіла ў бок Школьнай вуліцы. За палацам знаходзіўся комплекс гаспадарчых будынкаў. Гэта дзве мураваныя стайні, тры мураваныя хлявы, а таксама шэраг драўляных гаспадарчых пабудоў. Галаўныя будынкі сядзібы былі накрыты дахоўкай.

У 1826 годзе сядзіба была выкуплена ў нашчадкаў Андрэя Станкевіча сакратаром мінскага дваранскага сходу Юрыем Кабылінскім. Кабылінскі быў неардынарнай асобай: ён збіраў старажытнасці, творы мастацтва, старадаўнія кнігі і рукапісы, цікавіўся археалогіяй, займаўся жывапісам, а таксама рэстаўрацыяй старажытных твораў мастацтва. У сваёй сядзібе ён стварыў першы гарадскі прыватны музей, сярод экспанатаў якога, як згадвалі сучаснікі, была нават сапраўдная карта Хрыстафора Калумба. Тут захоўвалася вялікая калекцыя твораў мастацтва, старажытныя выданні і рукапісы. У яго калекцыі было шмат археалагічных матэрыялаў, знойдзеных падчас раскопак у Мінску і яго ваколіцах. Сучаснікі высока ацэньвалі яго нумізматычныя зборы.

                     

Старонка Статута ВКЛ

 Сярод кніг і рукапісаў захоўваўся экземпляр Статута Вялікага Княства Літоўскага.                                              

 У доме Кабылінскага збіраліся пісьменнікі, мастакі, музыканты і артысты. З Кабылінскім сябраваў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, які нават прысвяціў яму радкі ў паэме “Вечарніцы”.

 

Вечарніцы (В. Дунін-Марцінкевіч)

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

В.Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай у групе інтэлігенцыі горада Мінска

 

Ян Дамель 1780-1840. Аўтапартрэт

 

У доме  Кабылінскага доўгі час жыў і працаваў мастак Ян Дамель, дзе і памёр у 1840 годзе.

Пасля смерці Кабылінскага найбольш каштоўныя экспанаты з яго калекцый трапілі ў Віленскі музей старажытнасцей.        

У сярэдзіне XIX стагоддзя комплекс будынкаў былой мінскай сядзібы Пшаздзецкіх быў рэканструяваны. У выніку гэтай рэканструкцыі ў былым палацы  быў перароблены дах і накрыты жалезам, а таксама  часткова зменены галоўны фасад, на якім з’явіўся балкон. Пасля гэтага тут была змешчана канцылярыя Мінскага губернскага дваранскага дэпутацкага сходу.

У 1851 годзе ўсе будынкі сядзібы былі выкуплены ў Юря Кабылінскага купцом Леапольдам Дэльпацэ, які шмат гадоў займаў пасаду мінскага гарадскога галавы.

Куток Верхняга рынку. Малюнак

 

У 1872 годзе комплекс будынкаў былой рэзідэнцыі Пшаздзецкіх у Мінску быў набыты мінскім духоўным вучылішчам, палац пераабсталяваны пад класныя пакоі для заняткаў. Тут таксама знаходзілася кватэра наглядчыка вучылішча і яшчэ некалькі пакояў, дзе жылі выхаванцы. Комплекс будынкаў былой рэзідэнцыі Пшаздзецкіх моцна пацярпеў падчас вялікага пажару 1881 года. Пасля яго ўсе мураваныя будынкі былі адноўлены. На першым паверсе былога палаца былі разбураны мураваныя скляпенні, а на іх месцы зроблена драўляная столь.

Высокі Рынак-Койданаўская. Духоўнае вучылішча(1903)

 

Мінскае духоўнае вучылішча знаходзілася ў памяшканнях былой сядзібы да 1918 года. Летам 1918 года ўсе памяшканні вучылішча былі заняты германскімі акупацыйнымі войскамі.

Пасля 1920 года тут змяшчаліся розныя дзяржаўныя ўстановы.

Аэраздымак былой сядзібы Пшаздзецкіх у Мінску. Фота сярэдзіны ХХ ст

У гады Другой сусветнай вайны комплекс будынкаў былой мінскай рэзідэнцыі Пшаздзецкіх не пацярпеў. Пачынаючы з 1944 года і да канца XX стагоддзя, тут знаходзіўся Мінскі абласны вайсковы камісарыят.

Мінскі палац Пшаздзецкіх. Графічная рэканструкцыя Уладзімера Ракіцкага. 2011-12 г.г.

 

 Мінскі палац Пшаздзецкіх. Графічная рэканструкцыя Уладзімера Ракіцкага. 2011-12 г.г.

Кансервацыя захаваных фрагментаў насценнага роспісу

ў залях палаца. 2011-2012 гады.

Пасля правядзення рэстаўрацыйных работ былы палац Пшаздзецкіх XVIII стагоддзя быў перададзены музею гісторыі Мінска.

У 2012 годзе пасля рэстаўрацыі былога палаца XVIII стагоддзя ў ім адкрыта мастацкая галерэя народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага.

Народны мастак Беларусі Міхаіл Андрэявіч Савіцкій за працай.