ВУЛІЦА ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ ДОМ 4-6 ДОМ МОЎШЫ БРОНІ
Назад
ВУЛІЦА ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ ДОМ 4-6 ДОМ МОЎШЫ БРОНІ

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ХІХ СТАГОДДЗЯ

 ВУЛІЦА ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ ДОМ 4-6

ДОМ МОЎШЫ БРОНІ

 

Графічная рэканструкцыя дамоў Моўшы Броні паводле чарцяжа 1891 года.

 ТДА “Басталія” 2017 г.

     

Гэта частка сучаснай вуліцы Інтэрнацыянальная  першапачаткова мела назву Зборавая, па адбудаванаму тут у XVI стагоддзі кальвінскаму збору,  пры падтрымцы Мікалая Радзівіла (Чорнага).  Да 1830-х гадоў вуліца ўпіралася ў земляны гарадскі вал, які праходзіў па кірунку сучаснай  вуліцы Раманаўская  Слабада.

Фрагмент Плана Мінска. Канец ХVIII ст

 

У 1866-м годзе пасля падаўлення  паўстання 1863-1864 гадоў   вуліца атрымала назву Турэмная, так як яна мела накірунак у бок турмы, а ў 1882 годзе была перайменавана ў Праабражэнскую, у гонар Прэабражэнскага манастыра  (колішняга кляштара бенедыкцінак і касцёла Святога Войцеха).           

Фрагмент плана Мінска.1910 год

 

У савецкі час дзве вуліцы адной лініі - былую Валоцкую і Зборавую аб’ядналі у адну вуліцу і ў 1919 годзе надалі ёй назву Інтэрнацыянальная.

У канцы ХІХ стагоддзя вуліца была брукаванай, мела тратуары і вячэрняе асвятленне.  Забудоўваць яе можна было толькі каменнымі дамамі. Частка Інтэрнацыянальнай ад сучаснага Гарадскога Валу да сучаснай вуліцы Леніна з'яўляецца адной з самых старых вуліц Мінска.

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы вуліцы Праабражэнскай існавала драўляная забудова, якая была знішчана падчас вялікага пажару 1881 года.

Адразу пасля пажару мінскі мешчанін Моўша Бронь звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на пабудову на месцы знішчаных драўляных будынкаў аднапавярховага мураванага жылога дома. У 1881 годзе яго будаўніцтва было скончана.

Гэта быў аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з высокім цокальным паверхам, накрыты двухсхільным дахам, які галоўным фасадам выходзіў на Праабражэнскую вуліцу.

У 1891 годзе Моўша Бронь зноў звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на будаўніцтва яшчэ аднаго дома побач з існуючым. Паводле праекта гэта быў двухпавярховы будынак, накрыты двухсхільным дахам, план якога абумоўлены канфігурацыяй зямельнага пляца. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на два ярусы прафіляванай цягай. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных і лучковых аконных праёмаў. У цэнтры другога паверха быў зроблены балкон, аздоблены каванай агароджай.

Чарцеж фасадаў дамоў Мойшы Броня. 1891 год

 

У пачатку XX стагоддзя ў аднапавярховага жылога дома быў надбудаваны другі паверх. Адначасова з боку двара вугал будынка быў узмоцнены контрфорсамі, а да паўночна-ўсходняга фасада прыбудавана знешняя лесвіца, якая вяла на другі паверх.

 

Выгляд дома з боку двара. Фота канец ХХ ст.

 

Гэтыя два будынкі выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры. Акрамя таго, на тэрыторыі пляца знаходзіліся мураваны флігель і гаспадарчыя пабудовы.

Фасады дамоў №4 і №6 . Чарцяжы 71970-х гадоў

 

Пасля 1920 года былыя дамы Броня нацыяналізаваны і да 1941 года выкарыстоўваліся пад камунальныя кватэры.

У гады Другой сусветнай вайны будынкі не пацярпелі і ў асноўным захавалі архітэктурны выгляд пачатку XX стагоддзя.

        

Перакрыжаванне сучаснай вуліцы Гарадскі вал і Інтэрнацыянальная.

Фота сярэдзіны ХХ стагоддзя. Дамы №4 і №6 у цэнтры здымка.

 

Падчас рамонту дэкаратыўная каваная агароджа канца XIX стагоддзя была заменена на сучасную. Да канца XX стагоддзя гэтыя будынкі выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры.