ШКОЛА ЕЗУІТАЎ (ДОМ ГУБЕРНАТАРА)
Назад
ШКОЛА ЕЗУІТАЎ (ДОМ ГУБЕРНАТАРА)

ЗАБУДОВА АНСАМБЛЯ МІНСКАГА КАЛЕГІУМА ЕЗУІТАЎ

ШКОЛА ЕЗУІТАЎ (ДОМ ГУБЕРНАТАРА)

 

           

Мінскі езуіцкі калегіум.

З альбома архітэктара Фёдара (Тэадора) Крамера. Канец XVIII cт

 

Мінскі дом губернатара.

З альбома архітэктара Фёдара (Тэадора) Крамера. Канец XVIII cт

 

Місія езуітаў была заснавана ў Мінску ў 1654 годзе. Менавіта тады смаленскі біскуп Геранім Сангушка набыў у мешчаніна Ягора Гегера вялікі мураваны палац, які стаяў на рагу Рынка і Койданаўскай вуліцы, дзе першапачаткова змясцілася місія. У 1682 годзе яе падтрымаў трокскі ваявода Цыпрыян Бжастоўскі, які запісаў на калегіум і школу 50 тысяч злотых. Адначасова канцлер ВКЛ Марцыян Агінскі разам з жонкай Ізабелай з Глябовічаў ахвяраваў езуітам яшчэ 50 тысяч. Мінская місія ў 1686 годзе была пераўтворана ў рэзідэнцыю, якая, ў сваю чаргу, у 1714 годзе атрымала статус калегіі.

У другой палове XVII стагоддзя побач са старым палацам езуіты пабудавалі невялікі мураваны касцёл. У 1699 годзе пачалося будаўніцтва новага мураванага будынка школы, які сваім галоўным фасадам выходзіў на галоўную плошчу горада. У XVII—XVIII стагоддзях гэтая школа лічылася лепшай у Мінску. Пачынаючы з 1682 года, тут выкладалі рыторыку, паэзію, сінтаксіс і граматыку. У XVIII стагоддзі курс навучання быў пашыраны, тут таксама выкладалі тэалогію, старажытнаяўрэйскую мову, этыку, матэматыку, фізіку, логіку і метафізіку. Захаваліся звесткі аб існаванні пры Мінскім калегіуме ў XVII—XVIII стагоддзях школьнага тэатра.

У час Паўночнай вайны 17001721 гадоў у будынку школы спыняліся цар Пётр I, украінскі гетман Іван Мазэпа, шведскі кароль Карл XII.

 

        

                   Расійскі цар ПетрІ                         Кароль Швецыі Карл ХІІ                   Гетман Украіны Іван Мазепа

 

У першай палове XVIII стагоддзя ў Мінску паўстаў у стылі барока велічны ансамбль калегіума езуітаў, які фактычна завяршыў фарміраванне архітэктурнага комплекса галоўнай рыначнай плошчы горада. Цэнтральнае месца ў ансамблі займаў касцёл Езуса, Марыі і Святой Барбары.

 

Дз.Бубноўскі, Ул. Дзянісаў. Рэканструкцыя калегіума езуітаў

 

Побач з касцёлам, у бок Койданаўскай вуліцы, знаходзіўся будынак калегіума, узведзены ў 1733—1750 гадах. Прамавугольны ў плане будынак школы прылягаў да касцёла з паўночнага ўсходу. На тэрыторыі двара знаходзіўся комплекс мураваных і драўляных гаспадарчых пабудоў.

Будынак школы быў значна рэканструяваны. У 1757 годзе ён атрымаў новы дах, а ў 1766 годзе пачалася нарыхтоўка матэрыялаў для грунтоўнай рэканструкцыі. Гэтыя працы доўжыліся амаль да 1773 года. Фактычна, будынак быў узведзены нанава. У цэнтры галоўнага фасада, які выходзіў на плошчу, з’явілася квадратная ў плане вежа, якая мела невялікі купал.

У 1773 годзе мінскі калегіум езуітаў быў ліквідаваны. Былая езуіцкая школа ў сувязі з рэформай адукацыі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай была пераўтворана ў свецкую шасцікласную школу, падначаленую Нацыянальнай адукацыйнай камісіі.

 

Фрагмент плана горада Мінска 1793 г.

                                                  

         Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі ў 1793 годзе Мінск увайшоў у склад Расійскай імперыі, было прынята рашэнне аб рэканструкцыі былой езуіцкай школы пад рэзідэнцыю мінскіх губернатараў.

         Праект прыстасавання і рэканструкцыі будынка быў распрацаваны мінскім губернскім архітэктарам Тэадорам Крамерам. Усе працы скончаны на мяжы  XVIII — пачатку ХІХ стагоддзяў.

Мінскі езуіцкі калегіум.

З альбома архітэктара Фёдара (Тэадора) Крамера. Канец XVIII cт

 

Падчас рэканструкцыі галоўны фасад Дома губернатара захаваў аблічча XVIIІ стагоддзя, але планіровачная структура будынка была грунтоўна  перароблена. Рэзідэнцыя мінскіх губернатараў знаходзілася ў будынку былой езуіцкай школы XVII—XVIII стагоддзяў да 1917 года.

 

Падчас вайны 1812 года тут спыняўся французскі маршал Луі Даву.

У 18211822 гадах у бібліятэцы Дома губернатара працаваў будучы дзекабрыст М. М. Мураўёў, які напісаў у Мінску першы варыянт сваёй канстытуцыі для будучай Расійскай дзяржавы, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Мінскі варыянт”

.

Мастак Сакалоў П.Ф. Партрэт Мікіты Міхайлавіча Мураўева. 1824

Малюнак плошчы Верхняга рынку.

 

У 1840-х гадах Дом губернатара быў грунтоўна рэканструяваны ў стылі класіцызму паводле праекта мінскага губернскага архітэктара Казіміра Хршчановіча. Падчас гэтай рэканструкцыі Дом губернатара страціў архітэктурны дэкор XVIII стагоддзя, а таксама  вежу з купалам.

Саборная плошча. 1918 год.

 

           

Саборная плошча пачатак ХХ ст

 

 Перад домам губернатара.1905 год

 

Менск. Кастрычнік 1905 года на плошчы перад домам губернатара

 

У гады Першай сусветнай вайны 1914—1918 гадоў значная частка памяшканняў мінскага Дома губернатара выкарыстоўвалася пад ваенны шпіталь, які ў 1914 годзе ўзначаліў старшы ўрач С. М. Урванцоў.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года пасада мінскага грамадзянскага губернатара была ліквідавана. 

 З 20 па 25 лютага 1918 года ў будынку былога Дома губернатара размяшчаўся Народны сакратарыят БНР на чале з Язэпам Варонкам. Тут была прынятая Першая Устаўная грамата БНР25 лютага 1918 года нямецкія акупацыйныя ўлады забралі будынак для сваіх патрэб.

Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны) 1988-1937

 Аўтар маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь,

з 1 студзеня 1919 па 3 лютага 1919 старшыня Часовага ўрада яе.

 

У студзені—лютым 1919 года ў былым Доме губернатара размяшчаўся Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі на чале са Зміцерам Жылуновічам (Цішка Гартны). Пачынаючы з 1920 і да 1933 гадоў, у гэтым будынку, які атрымаў назву Першы Дом Саветаў,  знаходзіліся  Цэнтральны Выканаўчы Камітэт і Савет Народных Камісараў БССР.

Мінск Высокі рынак 1918 год

У гады Другой сусветнай вайны будынак былога Дома губернатара не пацярпеў.

   

Мастак В.Волкаў. Вызваленне Мінска

 

Пачынаючы з другой паловы 1940-х гадоў, тут месцілася музычная школа. У 1968 годзе адбылася апошняя грунтоўная рэканструкцыя будынка  паводле праекта архітэктара I. Левіна, падчас якой быў цалкам страчаны гістарычны выгляд былога Дома губернатара XVIII—XIX стагоддзяў.

Цяпер у будынку месціцца Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.